Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Культура

Спектакль “Тутэйшыя” ад незалежнай тэатральнай групы Купалаўцы ўжо сёння на YouTube

Незалежная тэатральная група “Купалаўцы” ўтварылася ў 2020 годзе. Купалаўцы – гэта былы калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, найстарэйшага драматычнага тэатра Беларусі.

“У 2020 годзе тэатр рыхтаваўся ўрачыста адзначыць сваё стагоддзе, але ўсё атрымалася інакш. 26 жніўня мы звольніліся ў знак салідарнасці з беларускім народам, які выйшаў на мірныя пратэсты супраць гвалту і беззаконня ў краіне. Мы – нацыянальны тэатр, бо ўсе гэтыя гады стаім поплеч з народам. Цяпер мы – свабодныя купалаўцы, незалежная тэатральная група. Мы пакінулі за плячыма наш дом, але верым, што абавязкова вернемся. І нашу доўгую дарогу дадому мы брукуем творчасцю” – піша незалежныя тэатральная група Купалаўцы.

Першы праект “Купалаўцаў” – спектакль “Тутэйшыя” паводле класічнай п’есы апекуна нашага тэатра, паэта і драматурга Янкі Купалы. “Тутэйшыя” – сатырычная трагікамедыя (у вызначэнні аўтара — “трагічна-смяшлівыя сцэны ў 4-х дзеях”), была завершана ў жніўні 1922 года і ўпершыню апублікаваная ў часопісе “Полымя” ў 1924 годзе. Дзеянне ў творы ахоплівае складаны для беларускага народа час з зімы 1918 да лета 1920 года, калі на тутэйшай зямлі адна акупацыя імкліва змянялася другой. У 1926 годзе рэжысёр Мікалай Папоў звярнуўся да п’есы і паставіў “Тутэйшых” на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра. Нягледзячы на тое, што Купала ўжо быў прызнаным класікам беларускай літаратуры, пасля першага паказу спектакль забаранілі рашэннем Упраўлення па справах літаратуры і выдавецтваў і калегіі ЦК як “праяву нацыяналізму“. Пазнейшыя спробы апублікаваць або паставіць п’есу брутальна абрываліся. Надрукаваць тэкст стала магчыма толькі ў 1988 годзе. У 1990 годзе пастаноўку на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ажыццявіў рэжысёр Мікалай Пінігін.

Спектакль без перабольшвання стаўся культавым, своечасовым і запамінальным. І гледачы, і крытыкі назвалі яго “сімвалам эпохі”. Спектакль атрымаў Дзяржаўную прэмію і пратрымаўся на купалаўскай сцэне блізу дваццаці гадоў. У верасні 2020 года мы збіраліся святкаваць стагоддзе тэатра гучнай прэм’ерай – трэцяй версіяй знакавай Купалавай п’есы ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна. І гэтая пастаноўка працягвае пісаць унікальны лёс п’есы. Пасля звальнення большай часткі трупы ў знак салідарнасці з беларускім народам, прэм’ера легендарнага твору на купалаўскай сцэне сталася немагчымай. Але яшчэ мацней аб’яднаныя артысты не пакінулі задуму аб пастаноўцы спектакля. І першым крокам у сваёй новай гісторыі “Купалаўцы” паказваюць спектакль “Тутэйшыя”.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *