Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Дзедзіч & Ко

Берасцейскі гарвыканкам адказаў на рэзалюцыю Форуму НДА Берасцейшчыны

Форум НДА, які прайшоў 8 снежня мінулага году, у выніковай рэзалюцыі заклікаў мясцовыя улады, бізнэс і СМІ аказваць падтрымку ў развіцці грамадзянскай супольнасці. Чатыры прапановы з рэзалюцыі былі накіраваны Агенцтвам рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” у адрас гарадскіх і абласных выканаўчых уладаў. Адказу ад аблвыканкаму пакуль няма, а з гарадскога выканаўчага камітэту атрыманы адказ за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама А.А. Філановіча.

У першым пункце свайго звароту да ўладаў удзельнікі Форуму прапаноўвалі распрацаваць і штогод рэалізоўваць адкрытыя конкурсы праектаў, накіраваных на развіццё лакальных супольнасцяў, для грамадскіх, некамерцыйных арганізацый і валанцёрскіх ініцыятыў за кошт сродкаў абласнога, гарадскіх і раённых бюджэтаў. У адказе гарвыканкама адзначана, што: “Гарвыканкам падтрымлівае, асабліва ў год 1000-годдзя, разнастайныя карысныя формы праявы ініцыятывы. Напрыклад, Мясцовым дабрачынным фондам “Брэст. 1000-гадоў” быў праведзены адкрыты конкурс праектаў”.

Асобны пункт тычыўся таго, каб у вызваленых пасля пабудовы новых адміністрацыйных будынкаў памяшканнях (а ў Берасці гэта будынкі пракуратуры, суда, падатковай інспекцыі, следчага камітэта, упраўлення фінансаў) стварыць у буйных гарадах вобласці грамадскія хабы (інкубатары, паркі) грамадзянскай супольнасці, якія б аказвалі падтрымку новым грамадскім ініцыятывам праз прадастаўленне памяшкання, тэхнічную, кансультатыўную і інфармацыйную падтрымку. На гэтую прапанову быў дадзены адказ: “Вылучэнне ў адміністрацыйных будынках плошчаў для грамадскіх арганізацый ажыццяўляецца ў рамках заканадаўства”.

Трэцяя прапанова – пра тое, пра што ў апошні час вельмі часта ідзе гаворка ў трэцім сектары: фінансавая падтрымка з боку бізнеса. Удзельнікі Форуму прапанавалі распрацаваць і прыняць лакальныя нарматыўныя акты, якія б стумулявалі прыватны бізнэс аказваць фінансавую падтрымку дзейнасці няўрадавых арганізацый. На гэтую прапанову гарвыканкам адказвае: “Падтрымка грамадскіх аб’яднаняў, у тым ліку моладзевых, знаходзіцца ў прыярытэтах дзяржаўнай палітыкі. Так, у рэспубліканскі рэестр аб’яднанняў, якія карыстаюцца дзяржаўнай падтрымкай, уключаны такія арганізацыі, як:

  • Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр;
  • Грамадскае аб’яднанне “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”;
  • Грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”;
  • Рэспубліканская моладзевая грамадская арганізацыя “Ліга добраахвотнай працы моладзі”;
  • Моладзевае грамадскае аб’яднанне “Беларускі КВЗ”;
  • Грамадскае аб’яднанне “Беларуская ліга інтэлектуальных каманд”;
  • Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя клубаў “ЮНЭСКА”;
  • Дзіцячае грамадскае аб’яднанне “Асацыяцыя беларускіх гайдаў”;
  • Беларуская моладзевая грамадская арганізацыя выратавальнікаў-пажарных;
  • Дзіцячая грамадская арганізацыя “Беларуская рэспубліканская скаўцкая арганізацыя”;
  • Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларуская федэрацыя Шатакан каратэ-до”;
  • Рэспубліканскі саюз грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі камітэт моладзевых арганізацый”;
  • Рэспубліканскае моладзевае грамадскае аб’яднанне “Беларуская федэрацыя старадаўняй аўтатэхнікі “Барэтра”;
  • Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”;
  • Грамадскае аб’яднанне “Беларуская арганізацыя сацыяльнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў “Мы – дзецям”;
  • Міжнародная асацыяцыя моладзевых грамадскіх арганізацый пажарных-выратавальнікаў;
  • Грамадскае аб’яднанне “Беларускі камітэт Спешыал Алімпікс”.

На чацвёртвую прапанову, якая заклікала больш актыўна ўводзіць працэдуры дзяржаўнага сацыяльнага заказу, улады ўвогуле ніяк не адказалі.

Дырэктар АРР “Дзедзіч” Дзмітрый Шыманскі пракаментаваў атрыманы адказ:

– Натуральна, мы не чакалі станоўчага адказу па ўсіх прапановах. Але па некаторых пунктах хацелася б большай канкрэтыкі, некаторыя – не маюць адказу па сутнасці. Мы яшчэ чакаем адказу ад аблвыканкаму, а пасля паспрабуем сустрэцца з гарадскім і абласным кіраўніцтвам і атрымаць больш дэтальныя адказы на прапановы Форуму НДА. Я перакананы, што ў мясцовых уладаў ёсць разуменне важнасці фармавання паўнавартаснай грамадзянскай супольнасці. Мы спрабуем давесці, што грамадзянская супольнасць не павінна абмяжоўвацца падкантрольнымі і лаяльнымі структурамі кшталту БРСМ, што каштоўнасць для дзяржавы – акурат у разнастайнасці ідэй, падыходаў, практык, якія могуць прадукаваць незалежныя арганізацыі, валанцёрскія ініцыятывы, актыўныя грамадзяне. А ў падтрымку гэтай разнастайнасці ўлады павінны ствараць спрыяльныя умовы для ўсіх структур грамадзянскай супольнасці.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *