У мінулым годзе Берасцейскі медыя-цэнтр наладжваў супрацу паміж НДА (недзяржаўнымі арганізацыямі) і СМІ. Рабіў гэта не стандартным спосабам «выступ лектара – канспект – кладоўка», а стварыў міні-інтэнсіў, фіналам якога сталі публікацыі распрацаваных матэрыялаў. Аб выніках супрацоўніцтва — ніжэй.

З 28 чэрвеня па 5 ліпеня прайшлі 3 сустрэчы, на якіх пары з журналістаў і актывістаў распрацоўвалі канцэпцыі будучых матэрыялаў. Выдавец citydog.by Сяргей Сахараў дапамог вызначыцца з агульнай тэмай і кірункам матэрыялу. Журналіст Антон Сурапін падзяліўся інструментамі, якімі можна карыстацца пры стварэнні артыкулаў. Арт-дырэктар 34mag.net і 34travel.me Кася Сырамалот раскрыла сакрэты візуалу.

Інтэнсіўная сумесная праца журналістаў і актывістаў прывяла да выпуску матэрыялаў: тэстаў, лангрыдаў на платформе «tilda» і г.д. Здавалася б, усё крута, усе задаволеныя. Але Берасцейскі медыя-цэнтр вырашыў зрабіць адначасова апытанне актывістаў і журналістаў, каб даведацца аб выніках сумеснага супрацоўніцтва. І вось што атрымалася.

Актывісты НДА: 82,2% апытаных актывістаў заўважылі павелічэнне колькасці публікацый аб НДА. Прыкладна столькі ж супрацоўнічалі са СМІ ў 2018 годзе. Больш за ўсё публікацый было пра культуру (44%), экалогію (22%) і нефармальную адукацыю (22%). А вось самым папулярным фарматам па-ранейшаму застаецца старое-добрае інтэрв’ю. Ідэальным актывісты бачаць супрацоўніцтва, калі СМІ ідуць на сустрэчу, даносяць інфармацыю да чытача, не скажаючы яе, і ідуць на кантакт з усімі арганізацыямі.

Журналісты: У журналістаў сітуацыя падобная. 80% апытаных заўважылі павелічэнне публікацый аб НДА, а 90% яшчэ і супрацоўнічала з імі. Самую вялікую ўвагу СМІ надавалі культуры, экалогіі і ахове жывёл. Журналісты таксама лічаць, што НДА варта ствараць цікавыя інфанагоды, часцей кантактаваць з імі і смялей прапаноўваць публікацыі. Ну а каб актывістам было прасцей знайсці агульную мову са СМІ, можна зазірнуць па спасылцы. Усярэдзіне — 10 картак, якія дапамогуць выбудаваць адносіны з журналістамі.

Берасцейскі медыя-цэнтр — праект Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч». У яго межах праводзяцца лекцыі, семінары, распрацоўваюцца праекты. Усё для таго, каб прапампаваць лакальныя НДА і СМІ і навучыць іх працаваць адно з адным.

[supsystic-social-sharing id="1"]