Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый і Цэнтр прававой трансфармацыі запрашаюць на семінар “Рэгістрацыя і фінансаванне некамерцыйных арганізацый: прававое рэгуляванне», які адбудзецца ў Берасце 18 траўня (субота).

Семінар складаецца з двух блокаў, на першы з якіх мы запрашаем прадстаўнікоў ініцыятыў па стварэнні новых арганізацый грамадзянскай супольнасці, на другі — прадстаўнікоў як незарэгістраваных ініцыятыў, так і зарэгістраваных арганізацый. Удзельнікі могуць прыняць удзел у адным ці ў абодвух блоках.

У першым тэматычным блоку семінара будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамерцыйных арганізацый ды іх адрозненні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам. Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя пра цяперашні парадак ды практыку рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, устаноў і фондаў.

У другім тэматычным блоку семінара будуць разгледжаныя пытанні прававога рэгулявання фінансавых паступленняў для розных формаў некамерцыйных арганізацый, у тым ліку: віды фінансавых паступленняў паводле заканадаўства; прадпрымальніцкая дзейнасць НКА; афармленне ахвяраванняў ад грамадзян; бязвыплатная (спонсарская) дапамога ад беларускіх юрыдычных асоб; атрыманне замежнага фінансавання.

Напрыканцы семінару ўдзельнікі атрымаюць магчымасць індывідуальных кансультацый па канкрэтных пытаннях, завязаных са стварэннем новых НКА альбо з прававым забеспячэннем фінансавання грамадскай дзейнасці і НКА.

Удзельнікі семінару-кансультацыі атрымаюць асобнікі выданняў, што былі выпушчаныя ў межах «Прававой бібліятэкі НКА».

Арганізатары семінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве па адным прадстаўніку ад адной арганізацыі з Берасце і Берасцейскай вобласці. У выпадку, калі колькасць заявак будзе большая за колькасць месцаў на семінары, перавага будзе нададзеная ўдзельнікам, заяўкі якіх дэманструюць найбольшую зацікаўленасць у тэме семінару. Заяўнікі з іншых рэгіёнаў могуць быць уключаныя ў склад удзельнікаў пры наяўнасці выразнай матывацыі і адлюстраванні ў заяўцы патрэбы ў канкрэтнай дапамозе.

Семінар-кансультацыя адбудзецца 18 траўня, пачатак а 12:00, працягласць да шасці гадзін. Пра месца правядзення і падрабязную праграму працы будзе паведамлена ўдзельнікам семінара дадаткова.

Каб падаць заяўку на ўдзел у семінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка, якая знаходзіцца па спасылцы.

Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у семінары: 15 траўня (серада), 15:00. Пацверджанне ўдзелу будзе дасланае ўдзельнікам мерапрыемства 16 траўня (чацвер).

[supsystic-social-sharing id="1"]