Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Культура

Анлайн-кінафестываль BelarusDocs пройдзе з 7 па 13 красавіка

За тыдзень у межах трэцяга анлайн-фестывалю беларускага дакументальнага кіно BelarusDocs можна будзе, не выходзячы з дому, убачыць сем адметных фільмаў сямі беларускіх аўтараў. Кожны з фільмаў праграмы будзе даступны для анлайн-прагляду на працягу 24 гадзін з англійскімі субцітрамі на сайце belarusdocs.com.

Прызнанне беларускага дакументальнага кіно ў прафесійным асяроддзі кінематаграфістаў не выклікае сумневаў. Толькі за 2018-2019 гады беларускія фільмы атрымалі ўзнагароды на вядучых фестывалях дакументальнага кіно свету – Амстэрдамскім IDFA, Кракаўскім кінафестывалі, кінафестывалі Go East у Нямеччыне, Артдокфэсце (Масква), але ўбачыць гэтыя фільмы жыхарам Беларусі амаль немагчыма.

Анлайн-фестываль BelarusDocs робіць найлепшае беларускае кіно даступным для кожнага. У ракурсе сёлятней праграмы BelarusDocs – жыццё рэгіёнаў Беларусі. Фільмы здымаліся ў Гомелі, Віцебску, Светлагорску, у Бярозаўскім, Вілейскім, Полацкім раёнах. Шэсць фільмаў праграмы прымалі ўдзел і былі лаўрэатамі значных кінафестываляў дакументальнага кіно – IDFA (Амстэрдам), Кракаўскі кінафестываль, Артдокфэста (Масква), “Docudays UA” (Кіеў), “Лістапада” (Мінск) і г.д. Сёмы фільм – будзе паказаны шырокай публіцы ўпершыню. Гэта “Фальклор і жыццё” (2020), у якім Юрый Цімафееў робіць цікавую спробу распавесці пра эратычны пачатак у беларускай народнай абраднасці, збіраючы прыклады такіх абрадаў ў самых розных кутках Беларусі.

Таксама гледачы BelarusDocs змогуць пазнаёміцца з фільмам-прэтэндэнтам на прэмію Оскар-2019 ад Беларусі. Гэта фільм “Дэбют” (2017) Настассі Мірашнічэнкі, дзеянне якога разгортваецца ў гомельскай жаночай калоніі. Пра трэнера віцебскай каманды па інтуітыўнаму футболу Алега Кірылава распавядзе Вольга Абрамчык у фільме “Трэнер” (2019). Фільм “Перазімаваць” (2017) Евы-Кацярыны Махавай раскажа пра побыт у доме сезоннага пражывання, дзе старыя маюць прытулак на зімні сезон. Фільм “Лебедзі” (2018) Галіны Адамовіч – пра няпростую працу службы “хуткай дапамогі” у Светлагорску. Пра вясковага блогера фермера з-пад Бярозы і яго фермерскі досвед распавядзе ў сваім фільме “Цар гары” (2017) Андрэй Куціла. “Полацкі вальс” (2019) Вольгі Дашук – гэта фільм-роздум кіраўніка вясковага хора з-пад Наваполацка пра пражытае.

Падрабязная інфармацыя пра фільмы і расклад паказаў

7 красавіка – “Трэнер” (2019; рэжысёр – Вольга Абрамчык). Фільм-удзельнік фестываляў “Docudays UA” (Кіеў), “Артдокфэст” (Масква) і “Лістапад” (Мінск) Алег Кірылаў – трэнер зборнай Беларусі па інтуітыўным футболе. Яго падапечныя – невідушчыя. У кожнага свая гісторыя, свой шлях у вялікі спорт, але сёння перад імі стаіць агульная задача – перамагчы.

8 красавіка – “Дэбют” (2017; рэжысёр – Настасся Мірашнічэнка). Фільм-прэтэндэнт на Оскар-2019 ад Беларусі, удзельнік IDFA (Амстэрдам), лаўрэат Кракаўскага кінафестываля У папраўчай калоніі ў цэнтры Гомеля адбываюць пакаранне паўтары тысячы жанчын. Сюды трапляюць толькі тыя, хто парушыў закон ўпершыню. Не страціць сябе дапамагаюць толькі рэпетыцыі турэмнага тэатра…

9 красавіка – “Лебедзі” (2018; рэжысёр – Галіна Адамовіч) Беларуская фестывальная прэм’ера, фільм-удзельнік “Артдокфэста” (Масква) “Лебедзі” – працоўны пазыўны хуткай дапамогі ў Светлагорску. Менавіта яны першымі сутыкаюцца з раптоўнымі захворваннямі, няшчаснымі выпадкамі і траўмамі…

10 красавіка – “Перазімаваць” (2017; рэжысёр – Ева-Кацярына Махава). Фільм-удзельнік фестываляў “Артдокфэст”(Масква) і “Лістапад” (Мінск), намінант на прэмію “Лаўр” Беларусь, Вілейскі раён Мінскай вобласці. Самотныя старыя вяскоўцы ад’яжджаюць на зіму ў дом сезоннага пражывання. Кожны з іх мае свой уклад, свой жыццёвы вопыт, але зімаваць трэба разам. Дні цягнуцца ў хваробах, размовах, успамінах, сумесных тэлепраглядах… Пасярод зімы прыяжджае новы жыхар, і атмасфера ў доме змяняецца.

11 красавіка – “Цар гары” (2017; рэжысёр – Андрэй Куціла) Фільм-удзельнік фестываляў “Артдокфэст”(Масква) і “Лістапад” (Мінск), пераможца фестываля “Golden Beggar” (Кошыцэ, Славакія) Беларускі відэаблогер і малады селянін Сямён, праваслаўны вернік, заўсёды меў філасофскія думкі пра жыццё, захапляўся матухнай-прыродай ды дзяліўся гэтым з усім светам. Ужо пяць гадоў ён з жонкаю і двума сынамі жыве ў вёсцы, гадуе авечак. Здавалася б, радаснаму, гарманічнаму існаванню ў глушы нічога не можа перашкодзіць…

12 красавіка – “Фальклор і жыццё” (2020; рэжысёр – Юрый Цімафееў). Нацыянальная прэм’ера фільма Фальклор з’яўляецца адлюстраваннем чалавечага існавання, толькі ў вобразнай, метафарычнай форме. Не выключэнне тут і эратычны складнік жыцця. Абрады з эратычным падтэкстам у нашым продкаў былі падрыхтаваны да кожнага свята і цесна знітаваны з паняццем урадлівасці…

13 красавіка – “Полацкі вальс” (2019; рэжысёр – Вольга Дашук). Беларуская фестывальная прэм’ера, фільм-удзельнік міжнародных кінафестываляў Васілю Граноўскаму 58 год. Ён жыве ў вёсцы і кіруе мясцовым хорам, усе спевакі ў якім старыя. Гармонік Васі таксама стары, у ім бракуе некалькі клавіш. Васева машына, у якой ён звычайна возіць сваіх артыстаў, не зусім спраўная і не заўсёды заводзіцца.

Анлайн-фестываль BelarusDocs – гэта біенале актуальнага беларускага дакументальнага кіно. Папярэднія фестывалі (у 2016 і 2018 гадах) з поспехам праходзілі на пляцоўцы tut.by, з 2020 года BelarusDocs праходзіць на ўласнай пляцоўцы belarusdocs.com. Праграма BelarusDocs фармуецца з фільмаў, якія адлюстроўваюць важныя для беларускага грамадства тэмы, маюць мастацкія якасці і зазвычай – добрую фестывальную гісторыю.

У гэтым годзе анлайн-фестываль ўпершыню абвяшчае нефармальную ўзнагароду лепшаму фільму, выбранаму праз галасаванне гледачоў – „Прыз глядацкіх сімпатый”. Сябрам журы можа стаць кожны: дастаткова запоўніць анкету па спасылцы, паглядзець усе фільмы праграмы і ацаніць іх. На дадзены момант у Журы BelarusDocs-2020 запісаўся 41 чалавек. Абсалютная большасць – з Беларусі, аднак ёсць таксама прадстаўнікі Расеі, Украіны, Польшчы, Нямеччыны, Швейцарыі і Вялікабрытаніі.

Праект BelarusDocs — прыватная ініцыятыва, якая трымаецца толькі на энтузіязме яго арганізатараў. Таму будзем удзячныя за фінансавую падтрымку нашага праекта на краўдфандзінгавай платформе Талака.

racyja.com

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *