Беларусы 1 чэрвеня змогуць праверыць валоданне роднай мовай і напісаць «Агульную дыктоўку» па новым тэксце сучаснага беларускага пісьменніка Андруся Горвата. У якасці чытальнікаў выступяць салісты гурта NaviBand. Праект у падтрымку беларускай мовы праводзіць кампанія «Лідскае піва», прымеркаваўшы яго да 400-годдзя выхаду «Граматыкі» Мялеція Сматрыцкага.

Сёлета спецыяльна для «Агульнай дыктоўкі» тэкст падрыхтаваў Андрусь Горват. Кнігі пісьменніка з’яўляюцца бестселерамі сучаснай беларускай літаратуры, а п’еса па кнізе «Радзіва Прудок» ужо амаль год з аншлагам праходзіць на камернай сцэне Купалаўскага тэатра. Дарэчы, акцёры тэатра таксама падтрымалі акцыю і нават знялі невялікі ролік з запрашэннем прыняць удзел у дыктоўцы.

Аўтар тэксту і арганізатары акцыі паставілі перад сабой мэту не толькі даць магчымасць удзельнікам праверыць свае веды, але і паказаць прыгажосць, самабытнасць і разнастайнасць беларускай мовы.

У ролі «настаўнікаў» на «Агульнай дыктоўцы» выступяць салісты гурта NaviBand. Выбар невыпадковы: Арцём і Ксюша пастаянна выкарыстоўваць беларускую мову ў сваёй творчасці і зносінах з прыхільнікамі, а таксама першымі ў гісторыі Еўрабачання выканалі кампазіцыю па-беларуску.

Напісаць дыктоўку можна ў Нацыянальнай бібліятэцы або дома. Неабходна толькі загадзя зарэгістравацца на старонцы праекта. Сама дыктоўка пачнецца 1 чэрвеня роўна а 12-й гадзіне і будзе транслявацца на радыё «Культура» (102,9 FM у Мінску, 88,5 FM у Брэсце, 99,3 FM у Віцебску, 91,5 FM у Гомелі, 95,0 FM у Гродне і 99,1 FM у Магілёве).

Правераць працы прафесійныя філолагі. Вынікі дыктоўкі будуць дасланы кожнаму індывідуальна разам з электронным сертыфікатам аб удзеле. Для жадаючых праверыць сябе самастойна арыгінал тэксту апублікуюць на старонцы праекта праз некалькі дзён пасля дыктоўкі. Выдатнікі атрымаюць памятныя прызы ад арганізатараў.

Праект «Агульная дыктоўка» ў 2019 годзе праводзіцца кампаніяй «Лідскае піва» пры падтрымцы канала «Культура» Беларускага радыё.

nn.by

[supsystic-social-sharing id="1"]