Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Грамадства

У Берасці спыняюць працу над фармаваннем мясцовай Грамадскай рады

Берасцейскія актывісты, якія ініцыявалі стварэнне Грамадскай рады для абмеркавання шляхоў выхаду з палітычнага крызісу, спыняюць працу над яе фармаваннем.

Грамадская рада планавалася, як часовая форма медыятара паміж грамадскасцю і Берасцейскім гарадскім выканаўчым камітэтам. Яе асноўнай задачай меўся быць пошук шляхоў для пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння згоды ў грамадстве.

Адзін з ініцыятараў працэсу, Старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі паведаміў:

– Сёння мы прынялі рашэнне спыніць працу над фармаваннем Грамадскай рады. Па-першае, прыйшло мала заявак. У прыватных размовах людзі, якіх мы запрашалі далучацца, выказвалі апасенні адносна бяспекі такой працы. Па-другое, мы не атрымалі ніякай рэакцыі на нашу прапанову з боку мясцовых уладаў і зразумелі, што наша ініцыятыва застанецца без адказу.

Нагадаем, што ў апошнія дні ініцыятары стварэння Грамадскай рады сутыкнуліся з ціскам з боку праваахоўных органаў. Актывістаў выклікалі ў Пракуратуру г. Берасця і выносілі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчэнні супрацьпраўнай дзейнасці. Учора былі затрыманы і чакаюць суду два ініцыятары Грамадскай рады: Старшыня абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Ігар Маслоўскі і намесніца Старшыні БСДП “Г” Ганна Канюс. У дырэктара ўстановы “Грунт будучыні” Віктара Клімуса быў забраны аўтамабіль і гукаўзмацняльная апаратура, якая выкарыстоўвалася на мітынгах на плошчы Леніна. Спыніла працу і апячатана праваахоўнымі органамі сталярная майстэрня берасцейскага прадпрымальніка Андрэя Вароніна.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *