Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
КультураМузыка

«Вольны хор» сумесна з Лявонам Вольскім прэзентуюць кліп на песню «Зямля»

Легендарная песня часоў гурта «Мроя» займела новае гучанне. «Вольны хор» сумесна з Лявонам Вольскім і «Вольным аркестрам» прэзентуюць кліп на песню «Зямля».

Кліп «Зямля» — першы з серыі сумесных відэапрац грамадскай кампаніі «Годна» і «Вольнага хору», у якіх культавыя песні легендарных беларускіх музыкаў і сучасных папулярных гуртоў загучаць у выкананне хору з аркестрам. Наступныя прэм’еры будуць разам са Змітром Вайцюшкевічам і гуртом «Дай дарогу!»

Крыху слоў пра кліп ад «Вольнага хору»:

«Мы, беларусы, мабыць упершыню за доўгі час зноў усвядомілі сябе нацыяй. Зноў задумаліся над тым хто мы, навошта жывем на гэтай зямлі і куды крочым. Мы спрабуем вучыцца на памылках нашых продкаў, але ж, нажаль, у большасці, выкарыстоўваем свой, даволі такі розны вопыт. Але ж нішто не ўзнікае ніадкуль і не сыходзіць у нікуды. Мы — працяг Усяслава Чарадзея і Ефрасінні Полацкай, Францішка Скарыны і Міколы Гусоўскага, Сапегаў і Радзівілаў, Максіма Багдановіча і Уладзіміра Караткевіча… І нам трэба зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб пражыць гэтае жыццё так, каб нашыя нашчадкі ўзгадвалі нас з такой жа павагай, з якой мы зараз расказваем пра нашых продкаў».

Рэжысёр Андрэй Грынько пра кліп:

«Зямля — легендарная песня Лявона Вольскага, гурта «Мроя», якая зараз цудоўна выканана «Вольным хорам». Усе тыя ўспаміны, як і думкі, якія сёлета, а мабыць і заўсёды, былі блізкія да нашай зямлі, да нашага краю. Яны з’яўляюцца нібыта міражы, калі гучыць гэтая песня. Вялікая гісторыя і падзеі ператвараюцца ў звычайную стужку, на якую свеціць прамень кінапраектара. Памяць паступова знікае ў вялізарнай прасторы часу. Нічога не застанецца, ніводнага кавалка. Напэўна толькі ЗЯМЛЯ можа захаваць столькі болю, крыві, надзеі і веры. Усё знікне, а яна застанецца».

Песня, напісаная гуртом «Мроя» ў 1989 годзе, выйшла на альбоме «Дваццаць восьмая зорка» ў 1990 годзе.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *