Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Культура

Кустурыца выбраў беларускамоўны фільм паводле Марціновіча для свайго фестывалю

Беларускі фільм «Возера радасці» будзе ўдзельнічаць у конкурсе міжнароднага Kustendorf Film & Music Festival у Сербіі. Пра гэта напісаў у Фэйсбуку рэжысёр карціны Аляксей Палуян.

Паводле яго словаў, Эмір Кустурыца выбраў «Возера радасці» для ўдзелу ў конкурсе кінафестывалю.

Беларускамоўны фільм «Возера радасці», зняты паводле раману Віктара Марціновіча, атрымаў шэраг прызоў на прэстыжных еўрапейскіх кінафэстывалях, сярод якіх тры ўзнагароды іспанскага FICBUEU, прыз «За найлепшую рэжысуру» на кінафестывалі ў грэцкай Драме, дзве ўзнагароды кінафестывалю ў Невадзе, а таксама перамога ў намінацыі «Найлепшы кароткаметражны фільм» нямецкай кінапрэміі Hessen Film Awards.

У аснове сюжэту ляжыць жыццё дзевяцігадовай Ясі ў ціхай вёсцы, дзе час нібыта спыніўся. Дзяўчынка цяжка перажывае смерць маці, нягледзячы на гэта, бацька адвозіць яе ў інтэрнат. Аднойчы Яся вырашае збегчы і вярнуцца дадому.

Аляксей Палуян — беларускі рэжысёр, які зараз жыве і працуе ў Германіі. За яго плячыма навучанне ў Касэльскай мастацкай акадэміі і шэраг дакументальных і мастацкіх фільмаў. Рэжысёр пачаў працу над сцэнаром «Возера радасці» ў 2016 годзе, натхніўшыся раманам беларускага пісьменніка. Акрамя вольнай адаптацыі эпізода з рамана ў аснову фільма легла асабістая гісторыя бацькі Аляксея, які таксама, як і гераіня фільма, рос у інтэрнаце.

«Возера радасці» — міжнародны праект, у здымачную каманду ўвайшлі кінапрафесіяналы з Германіі, Ірану, Грузіі, Украіны, Шатландыі і Балгарыі. У фільме здымаліся вядомыя беларускія акцёры: Ігар Сігаў, Святлана Анікей, Алесь Маўчанаў, Дзяніс Тарасенка, Алена Зуй-Вайцяхоўская і Таццяна Мархель. Галоўную ролю выканала дзевяцігадовая выхаванка магілёўскай SOS-вёскі Анастасія Пляц, чыю гульню высока ацаніла міжнароднае журы іспанскага кінафестывалю FICBUEU, прысудзіўшы дзяўчынцы ўзнагароду ў намінацыі «Лепшая актрыса». За музычнае афармленне фільма адказны знакаміты беларускі этна-гурт VURAJ.

NN.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *