Суполка энтузіястаў вырашыла зняць беларускі серыял. Па словах аўтараў, камедыя «Свае» заклікана ўзнавiць успаміны пра свае карані, родныя вёсачкі і паселiшчы, любімых бабуль і дзядуль.

Сюжэт такі. Хлопец збіраецца ажаніцца, але ўзнікла праблема: нявеста хоча шыкоўнае вяселле, а грошай няма. Адчайнае становішча! Хлопец вырашае прадаць дом, якія застаўся ў спадчыну ад дзядулі. Але хто ж прадае дом, у якім прайшло тваё сонечнае дзяцінства? Аўтары кіно анансуюць камедыйна-дэтэктыўны сюжэт, любоўны трохкутнік і хэпі-энд.

Серыял будзе складацца з шасці серый, працягласць кожнай — да 45 хвілін.

Кіно раскажа пра жыццё гараджаніна на вёсцы. Пакажуць таксама элементы традыцыйных абрадаў і святаў. Напрыклад, у другой серыі будзе сватанне і Масленіца (або Купалле — здымачная група яшчэ вырашае).

Чаму серыял? Аўтары тлумачаць: такі фармат дазваляе паказаць жыццё няспешна. А глядач, назіраючы за героямі, прывыкае да іх і чакае працягу.

Здымкі будуць праходзіць за 75 км ад Мінска. Уся каманда і акцёры працуюць задарма. Апаратура і памяшканні для здымак ёсць. Але патрэбны грошы на харчаванне і транспарт. Каб сабраць іх, каманда запусціла краўдфандынгавую кампанію на пляцоўцы «Вулей». Пакуль з неабходных 3000 рублёў (столькі па падліках аўтараў патрэбна на першую серыю) ёсць толькі 134.

Але прадзюсер запэўнівае: кіно будуць здымаць у любым выпадку, нават калі калі краўдфандынг праваліцца.

— Пакуль серыял разлічаны на інтэрнэт, але калі гатовы прадукт будзе годным, будзем старацца прасунуць яго на тб і ў кінатэатры, — дзеліцца ён планамі.

Прэм’ера чакаецца ў снежні 2020 года.

nn.by

[supsystic-social-sharing id="1"]