Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Грамадства

У Берасці абмеркавалі як абмежаваць кіберпрастору і ці трэба гэта рабіць

Свет змяніўся незваротна. За апошнія 20 гадоў памянялася амаль усё — новыя тэхналогіі змяняюць не толькі свет, але і чалавека. Але гэта стварае і новыя пагрозы, якія мы яшчэ не асэнсавалі і толькі пачынаем гэты працэс.

Пра гэта ішла гаворка на чарговым ток-шоў «Стасункі ў кіберпрасторы: правілы паводзінаў», зладжаным кампаніяй «Будзьма беларусамі!», гэтым разам у Берасці, у памяшканні агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч». Сярод прысутных былі і спецыялісты — школьныя настаўнікі і псіхолагі, што вельмі ўсцешвае. З іншага боку, хто, як не яны, павінны быць больш заклапочаныя ў тым, як развіваецца сённяшняя моладзь?

Рэч у тым, што большасць дарослых паводзінам у гэтым свеце, які імкліва змяніўся, вымушаныя навучацца. А дзеці ў гэтым асяроддзі не навучаюцца — яны там жывуць. Псіхолаг Марына Сосніна, якая была экспертам у ток-шоў, прывяла ўласны прыклад: калі яна нарадзіла першае дзіця, то ніякіх гаджэтаў і камп’ютараў у яе не было. І ў прынцыпе, усё, чаго хапала для развіцця дзіцяці, — гэта свежае паветра, вада, пясок, каменьчыкі ды палачкі.

Інтэрнэт-бяспека і дзеці: міфы vs рэальнасць

Сучасныя дзеці ўжо не такія. Паводле сацыялагічных даследаванняў, праведзеных як сярод бацькоў, так і сярод падлеткаў, вызначана, што 85% сучасных дзяцей ужо не ўяўляюць сваё жыццё без гаджэтаў і інтэрнэту. 75% з дзяцей не ведаюць, як яны могуць абысціся без смартфона. 9 з 10 дзяцей і падлеткаў гуляюць у камп’ютарныя і анлайн-гульні, а прыкладна палова з іх так ці інакш хавае ад бацькоў тое, чым яны займаюцца ў інтэрнэце.

Такія лічбы, у прынцыпе, азначаюць не толькі інтэрнэт-залежнасць новага пакалення. Не бывае дзеянняў без наступстваў, і тое, што маладзёны цяпер даволі шмат часу праводзяць у сеціве, азначае, што інтэрнэт таксама фармуе іх звычкі і прынцыпы паводзінаў. Што можа сфармавацца пад уплывам глабальнай сеткі інфармацыі? Мы пакуль не ведаем адказу, бо, фактычна, першае кіберпакаленне паўстае на нашых вачах.

Гэта, безумоўна, не азначае, што, паглядзеўшы на такія лічбы, бацькі павінныя неадкладна запанікаваць і вокамгненна абрэзаць сваім дзецям доступ да сеціва. Урэшце, 40% апытаных хлопцаў і 51% дзяўчынак адзначылі, што ў інтэрнэце яны яшчэ і навучаюцца. Збольшага яны, вядома, глядзяць відэа, слухаюць музыку, стасуюцца з аднагодкамі ў мэсэнджарах ці сацыяльных сетках, але і адукацыйная роля інтэрнэту, як бачым, даволі істотная.

Недзіцячая дзіцячая бяспека

Праблема не ў тым, што інтэрнэт кепскі, а дзеці ў ім «заліпаюць» ці не ўвесь свой вольны час (дарэчы, 25% бацькоў лічаць менавіта так — што дзіця ўвесь вольны час праводзіць у сеціве). Праблема ў тым, што інтэрнэт — гэта ўсяго толькі інструмент, які можна выкарыстоўваць па-рознаму. У ім можна лайдачыць, а можна і вучыцца. У ім можна працаваць, а можна і забаўляцца. І яго практычна немажліва кантраляваць.

Паводле таго ж даследавання, у 40% навучэнцаў малодшай школы (а гэта ўзрост ад 6 да 10 гадоў) ужо ёсць свая старонка ў сацыяльнай сетцы. У старшакласнікаў гэты паказчык сягае 97%. Важнасць сацыяльных сетак асэнсавала і дзяржава. Як паведаміў на ток-шоў адзін з брэсцкіх настаўнікаў, не так даўно супрацоўнікам школаў было загадана «прашарсціць» сацыяльныя сеткі сваіх навучэнцаў з тым, каб выявіць у іх профілях падпіскі на так званыя «групы смерці», матэрыялы з прыкметамі агрэсіі і экстрэмізму, суіцыідальныя схільнасці і (чамусьці) групоўкі футбольных заўзятараў.

Але ўлада не ўлічвае, што так проста гэта не працуе! І без таго загружаны настаўнік павінен адшукаць старонкі дзяцей у сацыяльных сетках, прааналізаваць іх (прычым невядома, за які перыяд), запоўніць фармуляры і гэтак далей. Таму настаўнікі альбо запаўняюць гэтыя фармуляры «ад балды» (асабліва сталыя, якія не на «кароткай назе» з тэхналогіямі і ўвогуле слаба разумеюць, што такое сацыяльныя сеткі), альбо папярэджваюць вучняў, каб яны прыбралі са сваіх старонак «небяспечны» кантэнт.

Пакуль настаўнік на такі маніторынг марнуе некалькі дзён, вучань, каб нейкія «дарослыя дзядзькі» не лезлі ў яго прыватнае жыццё, у два клікі, за дзесяць секунд, «закрывае» свой профіль — робіць яго даступным «толькі для сяброў». І ўжо ніводзін настаўнік ці чыноўнік, які прыдумаў гэты маніторынг, без дадавання ў сябры на старонку ў сацсетцы не пралезе.

Максім Жбанкоў: Забароны ніколі праблему не вырашаюць

І сэнс тады ў маніторынгу?

Значна больш за ўсялякія «групы смерці» небяспечныя іншыя тэндэнцыі, якім падуладныя як дзеці, так і дарослыя. 70% дзяцей, якія карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, атрымлівалі запрашэнне ў сябры ад незнаёмых людзей. Прычым, да 18% дзяцей такія запрашэнні паступалі ад відавочна дарослых. Пік такога інтарэсу да дзяцей з боку дарослых прыпадае на дзіцячы ўзрост 10-12 гадоў, потым ён змяншаецца.

І што самае трывожнае з гэтай апытанкі — кожнае дзясятае дзіця сустракалася з такімі «інтэрнэт-сябрамі» афлайн, у рэале. Для кагосьці гэта скончылася, мажліва, добра, а для каго і не.

Прычым, самі бацькі слаба ўяўляюць, што рабіць з такой дзіцячай актыўнасцю у сеціве. 35% апытаных згадзіліся ў тым, што не кантралююць час, які дзіця праводзіць у сеціве, а 59% не ведаюць, чым займаецца іх дзіця ў інтэрнэце. Паміж бацькамі і дзецьмі на гэтай глебе ўзнікаюць канфлікты, і 83% канфліктаў — праз час, які дзіця сядзіць, утаропіўшыся ў гаджэт. І толькі 29% канфліктаў — праз тое, што яно там робіць, з кім стасуецца, якую лексіку выкарыстоўвае і гэтак далей.

То бок відавочны паказчык, што самі бацькі «слаба шараць» у новых тэхналогіях і інтэрнэт-стасунках.

Якое выйсце ў гэтай сітуацыі прапаноўваюць адмыслоўцы? Тут нічога не застаецца, як, па словах дзядулі Леніна, «вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца». Вучыцца «лічбавай гігіене». Дакладна так, як на ноч мы мыемся і чысцім зубы, трэба навучацца і навучаць дзяцей не прымаць прапановы інтэрнэт-сяброўства ад незнаёмых людзей. Трэба навучыць дзяцей (і навучыцца самім) распазнаваць «фэйкавыя» акаўнты ў сацыяльных сетках — праз той жа пошук у інтэрнэце па фатаздымку. Трэба навучыць дзяцей не «расшарваць» бяздумна і свае фотаздымкі ў інтэрнэце, абыходзіцца асцярожна з персанальнымі дадзенымі. Урэшце — выпрацаваць крытычнае, а тое й скептычнае мысленне ў падлеткаў: каб яны не верылі розным «лістам шчасця» ды просьбам «дапамогі» ад незнаёмых ці малазнаёмых людзей, і ўвогуле не пераходзілі па любой спасылцы, якую ім дасылаюць.

Сучасныя алгарытмы інтэрнэт-маркетынгу дазваляюць вызначыць «мэтавую групу» аўдыторыі, іх інтарэсы, іх чаканні. Але карыстаюцца гэтым не толькі маркетолагі, але і інтэрнэт-махляры. На такія «заманухі» трапляюць нават дарослыя, што ўжо казаць пра дзяцей?

Як правільна пакінуць лічбавы след – і стаць паспяховым

І самае галоўнае ўсё ж — гэта прыклад бацькоў. Калі бацькі забараняюць дзіцяці «сядзець у інтэрнэце», а самі амаль увесь час глядзяць на экран тэлефона — ці слушна гэта?

На Захадзе стала модным паняцце «інтэрнэт-дэтоксу», альбо «лічбавай дэтаксікацыі». Гэта калі людзі на пэўны час адмаўляюцца ад інтэрнэту, сацыяльных сетак, мэсэнджараў і ўвесь гэты час прысвячаюць справам у афлайне. Можна вызначыць адзін такі пэўны дзень і для сябе.

Гэта, прынамсі, пакажа дзіцяці, што свет не абмяжоўваецца інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі. Ён значна багацейшы, чым лічбавая прастора.

Аліна Бялова, budzma.by

Фота — Дар’я Казлова

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *