Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Гісторыя

Грамадская кампанія «Годна» прадстаўляе цыкл відэа-лікбезаў «Годная Беларусь»

Грамадская кампанія «Годна» прадстаўляе цыкл відэа-лікбезаў «Годная Беларусь», першая серыя атрымала назву «Як беларусы сталі народам».

Відэа-праект «Годная Беларусь» у простай і нагляднай форме распавядзе, у першую чаргу самім беларусам, як узніклі і фарміраваліся наш народ, нацыя, краіна, дзяржаўнасць. Адкажа на пытанні: Чым мы, беларусы, адметныя і ўнікальныя? Што нас яднае? Што дае моцы захоўваць і ўмацоўваць здольнасць грамадства самастойна супрацьстаяць знешнім і ўнутраным пагрозам для нашай дзяржавы? Мы раскажам пра мінулае, цяперашняе і крыху зазірнем у будучыню Беларусі.

Запланавана 5 серый у якіх, апроч гісторыі, пералічым беларускія дасягненні на цяперашнім этапе, на падставе грунтоўнага сацыялагічнага даследавання ў простай і нагляднай форме пакажам, як беларусы ўспрымаюць самі сябе, раскажуць пра дасягненні выбітных беларусаў на радзіме і за мяжой, а таксама разам падумаем над нашым будучым. Аўтары спрабуюць адказаць на два галоўных пытання: Чым мы можам ганарыцца? І што можам зрабіць яшчэ лепш, каб гэта было годна?

Распавядае каардынатар грамадскай кампаніі «Годна» Павел Белавус:

Серыял «Годная Беларусь» гэта адзін з першых сур’ёзных праектаў кампаніі, які мы робім разам са студыяй «Enot TV» у партнёрстве з Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). Далей будзе больш і мы хочам, каб да кампаніі са сваімі ідэямі і прадуктамі далучалася ўсё новыя і новыя як камерцыйных, так і не камерцыйных арганізацый.

Магу адзначыць, што ўжо зараз сумесна з «Будзьма беларусамі!» і даследчым цэнтрам Satio стартавала агульнанацыянальнае сацыялагічнае даследаванне па тэме беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і свядомасці, летам плануем прэзентаваць першыя вынікі гэтай маштабнай працы.

Паралельна ідзе праца над кнігамі: нацыянальная ідэя Беларусі «Годна» — сумесна з BISS, «Ідэя X» — сумесна з Еўрарадыё, зборнік беларускамоўных коміксаў «Годна-неверагодна» — сумесна з «Нашай Нівай». У гэтым месяцы працягнеца акцыя «Трымайся Годна» — усе жадаючыя змогуць бясплатна атрымаць стыкеры, плакаты, значкі, маскі, магніты і іншыя рэчы з лагатыпам кампаніі; распачнем музычны марафон «Спяваем Годна» — разам з Сержуком Доўгушавым і запрошанымі музыкамі паспрабуем разам у анлайн-фармаце паспяваць папулярныя беларускія песні; «Арт Сядзіба» рыхтуе анлайн-фестываль і вечаровае анлайн-шоу «Годны кантэнт».

Адразу пасля сканчэння эпідэмія каранавіруса аўтары пачнуць падрыхтоўку форуму «Нацыянальная ідэя Беларусі», творчага конкурсу і фестывалю «Годна», моладзевай школы «З Годна», бізнес-форуму «Так, Годна!» ды іншых цікавых праектаў.

Падрабязней пра кампанію і яе праекты можна даведацца ў серыі ролікаў на YouTube-канале «Годна».

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *