Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Дзедзіч & Ко

Лекторый пад адкрытым небам, сена на траве і шмат арт-пляцовак: у Берасці прайшоў фестываль “Ulmus”

У суботу ў Берасці прайшоў першы Фестываль гісторыі і культуры “Ulmus”, арганізатарамі якога выступіла Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” і Адміністрацыя Ленінскага раёна г. Брэста пры падтрымцы Берасцейскага гарвыканкама. Удзел у фэсце ўзялі больш за 2500 берасцейцаў і гасцей гораду.

З 13.00 да 20.00 у парку “Гарадскі сад” можна было не толькі адпачыць на траве ці свежым сене, але і наведаць вялікую колькасць актыўнасцяў, падрыхтаваных аргнаізатарамі і валанцёрамі фэста.

На гістарычнай лакацыі, якую арганізоўваў “Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці”, можна было паслухаць Івана Чайчыца, Ірыну Мароз, Наталлю Зданевіч і Аліну Дзеравянка. У цені старых клёнаў яны распавядалі пра важныя этапы ў гісторыі горада, дзялілія ўласнымі напрацоўкамі, адказвалі на пытанні. А недалёка ад лекторыя была пабудавана сапраўдная бібліятэка пад адкрытым небам. Вау-эфект стварыў праект “ReBrest”, які з дапамогай 3D-макетаў паказаў страчаную архітэктурную спадчыну сярэднявечнага Берасця.

За гістарычны экскурс у сярэднявечнае жыццё берасцейцаў адказвалі даследчыкі Мікалай Плавінскі і Анатоль Гладышчук. А тыя наведвальнікі гістарычнай лакацыі, якім не сядзелася на месцы, мелі магчымасць паўдзельнічаць у гістарычным квэсце па ваколіцах “Гарадскога саду”.

Асобнай гістарычнай атракцыяй была кропка ад Белгазпрамбанку, якая з дапамогай віртуальнай рэальнасці і праекта “Дарогамі Скарыны з Белгазпрамбанкам”, адпраўляла жадаючых у падарожжа ў друкавальную майстэрню Францішка Скарыны.

За культурны і творчы змест на фестывалі адказвалі дзве лакацыі: “Арт-зона” і музычная пляцоўка. Сяргей Лескець прадставіў сваю вставу “Райскі сад” і правёў майстар-клас па фатаграфаванні раслін незвычайным метадам lumen print.

На фестываль “Ulmus” прыехала зорка беларускага стрыт-арта Сяргей Русак. Сяргей з дапамогай трафарэтаў і балонаў з фарбай маляваў плакаты з выявай старога берасцейскага аўтавакзала. Па малюнку стрыт-арт мастака можна было надрукаваць прынт на цішотку  па метаду шаўкаграфіі. Такая тэхналогія існавала і 500 гадоў назад, калі толькі пачынаўся працэс кнігадрукавання ў Еўропе.

Асаблівую атмасферу ствараў праект “Утульнае маляванне”. У цені бяроз мастакі праекта фіксавалі вобразы гасцей фэста.

Музычны бок мастацтва дэманстравалі нойз-музыкі з аб’яднання PODPOLIE 162. Музыкі спецыяльна да фестывалю сабраліся з розных гарадоў, каб пакруціць вініл для наведвальнікаў пляцоўкі.

Злева ад цэнтральнага ўваходу была размешчана дзіцячая пляцоўка. Побач – зона пікніка, дзе можна было разваліцца на сене і піць смачную каву ці гуляць у настольныя гульні. А ў альтанцы тэатр “Камішыбаі” паказаў спектакль “Берасцейскі Цмок-ахоўнік” і распавёў, як наш горад бачыць берасцейскі Цмок. Там жа прайшоў майстар-клас па вырабу значкаў-цмокаў, які арганізавала Фундацыя з Гайнаўкі “ONI – TO MY”.

Зацікавіла гасцей фестываля і зона маркета. Рамеснікі з Берасця, Жабінкі і Мінска прываблівалі цікавымі рэчамі, зробленымі сваімі рукамі.

– Фестываль гісторыі і культуры “Ulmus”, арганізаваны самімі берасцейцамі і амаль без фінансавых укладанняў – атрымаўся. Мы ўбачылі высокую цікавасць берасцейцаў да гісторыі свайго горада, асабліва да яе велічных сярэднявечных старонак. Заўважны вялікі попыт на нацыянальную культуру – матэрыяльную і нематэрыяльную. Мы задаволены маштабам і колькасцю ўдзельнікаў. Удзячны кіраўніцтву гарадскога выканаўчага камітэта, нашым партнёрам і спонсарам і асабліва ўдзячны амаль 40 валанцёрам, без якіх немагчыма было б уявіць гэта мерапрыемства. Спадзяемся, што свята стане традыцыйным для нашага гораду і пры падтрымцы ўладаў, спонсараў, сталых і будучых партнёраў, у наступным годзе атрымаецца зрабіць больш маштабнае мерапрыемства, – падзяліўся высновамі, зробленымі па выніках мерапрыемства, дырэктар Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” Дзмітрый  Шыманскі.

Дапамогу ў арганізацыі фэста аказалі як камерцыйныя партнёры: кампанія “Мадэсса”, “MYSA bag”, паліграфічны салон “АртЛайн”, агенцтва “Бюро святаў”, інтэрнэт-крама настольных гульняў “GameCraft”, так і некамерцыйныя арганізацыі і ініцыятывы: “Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці”, Прастора КХ, Грунтоўня,  Гарадскі ляснічы, грамадскія арганізацыі “Час Зямлі”, “YMCA”, Аазіс”. Інфармацыйным партнёрам фестывалю выступіў часопіс “Бінокль”.

Фотаздымкі Сяргея Нікрашэвіча.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *