30-хвілінная драма беларускага рэжысёра, Аляксея Палуяна была ўзятая ў міжнародны конкурс на галоўны ў свеце кінафестываль кароткага кіно Клермон-Феран (Clermont Ferrand International Short Film Festival). Яе адабралі з 9238 фільмаў з усяго свету.

У межах фэста-2019 з 1 па 9 лютага адбудзецца восем паказаў «Возера радасці», фільм паглядзяць на беларускай мове з англійскімі і французскімі субцітрамі.

Стужка Палуяна здымалася цалкам у Беларусі, з беларускімі ацёрамі і айчыннай музыкай для афармлення. Асноўнымі месцамі развіцця падзей сталі чатыры вёскі Ляхавіцкага раёна — Востраў, Альхоўцы, Ліпск і Любейкі.

Усе гэтыя краявіды можна пабачыць у афіцыйным трэйлеры фільма, які сёння стаў даступны масавай аўдыторыі.

Сваімі ўражаннямі ад трэйлера ўжо паспеў падзяліцца Віктар Марціновіч, аўтар кніжкі, якая і стала асноўным матэрыялам для караткаметражкі.

«Навіна пра тое, што фільм па «Возеры радасці» патрапіў у асноўную праграму фестываля ў Клермон-Феран, заспела мяне далёка ад Радзімы. Памятаю, як, атрымаўшы sms ад Аляксея, спусціўся да мора, якое было дужа неспакойным: хвалі малацілі ў бераг, шыпела пена, віравалі адбойныя плыні. Я глядзеў на ваду і думаў, што вось цікава: піянеры кінематографа здымалі прыбыццё цягніка, выхад працоўных з фабрыкі, але не здымалі такую цудоўную рэч, як прыбой ці шторм. Чаму? Мабыць, таму, што менавіта ў прыбыцці цягніка ці жыцці заводаў вынаходнікам кінематографа мроіўся подых часу, нерв эпохі, сугучны такой «мадэрновай» з’яве, як кіно. І вось, значна пазней, прыйшоў Таркоўскі і паглядзеў на ваду. І зразумеў, што кінематограф зроблены для таго, каб паказаць яе рухлівасць, яе хуткабежнасць, яе бляск. І з той пары вадой сталі захапляцца шмат якія мастакі. Тое самае  з Беларуссю ў «Возеры радасці» Аляксей Палуяна. Шмат хто да гэтага фільма выказваўся пра нашую краіну. Пра яе дзівоцтвы, пра яе загадкавасць і прыгажосць. Аляксей гэта робіць вельмі па-свойму, і ягоная мова зразумелая еўрапейцам.

Але ж самае светлае ў гэтай гісторыі  тое, што гераіню «Возера» Ясю грала дзевяцігадовая (на момант пачатку здымак) дзяўчынка Настасся Пляц, гадаванка магілёўскага інтэрната. Да гэтага моманту Настасся ніразу не была за мяжой. На пачатку лютага яна едзе ў Францыю зоркай фестывальнага кіно, з’явіцца на адным (а, можа, і не на адным!) з васьмі прэм’ерных паказаў. І мне вельмі радасна за яе. Думаю, такія падзеі, перажытыя ў дзяцінстве, застаюцца ў памяці на ўсё жыццё».

nn.by

 

[supsystic-social-sharing id="1"]