Усходнееўрапейская школа палітычных даследаванняў (УШПД) сумесна з Радай Еўропы аб’яўляе конкурс на ўдзел у праграме 2019 г. для грамадзян і грамадзянак Рэспублікі Беларусь узростам да 35 год. Заняткі будуць праводзіцца ў выглядзе трох сесій, першую з якіх плануецца правесці 20 красавіка (месца правядзення будзе вызначана пазней), другую – з 15 па 20 мая у Будапешце, а апошнюю – 8-10 лістапада ў Страсбургу (Сусветны Форум за дэмакратыю).

Паміж сесіямі плануецца правядзенне дыскусій, даследчых праграм і мерапрыемстваў па распаўсюджванні атрыманых ведаў. Удзел у кожнай сесіі з’яўляецца абавязковай умовай для ўдзелу ў Сусветным форуме за дэмакратыю. Тыя, хто паспяхова пройдзе курс навучання, атрымаюць дыплом Рады Еўропы.

У тэматыку заняткаў уваходзяць пытанні сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця Беларусі і іншых краін, рэформ і трансфармацый у розных краінах, еўрапейскай інтэграцыі і еўрапейскіх каштоўнасцяў. Удзельнікам і ўдзельніцам будуць прапанаваны інтэрактыўныя метады працы, якія спрыяюць асабістаму развіццю. У якасці выкладчыкаў выступяць эксперты і эксперткі з ЕС, Беларусі і іншых краін.

Да ўдзелу запрашаюцца: прадстаўнікі і прадстаўніцы дзяржаўных выбарных і адміністрацыйных органаў, дзяржаўных устаноў, прадстаўнікі і прадстаўніцы недзяржаўнага сектара эканомікі, грамадскіх аб’яднанняў, тыя, хто працуе ў сферах навукі і адукацыі, палітыкі і журналістыкі, паліталогіі, эканомікі і юрыспрудэнцыі ва ўзросце да 35 гадоў, якія маюць значныя дасягненні ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці. Як правіла, для ўдзелу неабходна мець вышэйшую адукацыю.

Удзельнікі і ўдзельніцы праграмы аплачваюць: кошт шэнгенскай візы і страхоўкі, а таксама арганізацыйныя выдаткі ў памеры 150 еўра. Астатнія выдаткі аплачваюць арганізатары.

Як прыняць удзел?

Адбор удзельнікаў і ўдзельніц  здзяйсняецца на падставе анкет. Анкету неабходна выслаць у электроннай форме на адрас: [email protected] да 20 сакавіка. У дадатак да анкеты трэба таксама выслаць наступныя дакументы:

  • свой фотаздымак памерам не менш як 1000 пикселаў па меншым баку у фармаце JPEG;
  • рэзюмэ (CV);
  • кароткую инфармацыю пра сябе (максімум – па два абзацы на английскай і беларускай ці рускай мовах);

Назвы файлаў: PROZVISHCHA_IMIA_2019 (напрыклад, VASILEVICH_KATSIARYNA_2019), а пасля – _Anketa, _Photo, _CV, _brief.

Форму анкеты-заяўкі і прыклад кароткага рэзюмэ можна знайсці тут.

[supsystic-social-sharing id="1"]