Будзь актыўнымДзедзіч & Ко

У Берасці стварылі мапу сацыяльнай адказнасці

Мапу сацыяльна адказных бізнэсаў і ўстаноў горада стварылі рабяты з моладзевай ініцыятывы “Аазіс”. На карту патрапілі кафэ, крамы, музеі, бібліятэкі, цырульні, трэнажорныя залі, ветэрынарныя клінікі і прытулкі для жывёл – арганізацыі, якія так ці інакш праяўляюць сваю сацыяльную адказнасць.

Сама ідэя стварэння такой мапы нарадзілася падчас адной з сустрэч з цікавымі берасцейцамі, якія праходзілі ў межах праекта “Мейсца”.

Як выбіралі арганізацыі?

Удзельнікі сустрэч з цікавымі берасцейцамі выказвалі свае прапановы праз гугл-форму падчас рэгістрацыі на чарговую сустрэчу. Там можна было пазначыць фірмы, якія робяць нешта карыснае для горада ці яго жыхароў – напрыклад, экасяброўскія, якія займаюцца дабрачыннасцю, якія аказваюць дапамогу неабароненым групам насельніцтва ці падтрымліваюць культурныя ініцыятывы. Да стварэння карты далучыліся грамадскія арганізацыі горада. Яны прапаноўвалі дадаць на карту тыя кампаніі, якія падтрымлівалі іх ініцыятывы матэрыяльна або неяк яшчэ дапамагалі ў рэалізацыі.

На дадзены момант на мапе каля 70 устаноў рознай тэматыкі: крамы, установы грамадскага харчавання, цырульні, банкі, трэнажорныя залі, гасцініцы, музеі, бібліятэкі, розныя паслугі (ад дызайну да таксі), ветэрынарныя клінікі і прытулкі для жывёл. Арганізацыі падзялілі на 7 катэгорый: якія падтрымліваюць развіццё веларуху ў Берасці, якія займаюцца дабрачыннасцю, даступныя для людзей з інваліднасцю або інклюзіўныя, якія клапоцяцца аб навакольным асяроддзі, якія падтрымліваюць культурныя ініцыятывы, якія дапамагаюць бяздомным жывёлам, а таксама тыя, хто цалкам падтрымлівае грамадскія ініцыятывы ў Берасці.

Што далей?

  1. Карту можа дапаўняць любы берасцеец. Для гэтага трэба ўнесці свае прапановы па сацыяльна адказным бізнэсам тут.
  2. Карту можна выкарыстоўваць для таго, каб пазітыўна падмацоўваць імкненне бізнэсаў і ўстаноў зрабіць Берасце яшчэ лепш, становячыся іх кліентамі.
  3. І самае галоўнае – мапу могуць выкарыстоўваць грамадскія актывісты і ініцыятывы Берасця, каб знайсці новых партнёраў для рэалізацыі сваёй ідэі.

Пазнаёміцца ​​з ёй больш падрабязна можна тут.

Карта створана культурна-асветніцкай установай «Брэсцкі Аазіс» пры падтрымцы Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч».

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *