Беларускі музыка-гусляр Алесь Чумакоў запрашае ўсіх неабыякавых падтрымаць выданне новага альбома ірландскіх карчомных песняў па-беларуску «Праўда ў віне».

Збор сродкаў на выданне дыска перакладаў ірландскіх папулярных спеваў адкрыты на краўдфандынгавай пляцоўцы ULEJ.

Алесь Чумакоў — беларускі майстар-гусляр, вядомы шырокай публіцы як музыка гурта «Стары Ольса» і лідар праекта Ceilidh Ceol. Пазнавальны вакаліст і інструменталіст, ён паспяхова адкрыў сябе ў сольнай творчасці і праз удалую апрацоўку сярэднявечных беларускіх народных баладаў і ваярскіх песень працягнуў адраджэнне і сучаснае ўдасканаленне старажытнай традыцыі гуслярства.

У 2013 пабачыў свет дыск «Сыны старадаўняй Літвы», у якім Алесь Чумакоў творча раскрыў тэму падабенства лёсу Беларусі і Ірландыі, мінулага краін, іх шляху да незалежнасці, змагання за свабоду, апявання сваіх герояў і гістарычных падзей. У перакладзе ірландскіх гераічных песень на беларускую мову праглядаецца асаблівы рамантызм часоў Касцюшкі, з гонарам згадваюцца паўстанні XIX стагоддзя.

У альбоме «Праўда ў віне» Алесь Чумакоў адлюстроўвае працяг пошуку ўзаемасувязі дзвюх краін. На другім дыску музыка прапануе слухачам пераклад улюбёных ірландцамі папулярных карчомных песен.

На сённяшні дзень студыйная праца над альбомам «Праўда ў віне» амаль скончаная. Кожны ахвотны можа спрычыніцца да выдання альбома ірландскіх карчомных песняў па-беларуску «Праўда ў віне» пад адной вокладкай з перавыданнем ірландскіх гістарычных песняў па-беларуску «Сыны старадаўняй Літвы».

nn.by

[supsystic-social-sharing id="1"]