Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Дзедзіч & Ко

«Глядзіце на добрыя працы і выпрацоўвайце густ». У Брэсце прайшоў майстар-клас вядомага фатографа

Вы ведалі, што вы фатограф? Так, калі ў вас ёсць Instagram, вы дакладна ён. Але гэта не азначае, што вы робіце класныя здымкі.  Учора, 10 сакавіка, у Берасці ў межах цыкла сустрэч “Мейсца”, якія праводзіць “Аазіс”,  прайшоў майстар-клас Ромы Чмяля – таго самага фатографа, чыё фота з пратэстаў у Берасці запосціў нават Джарэд Лета.

Крута! Раскажыце, што там было

Рома Чмель – фатограф з сямігадовым стажам. На свой Canon 6d робіць рэпартажы, партрэты, фэшн, і практычна ніколі – вяселля. На сваім майстар-класе Рома пачаў з азоў: разбору кампазіцыі.

Фатограф распавёў, што рамка – першае, з чым сутыкаецца чалавек, калі хоча зрабіць фатаграфію. З ёй даводзіцца жыць, а дакладней вучыцца бачыць свет праз яе, адсякаючы лішняе. Ёсць усяго два віды рамак: прастакутнік (гарызантальнае і вертыкальнае размяшчэнне) і квадрат (прывітанне, Instagram).

Калі ўсё роўна нічога не выходзіць, скарыстайцеся сеткай на фотаапараце. Яна палягчае задачу і дапамагае выбудаваць правільную кампазіцыю. Таксама ніколі не абразайце чалавека і прадметы. Калі ўсё ж гэта трэба зрабіць, зрабіце гэта правільна: у чалавека не рэжце галаву і фалангі пальцаў, а прадметы сфатаграфуйце так, каб уяўленне змагло дамаляваць іх у галаве.

Заўсёды памятайце пра баланс і гармонію. Добра зробленую фатаграфію вы самі вызначыце. Калі яна не выклікае пачуцця трывогі – хутчэй за ўсё яна зроблена нядрэнна. Фатаграфіі павінны быць лёгкімі і даступнымі, без лішняга смецця ў кадры. Бачыце нешта непрыгожае, напрыклад смеццевы бак – зрабіце так, каб іх не было ў кадры. Калі гэта немагчыма, хоць бы апрацуйце пасля ў больш прыглушаных танах.

Класная кампазіцыя – калі вы можаце ў цэнтр ўторкнуць ўмоўную кнопку і кадр пры гэтым не правальваецца. Наогул, па словах Ромы, у фатаграфіі няма строгіх правілаў. Сакрэт вашых будучых добрых фотаздымкаў – у нагледжанасці. Глядзіце, вывучайце класныя фатаграфіі і выпрацоўвайце густ. Калі вы сфатаграфавалі ў выніку не па “фэн-шую”, але зможаце абгрунтаваць сваё рашэнне – значыць фота атрымалася.

Добра, а што паглядзець?

У першую чаргу, працы агенцтва Magnum. На думку Ромы, там працуюць лепшыя прафесіяналы. Абавязкова падпішыцеся на групу f/64 у VK. Гэта найбуйнейшая суполка, прысвечаная візуальнай культуры. Ну і напрыканцы некалькі фільмаў аб фатаграфіі:

  • “Кантрольныя адбіткі” (Contacts, 1989 – 2008)
  • “Соль зямлі” (The Salt of the Earth, 2014)
  • “Усе на вуліцу” (Everybody Street, 2013)
  • “Геніі фатаграфіі” (The Genius of Photography, 2007-2012)

Майстар-клас прайшоў у межах праекта “Мейсца”, арганізатарам якога выступае культурна-асветніцкая ўстанова “Брэсцкі Аазіс”. Інфармацыйная і метадычная падтрымка: “Агенцтва рэгіянальнага развіцця” Дзедзіч “.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *