Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Будзь актыўным

Як заставацца актывістам, седзячы дома: парады ад “Дзедзіча”

Большасць грамадскіх арганізацый і актывістаў у сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай адмяняюць публічныя мерапрыемствы, а сваю грамадска-карысную працу робяць з “хатняга офісу”. Улічваючы гэта, мы падрыхтавалі 7 пунктаў-парадаў для тых, хто не хоча выпадаць з грамадскага жыцця Беларусі і жадае працягваць рабіць сваю мясцовасць лепшай. Для таго, каб натхніцца і падцягваць свае кампетэнцыі – лавіце нашу падборку.

Каб натхняцца і адчуваць пульс грамадзянскай актыўнасці вельмі раім паглядзець Агляд грамадскіх падзей за 2019 год. Прадукт падрыхтавала Асамблея НДА Беларусі. Агляд, як пішуць аўтары, павінен разглядацца не толькі як уганараванне найлепшых арганізацый і паспяховых праектаў, але і як дэманстрацыя лепшых практык, даступных для выкарыстання ідэй і падыходаў, а таксама перспектыўных партнёраў, новых форм супрацы, магчымых ментараў і ўзораў для пераймання досведу.


Інтэрнэт-часопіс 34mag.net даўно выпускае спецпраект аб актывістах Беларусі і распавядае пра тых людзей, якія робяць крутыя праекты. Можна знайсці актывістаў не толькі па сферы дзейнасці, але і па рэгіёнах. Дарэчы, ёсць і пра нашу Алену.


Ідэйны падкаст ад “Цэнтра новых ідэй”. У апошнім выпуску Глеб Мартынаў і Іван Шыла абмяркоўваюць колькі чалавек памрэ ў Мінску ад Covid-19, папулізм, праймерыз і чырвоны Range rover Ганны Канапацкай. А ў цэлым, аўтары абмяркоўваць самыя розныя тэмы: ад экалогіі да эканомікі. Канешне, усё гэта ў кантэксце ўсяго, што адбываецца ў Беларусі і свеце ў цэлым.


У ютуб-канала “Рэдакцыя” (аўтар – Аляксей Півавараў) ёсць відэа пра тое – з чым у Расіі вялікая праблема, – пра ініцыятыву. Півавараў паглядзеў, як жывуць людзі, якія спрабуюць зрабіць нешта добрае самі, без якой-небудзь дапамогі “зверху”. У некаторыя моманты нам падалося, што відэа не пра Расію, а пра Беларусь.


Праект, які вы плануеце рэалізоўваць, павінен не толькі быць карысным, але яшчэ і прыгожа прэзентаваны. А для гэтага трэба хоць крышачку, але разбірацца ў візуале. Таму можна прайсці курс ад “Школы дызайну і ілюстрацыі”, якая прадстаўляе бясплатна 46 курсаў да 17 красавіка. Зарэгіструйцеся, каб атрымаць доступ да курсаў.


Кантэнт будучыні – відэа. Калі кожны з нас не будзе спецыялістам у гэтым, то працаваць будзе вельмі цяжка. І пакуль будучае не настала, лавіце падборку курсаў, лекцый і відэаматэрыялаў ад “ПостНауки”. Асабіста мы раім вам відэа па тэмах “Мастацтва відэа: ад відэакамер да віртуальнай рэальнасці” і “Культурныя практыкі лічбавага асяроддзя: 10 лекцый пра асновы лічбавай пісьменнасці, з’явах інтэрнэт-асяроддзя і прадстаўніках анлайн-супольнасцяў”.


І апошняе – падборка цікавых і карысных фільмаў, якія павінен паглядзець кожны актывіст: “Эксперымент 2: Хваля”, “Змагары за свабоду”, “Калі не мы, то хто”, “Нязручная планета” і “Гуд бай, Ленін”.

Беражыце сябе, не сумуйце, прыдумвайце новыя праекты і будзем на сувязі.

Падрыхтаваў парады Дзяніс Трацюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *