У мінулую суботу, 23 лістапада, АРР «Дзедзіч» святкавала 20-годдзе сваёй дзейнасці, а таксама падводзіла вынікі грамадскай прэміі «Праект года на Берасцейшчыне» і «Валанцёр года».

Нагадаем, што ў межах прэміі ўсе ахвотныя маглі прагаласаваць за адзін з 10 праектаў, рэалізаваных грамадскімі актывістамі Берасця і вобласці ў гэтым годзе. Паралельна прайшло галасаванне членаў Рады АРР “Дзедзіч”. У выніку, у фінал конкурсу выйшлі тры праекты: “Animalhelp” ад валанцёрскай ініцыятывы “Абарона правоў жывёлаў”, “Актыўнае бацькоўства” ад YMCA і спектакль “Жыццё цудоўнае”, які быў распрацаваны і пастаўлены Анастасія Дзядзішчавай і Брэсцкім клубным домам “Калейдаскоп”. Аўтары праектаў прэзентавалі іх падчас цырымоніі 23 лістапада, а ўладальніка галоўнага прыза – МФУ – выбралі госці цырымоніі.

На ўрачыстай цырымоніі, якая прайшла ў мінулую суботу ў гатэлі «Hermitage», аўтары праектаў прэзентавалі іх перад гасцямі імпрэзы. А галасаванне гасцей вызначыла пераможцу — уладальніка дыплома «Праект года» і галоўнага прыза. Перамога ў конкурсе дасталася праекту “Animalhelp”, які атрымаў большасць галасоў прысутных. Праект накіраваны на скарачэнне колькасці бяздомных жывёл гуманным шляхам. Асноўная мэта – аказанне экстраннай i доўгатэрміновай дапамогі жывёлам, якія трапілі ў складаную сітуацыю. Дарэчы, зараз аўтары працуюць над стварэннем у горадзе стрыт-арт аб’екта, які нагадваў бы пра важнасць праблемы бяздомных жывёл. Аўтар праекта, кіраўнічка валанцёрскай ініцыятывы «Абарона правоў жывёлаў» Ірына Амельянчук атрымала ад дырэктара АРР «Дзедзіч» Дзмітрыя Шыманскага дыплом і дакументы на галоўны прыз конкурсу — МФУ HP LaserJet Pro M28a.

Дыплом за другое месца ў конкурсе атрымала Вольга Крусь — аўтар праекта “Актыўнае бацькоўства”, які рэалізоўвае Берасцейскае аддзяленне YMCA. Праект спрыяў уключэнню маладых сем’яў у актыўнае сацыяльнае жыццё горада. Аўтары арганізавалі каля 60 адкрытых мерапрыемстваў на розныя тэмы: ад пасляродавага аднаўлення жанчын да арганізацыі сямейных квэстаў. Экспертамі праекта былі спецыялісты горада і краіны ў розных галінах: адукацыя, псіхалогія, медыцына, публіцыстыка.

Анастасія Дзядзішчава і Брэсцкі клубны дом “Калейдаскоп” з праектам-спектаклем “Жыццё цудоўнае” занялі трэцяе месца. Інтэрактыўны спектакль пастаўлены на аснове біяграфій удзельніц клубнага дома.

Валанцёрам года стала Анастасія Ляошка, якая дапамае ў працы праваабарончай арганізацыі “Human Constanta”, БГМГА «Час зямлі», распрацоўвала дызайн для першага фестывалю гісторыі і культуры “Ulmus”.

Грамадская прэмія “Праект года” і “Валанцёр года” праводзяцца штогод. Арганізатарам прэміі выступае Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”.

[supsystic-social-sharing id="1"]