Анлайн ныццё з нагоды недахопу ў горадзе культурных мерапрыемстваў даўно перацякло ў хранічную форму. Рабяты з праекту #999 вырашылі падысці да гэтай праблемы комплексна. Адной з формаў барацьбы супраць гарадской апатыі стала апытанне гараджан з матывуючай назвай”Ёсць ідэі – прапануй”. На працягу месяца берасцейцы атакавалі гугл-форму, адказваючы на тэматычныя пытанні. Пра вынікі апытання – ніжэй.

Праект # 999 стартаваў у жніўні. Ідэйныя натхняльнікі – Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”. Мэта – выцягнуць гараджан на дыскусію і палепшыць сітуацыю вакол публічных мерапрыемстваў у горадзе. З верасня ў офісе на Маякоўскага сваім вопытам дзяліліся арганізатары буйных беларускіх фестываляў і канцэртаў: SPRAVA, Stereo-weekend, FSP і г.д.

Паралельна была сфармавана працоўная група, якая склала анлайн-апытальнік для берасцейцаў. Дзяліцца сваім меркаваннем можна было на любых умовах, у тым ліку і пры поўнай ананімнасці. Галоўнае – сабраць найбольшую колькасць меркаванняў ад неабыякавых гараджан.

Вынікі паказалі, што большасць (65%) берасцейцаў лічаць, што гораду не хапае актыўнасці. Канцэрты, вулічныя фэсты, лекцыі, квэсты, экскурсіі – усяго гэтага павінна быць больш. Асабліва для ўзросту 12-18 гадоў.

Існуючыя формы правядзення культурных мерапрыемстваў таксама не ідэальныя і маюць патрэбу ў паляпшэнні. Жыхары горада лічаць, што ім не хапае актуальнасці, актыўнага прасоўвання і еўрапейскай накіраванасці. Гэтаму перашкаджае існуючы “афіцыёз” і шашлыкі з гарэлкай – стабільны атрыбут практычна любой гарадской “двіжухі”.

Вынікі апытання не абмяжуюцца адной нататкай. Як толькі іх сабралі, працоўная група адправіла іх у гарвыканкам. Хто ведае, можа святкаванне тысячагоддзя Берасця парадуе новымі фарматамі. З мінімальным узгадваннем тэмы ВАВ і адсутнасцю турнікетаў.

1 2

Топ-фарматаў святкавання тысячагоддзя горада па версіі берасцейцаў:

  • Мерапрыемствы на тэму розных гістарычных этапаў горада;
  • Тэматычныя фестывалі;
  • Галаграмы старога горада;
  • Культурніцкія майстар-класы;
  • Канцэрты сучаснай і класічнай музыкі;
  • Мерапрыемствы, звязаныя з паляпшэннем гарадскога асяроддзя;
  • Роварныя прабегі;
  • Марафоны;
  • Вулічны тэатр;
  • Фэст нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Берасці.
2