Культавы раман Джоан Роўлінг «Гары Потэр і філасофскі камень» ўпершыню выйдзе па-беларуску. Праваўладальнікі падпісалі кантракт і ўзгаднілі прозвішча перакладчыка. Пра гэта TUT.BY паведаміў Андрэй Янушкевіч, дырэктар выдавецтва «Янушкевіч», дзе ў снежні 2019 года і будзе апублікаваная кніга.

— Мы пастараемся зрабіць лепшае выданне, чым у нашых суседзяў, бо маем магчымасць улічыць іх памылкі і пралікі, прыслухацца да заўваг чытацкай аўдыторыі, якая прачытала ў свой час кнігу на іншых мовах. Я ў захапленні ад працы перакладчыцы Алены Пятровіч — гэта найвышэйшы ўзровень падыходу да справы. Для нас вялікі гонар выканаць гэтую пачэсную місію — выпусціць кнігу пра ўжо сапраўды легендарнага Гары Потэра на роднай мове, — кажа Андрэй Янушкевіч.

Перакладчык Алена Пятровіч — прафесійная лінгвістка з навуковай ступенню кандыдата навук, выкладчык філалагічнага факультэта БДУ. Яна перакладае з ангельскай і польскай моваў. Дзякуючы ёй па-беларуску выйшлі апавяданні Артура Конан Дойла і Эдгара Алана По, вершы Джэймса Морысана, кнігі «Падарожжы з Герадотам» Рышарда Капусьцінскага і «Насыпаць горы» Малгажаты Шэйнэрт. Больш за дзесяць гадоў займаецца выпускам анлайн-часопіса перакладной літаратуры «Прайдзісвет».

Пакуль гаворка ідзе пра пераклад першага рамана з серыі, якая агулам налічвае восем кніг.

Па-ангельску першую кнігу пра Гары Потэра выдалі ў 1997 годзе. Гісторыя пра юнага чараўніка пабіла ўсе магчымыя рэкорды і стала бэстселерам ва ўсім свеце. Яе пераклалі больш чым на 80 моў. Прададзена ўжо больш за 500 мільёнаў асобнікаў. Па ўсіх кнігах серыі ў Галівудзе знятыя шырока вядомыя блокбастары.

nn.by

[supsystic-social-sharing id="1"]