Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Дзедзіч & Ко

Бясплатная веламайстэрня і Набярэжная, якая лепш за Савецкую. Вось што з’явіцца ў Брэсце гэтай восенню

Учора прайшоў фінал конкурсу гарадскіх ідэй Regeneration. З 16 праектаў фінансавую падтрымку атрымала палова. Сярод лепшых – праекты па паляпшэнню двароў, Набярэжнай і нават стварэнне бясплатнай веламайстэрні на вуліцы.

Нагадайце, што за конкурс?

Regeneration – конкурс гарадскіх ідэй ад каманды АРР «Дзедзіч». Мэта рабят – абнавіць Брэст пасля пандэміі з дапамогай класных ідэй ад гараджан. За два месяцы рабяты сабралі ад берасцейцаў прапановы па паляпшэнню горада і навучылі іх прасоўванню сваіх праектаў. Лепшыя з лепшых прайшлі ў фінал, а 8 праектаў атрымаюць па тысячы рублёў на рэалізацыю планаў.

Клас, раскажыце пра пераможцаў.

Як мы ўжо напісалі, перамаглі 8 праектаў:

  • Алеся Барысюк створыць творчую альтанку «Калейдаскоп» у двары дома на Скрыпнікава, 123. У ёй дзеці змогуць маляваць і прыемна праводзіць час.
  • Даша Шэлест прапанавала зрабіць Набярэжную лепш за Савецкую. Для гэтага дзяўчына хоча стварыць гарадское асяроддзе высокага ўзроўню.
  • Кацярына Калыбская фестывалем «Горад дзецям» плануе палегчыць пакуты выбару для бацькоў: куды і на якія секцыі запісваць дзіцяці. Фэст плануе сабраць прадстаўнікоў адукацыйных і спартыўных цэнтраў, каб дзеці і бацькі маглі вызначыцца з выбарам.
  • Ірына Амелянчук плануе зрабіць горад дружалюбным да жывёлаў: ствараць алгарытмы і інструкцыі для людзей, якія хочуць завесці хатнюю жывёлу і г.д. з дапамогай правядзення фестывалю.
  • Наталля Каральчук хоча пабудаваць велагараж, які часткова вырашыць праблему велапарковак ў сваім шматкватэрным доме і двары.
  • Наталля Раманюк добраўладкуе двор на вуліцы Вароўскага, 31. Дарэчы, там ужо праводзілі два дваровых свята і канцэрты музычнага каледжа.
  • Андрэй Варабей створыць інтэрактыўную пляцоўку «замак берасцейскі», якая раскажа ўсім, што тэрыторыя Брэсцкай крэпасці звязана не толькі з ВАВ.
  • Ганна Хаміцкая зробіць вулічную станцыю для рамонту і абслугоўвання ровараў. Так, калі ўсё будзе ок, то дробны рамонт веласіпеда можна будзе зрабіць бясплатна і на вуліцы.

Як выбіралі пераможцаў?

Пераможцаў выбіралі 9 членаў журы, сярод якіх былі журналісты, грамадскія дзеячы, бізнесмены і прадстаўнікі мясцовай улады. Вось як пракаментавала фінал конкурсу дырэктар Брэсцкага мясцовага фонду рэгіянальнага развіцця Вікторыя Радчук:

«Усе праекты цікавыя, іх можна ажыццявіць і яны станоўча ўплываюць на развіццё грамадства. Кожны з праектаў мае пэўны бэкграўнд, што кажа аб ініцыятыўнасці і ўцягнутасці жыхароў у жыццё горада. Ідэі, якія падаюць гараджане, адлюстроўваюць іх патрэбнасці і інтарэсы. Мясцовая супольнасць трымае руку на пульсе і заўсёды адпавядае свайму часу. Калі звяртаць увагу на патрэбы мясцовай супольнасці, можна ў большасці выпадкаў выбудаваць дружалюбныя партнёрскія адносіны паміж мясцовымі ўладамі, супольнасцю і бізнесам».

– Падвядзенне вынікаў конкурсу – толькі Пачатак цікавай і, насычанай падзеямі, восені. Мы Запрашаем берасцейцаў далучацца ды мерапрыемстваў, Якія будуць праводзіць пераможцы конкурсу, Каб зрабіць наш горад Вялікія утульным, яскравым І зручным для жыцця, – распавёў кіраўнік АРР Дзедзіч Дзімітрый Шыманскі.

— Падобныя праекты выхоўваюць свядомае стаўленне да гарадскога асяроддзя, акцэнтуюць увагу на лакальных рэчах. Яны вучаць думаць не пра тое, як палепшыць ўсё і адразу, а пра тое, што можна пачынаць з ўмоўнага двара, старацца палепшыць маленькую прастору. Спадабалася тое, што вялікая колькасць заявак аб’ядноўвае жаданне ініцыятыўных жыхароў нашага горада ажывіць сацыяльнае жыццё берасцейцаў і правесці час па-новаму, цікава, актыўна з карысцю у сваім любімым горадзе, двары, – падзялілася ўражаннямі Наталля Якімчук, кіраўнік брэсцкага філіяла IT-Academy.

Праекты будуць рэалізоўвацца з сярэдзіны верасня па лістапад. Далучыцца і дапамагчы ў рэалізацыі міні-праектаў зможа кожны берасцеец. Сачыце за навінамі ў сацсетках (ВК, FB, Telegram) і на сайце “Дзедзіча”.

Як удзельнікі праходзілі навучанне можна ўбачыць у відэа на ютуб-канале АРР “Дзедзіч”.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *