Фестываль, прымеркаваны да гадавіны атрымання Берасцем Магдэбургскага права, пройдзе 17 жніўня ў Гарадскім садзе, дзе зараз адбываецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Наведаць імпрэзу зможа кожны — уваход будзе бясплатны.

— Гэта сучасны фестываль у новым для горада фармаце і ў незвычайным месцы. Мы праводзім яго, каб кожны актыўны берасцеец мог адзначыць 1000-годдзе Берасця не толькі як глядач — старонні назіральнік, але і як актыўны ўдзельнік, як арганізатар адной са святочных імпрэзаў. І, канешне, у нашых планах паказаць сярэднявечную гісторыю Берасця ў сучасным, прывабным для моладзі фармаце — з інтэрактывам, крэатыўным візуалам, элементамі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, — паведаміла адна з каардынатарак фестывалю Алена Каховіч.

Арганізатары заклікаюць далучацца да арганізацыі фестывалю актыўных берасцейцаў, якім цікава яго тэматыка і сучасныя фарматы вулічных святаў. Можна прапаноўваць свае ідэі для розных пляцовак актыўнасцяў. Можна аказваць валанцёрскую дапамогу падчас падрыхтоўкі і правядзення фэсту. Можна стаць спонсарам або партнёрам фестывалю. А можна паўдзельнічаць у сустрэчах з арганізатарамі падобных імпрэз з іншых гарадоў Беларусі і прыдумаць свае ўласныя “фішкі”. У бліжэйшыя месяцы дзяліцца ідэямі ў Берасце прыедуць эксперты ў арганизацыі фестывалей у Беларусі.

Далучыцца да каманды арганізатараў, спонсараў і валанцёраў Фестывалю гісторыі і культуры «Úlmus» можна з дапамогай гэтай формы.

На сённяшні момант на фестывалі «Úlmus» плануецца арганізаваць 11 пляцовак з рознымі актыўнасцямі:

  1. Інфазона (можна будзе даведацца пра свята і атрымаць мерч фестывалю).
  2. Пікнік.
  3. Фудкорт.
  4. Дзіцячая пляцоўка.
  5. Маркет (пляцоўка продажу вырабаў рамеснікаў і лакальных брэндаў).
  6. Лекторый (лекцыі па гісторыі Берасця, што насілі, як працавалі і дзе адпачывалі берасцейцы 500 год таму).
  7. Гістарычная лакацыя (візуальныя і інтэрактыўныя матэрыялы пра гісторыю Берасця).
  8. Сцэна (акустычны музычны канцэрт).
  9. Альтэрнатыўная пляцоўка анлайн-часопісу “Бінокль”.
  10. Турыстычная лакацыя (пляцоўка фізічных актыўнасцяў для дзяцей і дарослых).
  11. Арт-пляцоўка (лакацыя з інсталяцыямі і лэнд-артам).

Арганізатары фестывалю: Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» і Адміністрацыя Ленінскага раёну Берасця пры падтрымцы Берасцейскага гарвыканкаму. Галоўны інфармацыйны партнёр фестывалю – часопіс “Бінокль”. Арганізацыйныя партнёры: Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці, Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова Аазіс, “MYSA bag”, грамадскія арганізацыі “Час Зямлі”, “YMCA”, ініцыятывы “Гарадскі ляснічы”, “Зала чакання”.

Даведка: Назва фестывалю — «Úlmus» — перакладаецца з латыні як вяз, або бэрэст. Менавіта ад гэтага слова, па меркаванні даследчыкаў, паходзіць назва Берасця.

[supsystic-social-sharing id="1"]