Дзедзіч & Ко

Пра меркаваныя прычыны ліквідацыі АРР “Дзедзіч”

Па дадзеных некаторых тэлеграм-каналаў, ліквідацыя Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” адбылася з той прычыны, што арганізацыя нібыта заклікала да эканамічнага і палітычнага ціску на краіну, падпісалася пад зваротам аб увядзенні эканамічных санкцый.

З гэтай нагоды маем заявіць, што ні АРР “Дзедзіч” як арганізацыя, ні нашы актывісты асабіста ніколі не заклікалі да ўвядзення эканамічных і палітычных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь. Мы не падпісвалі ніякіх зваротаў да еўрапейскіх структур з заклікамі аб ўвядзенні санкцый. Фігураванне АРР “Дзедзіч” у якіх бы там ні было спісах падпісантаў любых палітычных заяваў і зваротаў не адпавядае рэчаіснасці. Больш за тое, падобныя звароты супярэчаць Статуту АРР “Дзедзіч”. Згодна з ім, наша арганізацыя мае на мэце “інфармацыйную і кансалтынгавую падтрымку рэгіянальных ініцыятыў у галіне культуры, адукацыі, інфармацыі”. Мы імкнемся спрыяць “усебаковаму сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму развіццю рэгіёнаў, папулярызацыі беларускай культуры”. Наша арганізацыя не ставіць перад сабой ніякіх палітычных мэтаў, не імкнецца быць суб’ектам міжнароднай палітыкі.

Мы не з’яўляемся прыхільнікамі любых санкцый – ці то супраць краіны, ці то супраць грамадзянскай супольнасці. На наш погляд, яны нясуць пагрозу ўстойліваму развіццю краіны, ды і ўласна дзяржаўнаму суверэнітэту Беларусі, ставячы яго ў залежнасць ад знешніх сіл. Мы заўсёды былі паслядоўнымі прыхільнікамі адкрытага грамадскага дыялогу ўнутры краіны, як найбольш эфектыўнага спосабу вырашэння актуальных пытанняў грамадска-палітычнага жыцця.

Прэс-служба АРР “Дзедзіч”.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *