Наяўнасць у краіне разгалінаваных, рознаўзроўневых структур грамадзянскай супольнасці з’яўляецца неад’емнай прыкметай сучаснага грамадства, сведчаннем высокага ўзроўню адказнасці грамадзян, уключанасці іх у працэсы прыняцця рашэнняў. Развітая грамадзянская супольнасць эфектыўна выкарыстоўвае механізмы абароны правоў і інтарэсаў грамадзян, актыўна ўплывае на фармаванне грамадскай думкі, прапаноўвае шляхі вырашэння актуальных праблем грамадства.

Мы, прадстаўнікі грамадскіх і некамерцыйных арганізацый, валанцёрскіх ініцыятыў Берасцейскай вобласці з прыемнасцю канстатуем стабільны ўзровень актыўнасці структур грамадзянскай супольнасці ў Берасцейскім рэгіёне, адзначаем рост цікавасці да грамадскай дзейнасці з боку маладога пакалення, вітаем з’яўленне новых грамадскіх арганізацый і ініцыятыў.

У імкненні да далейшага развіцця і ўмацавання структур грамадзянскай супольнасці звяртаемся да жыхароў Берасцейскай вобласці, прадстаўнікоў бізнэса, органаў улады, сродкаў масавай інфармацыі актыўна ўзаемадзейнічаць з грамадскімі арганізацыямі і ініцыятывамі і накіроўваем адрасныя прапановы:

прадстаўнікам бізнэса:

  • выкарыстоўваць прынцыпы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці пры вядзенні бізнэса,
  • развіваць дачыненні з грамадскімі арганізацыямі, блізкімі да сферы і тэматыкі вашага бізнэса,
  • укараняць карпаратыўныя традыцыі валанцёрства, у тым ліку праз валанцёрскую дапамогу грамадскім арганізацыям, стымуляваць і заахвочваць валанцёрскія ініцыятывы супрацоўнікаў,
  • аказваць падтрымку структурам грамадзянскай супольнасці сярод вашай мэтавай аўдыторыі.

органам мясцовай улады, абласному, гарадскім і раённым выканаўчым камітэтам:

  • Распрацаваць і штогод рэалізоўваць адкрытыя конкурсы праектаў, накіраваных на развіццё лакальных супольнасцяў, для грамадскіх, некамерцыйных арганізацый і валанцёрскіх ініцыятыў за кошт сродкаў абласнога, гарадскіх і раённых бюджэтаў,
  • Больш актыўна ўводзіць працэдуры дзяржаўнага сацыяльнага заказу,
  • Распрацаваць і прыняць лакальныя нарматыўныя акты, якія б стумулявалі прыватны бізнэс аказваць фінансавую падтрымку дзейнасці няўрадавых арганізацый.
  • На вызваленых пасля будаўніцтва новых адміністрацыйных будынкаў плошчах стварыць у буйных гарадах вобласці грамадскія хабы (інкубатары, паркі) грамадзянскай супольнасці, якія б аказвалі падтрымку новым грамадскім ініцыятывам праз прадастаўленне памяшкання, тэхнічную, кансультатыўную і інфармацыйную падтрымку.

прадстаўнікам медыя-прасторы рэгіёна:

  • Імкнуцца да павялічвання колькасці публікацый пра дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці,
  • Выкарыстоўваць сучасныя інтэрактыўныя формы падачы інфармацыі пра дзейнасць НДА (сторытэллінг, аўтарскія праекты, карткі і інш.) з мэтай павышэння цікавасці аўдыторыі,
  • Больш актыўна публікаваць анонсы пра акцыі і мерапрыемствы НДА (у тым ліку ў рубрыках кшталту “Куды схадзіць на выходных”),
  • Развіваць партнёрства і супольныя праекты з мясцовымі НДА, запрашаць іх прадстаўнікоў выказвацца па вострых пытаннях грамадскага жыцця,
  • прадастаўляць пляцоўку для правядзення прэсавых канферэнцый ці іншых мерапрыемстваў.

Вышэйпазначаныя прапановы будуць спрыяць далейшаму развіццю беларускага грамадства, садзейнічаць умацаванню структур грамадзянскай супольнасці, росту грамадскай актыўнасці і ўключэнню новых колаў насельніцтва ў стваральную грамадска-карысную дзейнасць.

[supsystic-social-sharing id="1"]