З 9 па 10 лютага ў Берасці эксперткі Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый правялі першы трэнінг у рамках доўгатэрміновага адукацыйнага курсу «Біржа ідэй».

Асноўная задача гэтага курса – дапамагчы рэалізаваць мясцовыя ініцыятывы, улічваючы меркаванні ўсіх членаў супольнасці і прыцягнуць да ўдзелу ўразлівыя групы людзей, чые інтарэсы нярэдка застаюцца незаўважанымі.

На першым трэнінгу ўдзельнікаў і ўдзельніц курса вучылі як прыдумаць крэатыўную ідэю для сваёй супольнасці, і распавялі, якія механізмы можна выкарыстоўваць, каб выявіць галоўныя праблемы, якія існуюць у супольнасці. Дарэчы, удзельнікамі курса сталі як берасцейцы, так і жыхары Каменца, Пружан, Пінска і Кобрына.

Эксперткі ОЕЭК Марына Корж і Валерыя Ваўкагонава дапамаглі ўдзельнікам вызначыць мэтавую аўдыторыю, хто можа быць уцягнуты ў рэалізацыю іх ініцыятыў і вырашэння мясцовых праблем супольнасці. Асаблівая ўвага была нададзена пытанням інклюзіі. Юрый Мяцельскі, з праваабарончага цэнтра “Вясна”, распавёў пра важнасць грунтавання працы актывіста на правах чалавека і пра тое, як можна рэалізоўваць і адстойваць правы ўсіх членаў супольнасці.

У рамках курса “Біржа ідэй” удзельнікі і ўдзельніцы не толькі пройдуць тэарэтычнае навучанне, але распрацуюць і змогуць рэалізаваць уласныя ініцыятывы любой тэматыкі, скіраванай на мясцовыя праблемы. Будуць вітацца дзеянні з удзелам прадстаўнікоў уразлівых груп: вясковай моладзі або моладзі са спальных раёнаў, людзей з інваліднасцю, людзей, якія ўшчэмленыя ў сваіх правах, людзей сталага ўзросту.

Наступная сустрэча пройдзе 2 і 3 сакавіка па тэме “Як з ідэі стварыць ініцыятыву і вырашыць праблему праз актыўны ўдзел супольнасці, уключаючы ўсіх”.

Курс “Біржа ідэй” ладзіцца ў межах супольнай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, CityDog.by, vitebsk4.me, “Бінокль”, “Рэгіянальнай газеты” і АРР “Дзедзіч”.

[supsystic-social-sharing id="1"]