Стартаваў другі этап адбору лепшых праектаў у межах прэміі “Праект года” якую арганізоўвае АРР “Дзедзіч”. Прэмія з’яўляецца традыцыйнай для грамадскай супольнасці Берасця і вобласці і пройдзе ўжо ў чацвёрты раз.

Сярод дасланых на конкурс прапаноў арганізатары адабралі 10 найбольш яркіх праектаў грамадскіх ініцыятыў. Да 21 лістапада кожны ахвотны можа прагаласаваць за лепшы, на яго погляд, праект, які быў рэалізаваны грамадскімі актывістамі Берасця ў 2019 годзе. Паралельна пройдзе галасаванне і членаў Рады АРР “Дзедзіч”. Тры праекты-фіналісты, якія набяруць больш за усіх галасоў, будуць прэзентаваныя падчас грамадскай прэміі 23 лістапада, а госці цырымоніі абяруць пераможцу, які і атрымае галоўны прыз.

У мінулым годзе гран-пры прэміі “Праект года” узяла ініцыятыва “Дыялекты” за анлайн-мапу аўдыёзапісаў дыялектных гаворак Беларусі і замежжа.

Прадстаўляем праекты, якія ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі.

“Актыўнае Бацькоўства”

YMCА Brest, Брэст, Брэсцкі раён

Праект спрыяў актывізацыі бацькоў з дзецьмі, у тым ліку з асаблівымі патрэбамі. Праект павялічыў доступ да дадатковай адукацыі і камунікацыі матуль з немаўлятамі. Стварыў інклюзіўнае асяроддзе ў Брэсце і раёне. Было праведзена каля 60 адкрытых мерапрыемстваў на розныя тэмы: ад пытанняў паслярадавога аднаўлення жанчын да пытанняў арганізацыі сямейных квэстаў. Экспертамі праекта былі спецыялісты гораду і краіны ў розных галінах: адукацыя, псіхалогія, медыцына, публіцыстыка. У межах праекту быў створаны шэраг лонгрыдаў пра актыўныя і натхняльныя сем’і горада ў часопісе “Нататнік”, па выніках дадзенай працы арганізавана фотавыстава “Актыўнае бацькоўства”. Пазнаёміцца з дзейнасцю праекта можна ў суполцы.

Аплікацыя “ReBrest”

Краўдфанд-кафэ “Грунтоўня”

Processed with VSCO with a6 preset

AR прыкладанне-гід па страчанай архітэктурнай спадчыне Брэста. Маштабныя 3D мадэлі будынкаў старога Берасця можна разглядаць у любым зручным месцы. А пры жаданні прыкладанне дапаможа знайсці і пабачыць аб’ект у поўную велічыню, дакладна там дзе ён некалі месціўся. Ёсць таксама магчымасць рабіць фота і відэазапіс усяго, што вы бачыце на экране. Зараз аўтары праекта працягваюць збор сродкаў на фінальны этап распрацоўкі дадатка. Падрабязней пра праект па спасылцы.

“Animalhelp”

Абарона правоў жывёлаў, Брэст

Праект накіраваны на скарачэнне колькасці бяздомных жывёл гуманным шляхам. Аказанне экстраннай i доўгатэрміновай дапамогі жывёлам, якія трапілі ў складаную сітуацыю – асноўная мэта праекта. Зараз аўтары працуюць над стварэннем у горадзе стрыт-арт аб’екта, які б нагадваў пра важнасць праблемы бяздомных жывёлаў. Падрабязней пра праект можна пачытаць у суполцы ініцыятывы.

“Бегчы. Нябачныя гісторыі. Публічная чытка рэальных гісторый бежанцаў”

“Human Constanta”, Брэст, Мінск

Пры працы з бежанцамі ў Брэсце аўтары сабралі некалькі асабістых гісторый людзей, пра тое, чаму яны былі вымушаныя пакінуць родныя мясціны і шукаць выратаванне ў іншых краінах, што пагражала іх жыццям і які няпросты шлях яны пераадольваюць. Публічная чытка гэтых гісторый пры ўдзеле акцёраў і актрыс тэатральнай студыі “Крылы Халопа” у Брэсце была прымеркавана да Сусветнага дня бежанцаў 20 чэрвеня. Чытка была арганізавана для таго, каб бежанцы, якія часта застаюцца нябачнымі, атрымалі “голас” і змаглі данесці да аўдыторыі свае няпростыя гісторыі і праблемы катаванняў, пераследаў, хатняга гвалту, якія, на жаль, застаюцца актуальнымі ў наш час. Падрабязней пра праект можна пачытаць тут.

Валанцёрскі летнік, арт-рэзідэнцыя і фестываль “Kontakt”

Час Зямлі, Багна, Дзекабрысты, вёска Новы двор і комплекс “Войтаў мост”

Арт-рэзідэнцыя і валанцёрскі летнік у Белавежскай пушчы завяршыліся экафестывалем “Kontakt”, які сабраў аматараў прыроды побач з Новым Дваром Свіслацкага раёна. У праграме былі майстар-класы, перфоманс і музычны вечар. А яшчэ можна было паглядзець на новыя арт-аб’екты, якія з’явіліся ў аграгарадку і на экасцежках. Зрабілі іх удзельнікі творчай рэзідэнцыі, якія правялі тыдзень разам з месцічамі, намалявалі муралы, пабудавалі сцэну, аднавілі традыцыйны вясковы абрад. Падрабязней пра праект па спасылцы.

Маніторынг вела-інфраструктуры гарадоў Брэсцкай вобласці

“За Вела-Брэст”

Аўтары праекта правялі маніторынг велаінфраструктуры ў 13 гарадах Брэсцкай вобласці. Вынікі маніторынгаў дазволілі зрабіць выснову аб ходзе рэалізацыі канцэпцыі развіцця веларуху ў Беларусі да 2030 года. Узаемадзеянне з мясцовымі веласіпедыстамі дало ўяўленне аб найбольш праблемных месцах у кожным горадзе. У выпадку зацікаўленасці мясцовых уладаў ІАУ “За Вела-Брэст” гатовыя даць бязвыплатную кансультатыўную дапамогу ў рамках рэалізацыі канцэпцыі, арганізацыі адукацыйных мерапрыемстваў, сустрэч з экспертамі. Пазнаёміцца з прыкладам маніторынгу можна тут.

Мапа даступнасці месцаў для людзей з інваліднасцю

Рух “За Свабоду”, Баранавічы

На інтэрактыўную мапу было нанесена 352 аб’екты і была вызначына ступень іх даступнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Усе аб’екты на мапе падзеленыя на два тыпы: «прымальны стан» (азначаныя зялёным колерам) і «дрэнны стан» (чырвоным). Пры выбары аб’екта даступнае таксама і апісанне, напрыклад, указваецца, ці ёсць ля аб’екта пандус з парэнчамі, ці далёка ад яго прыпынкі. Далучацца да стварэння мапы могуць усе неабыякавыя грамадзяне. Галоўная мэта – паляпшэнне жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Паглядзець мапу можна па спасылцы.

“Сад бесперапыннага цвіцення”

Алена Штык, Гарадскі Ляснічы, Брэст

Гэта вялікі праект які рэалізуюць ініцыятыва “Гарадскі ляснічы Брэста” і сямейства дэндролагаў Анатоль і Дар’я Арловы. Каля 250 дрэў і кустоў ужо высаджана ў садзе бесперапыннага цвіцення на набярэжнай Францыска Скарыны. Было пасаджана 100 магнолій, 30 цюльпанавых дрэў, 20 паўлоўній, сафор, цэрцысаў і яшчэ шмат дзіўных назваў неверагодных па сваёй прыгажосці дрэў. Падчас кожнай пасадкі праводзіліся майстар-класы па правільнай пасадцы дрэў і прыкладна 500 гараджан і гасцей Брэста ўдзельнічалі ў высадцы дрэў. Як кажуць аўтары праекта – гэта толькі пачатак! Падрабязней пра праект тут.

Спектакль “Жыццё цудоўнае”

Настасся Дзядзішчава і Брэсцкі клубны дом “Калейдаскоп”

Настасся разам з некалькімі прадстаўніцамі Брэсцкага клубнага дома напісала сцэнар спектакля “Жыццё цудоўнае” на падставе іх біяграфій. Яны паставілі інтэрактыўны спектакль, які сёлета ўжо некалькі разоў быў паказаны ў Брэсце. Таксама валанцёры абвясціла збор сродкаў, каб дзяўчаты маглі выступіць у Львове са сваім спектаклем. Падрабязней пра спектакль па спасылцы.

Фестываль гісторыі і культуры “Ulmus”

АРР “Дзедзіч”, Брэст

17 жніўня прайшоў бясплатны фестываль гісторыі і культуры Берасця “Ulmus”. Гарадскі сад ператварыўся ў яскравую пляцоўку з 8-ю зонамі для адпачынку, адукацыі, разваг і г.д. Фестываль быў прымеркаваны да гадавіны атрымання горадам Магдэбургскага права. Наведвальнікамі фэста сталі больш за 2500 гараджан і гасцей горада. Падрабязней пра фэст можна пачытаць тут.

Да 21 лістапада кожны ахвотны можа прагаласаваць за лепшы, на яго погляд, праект.

Намінанты на прэмію “Праект года”

  • “Animalhelp” (48%, 1 063 галасоў)
  • “Актыўнае Бацькоўства” (33%, 728 галасоў)
  • Спектакль “Жыццё цудоўнае” (6%, 134 галасоў)
  • Фестываль гісторыі і культуры “Ulmus” (3%, 73 галасоў)
  • “Сад бесперапыннага цвіцення” (3%, 60 галасоў)
  • Аплікацыя “ReBrest” (2%, 39 галасоў)
  • Маніторынг вела-інфраструктуры гарадоў Брэсцкай вобласці (2%, 34 галасоў)
  • Валанцёрскі летнік, арт-рэзідэнцыя і фестываль “Kontakt” (1%, 29 галасоў)
  • Мапа даступнасці месцаў для людзей з інваліднасцю (1%, 22 галасоў)
  • “Бегчы. Нябачныя гісторыі. Публічная чытка рэальных гісторый бежанцаў” (1%, 11 галасоў)

Усяго прагаласавала: 2 192

Loading ... Loading ...
[supsystic-social-sharing id="1"]