8 снежня ў Берасці адбыўся Форум НДА Берасцейшчыны, які сабраў каля 80 прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый вобласці, прадстаўнікоў бізнэс-супольнасці, СМІ, гасцей з Менску, Гомеля, Віцебску і Варшавы. Удзельнікі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця грамадзянскай супольнасці на Берасцейшчыне і звярнуліся з адкрытым зваротам да мясцовых уладаў, СМІ і бізнэсоўцаў з заклікам больш актыўна ўзаемадзейнічаць з грамадскімі арганізацыямі.

01-min

Арганізатарам Форуму выступіла Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” у партнёрстве з Асамблеяй НДА “Беларусі”.

18-min

Асноўная праца на Форуме была разбіта на тры тэматычная блокі: дачыненні паміж НДА і мясцовымі уладамі, супраца са СМІ і фінансаванне грамадскіх арганізацый. Экспертаў запрашалі з розных рэгіёнаў Беларусі: выступалі прадстаўнікі Social Weekend, Фонду Льва Сапегі, кампаніі “Будзьма Беларусамі”, міжнароднай арганізацыі Pact і інш.

Падчас абмеркавання гучалі цікавыя прапановы ад экспертаў і ўдзельнікаў, якія пасля былі сфармаваныя ў выніковую рэзалюцыю Форуму. Так, прадстаўнік “Вячэрняга Брэста” Барыс Паўлоўскі выказаў ідэю стварэння агульнага партала НДА Берасцейшчыны. Прадстаўнікі часопісаў Citydog і Бінокль прапаноўвалі больш выкарыстоўваць сучасныя інтэрактыўныя формы падачы інфармацыі пра дзейнасць НДА: сторытэллінг, аўтарскія праекты, карткі і інш. Гучалі прапановы ў адрас бізнэса карыстацца прынцыпамі карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, развіваць традыцыі валанцёрства сярод сваіх супрацоўнікаў. А ў адрас мясцовых уладаў прадстаўнікі трэцяга сектару скіравалі прапанову праводзіць адкрытыя конкурсы праектаў, накіраваныя на развіццё лакальных супольнасцяў, за кошт сродкаў абласнога, гарадскіх і раённых бюджэтаў.

05-min

Па словах кіраўніка АРР “Дзедзіч” Дзмітрыя Шыманскага, Форум дасягнуў сваёй мэты:

— Па-першае, мы хацелі, каб прадстаўнікі НДА Берасцейшчыны пазнаёміліся паміж сабой, наладзілі камунікацыю – адзначыў Д. Шыманскі. – А галоўным вынікам Форуму я лічу рэзалюцыю – зварот, які ўдзельнікі накіравалі ў адрас мясцовых улад, СМІ і бізнэса. Ён заклікае больш актыўна ўзаемадзейнічаць з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і дапамагаць развіццю трэцяга сектара на Берасцейшчыне.

Падчас Форуму прайшло ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу “Валанцёр года на Берасцейшчыне” і “Праект года на Берасцейшчыне”. Лепшымі валанцёрамі сталі Ганна Хаміцкая і Анастасія Чайчыц, якія атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі. Гран-пры конкурсу “Праект года” атрымала ініцыятыва “Дыялекты” з анлайн-мапай аўдыёзапісаў дыялектных гаворак Беларусі. Прызы ў розных намінацыях атрымалі таксама 13 іншых праектаў з розных раёнаў вобласці.

04-min 09-min

Акрамя гэтага, Форум быў напоўнены рознага кшталту актыўнасцямі: удзельнікі і госці пазнаёміліся адзін з адным з выкарыстаннем методыкі “Speed dating”, прэзентавалі свае арганізацыі падчас працы “Адкрытага мікрафона”, паўдзельнічалі ў воркшопе па бяспецы мабільнага тэлефону, пазнаёміліся з вынікамі апытання “Стан і патрэбы НДА Берасцейшчыны”, якое АРР “Дзедзіч” праводзіла ў верасні 2018г. Удзельнікі Форуму дамовіліся стварыць агульную камунікацыйную пляцоўку і агульнадаступны гугл-каляндар, каб узгадняць свае планы з планамі іншых НДА ў рэгіёне.

14 15-min

Таксама ўдзельнікі Форуму выказалі сваю салідарнасць з актывістамі кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасцейскім раёне і прынялі адпаведную рэзалюцыю.

Завяршылася імпрэза канцэртам берасцейскага folk-rock гурта Cad Goddeu.

06-min

Rezalyutsyya_Forumu_NDA

Rezaliut-AKB-Forum-NDA

[supsystic-social-sharing id="1"]