Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Гісторыя

Тампліеры ХХІ стагоддзя, альбо Навошта Рада БНР сёння?

Навошта незалежнай беларускай дзяржаве яшчэ адзін урад, які амаль 100 апошніх гадоў знаходзіцца за мяжой? Што такое Рада БНР сёння – музей, архіў альбо палітычная структура?

bnr_tampliery

Як мы памятаем, праекту БНР абставіны не далі шансу рэалізавацца і замацавацца на сваёй зямлі 100 гадоў таму. Фактычна, ад 1919 года кіраўніцтва БНР у выглядзе некалькіх груповак знаходзіцца за мяжой. Пасля Берлінскай канферэнцыі 1925 года большасць урадоўцаў здае мандаты на карысць БССР, але не Пятро Крэчэўскі: той мандат захоўвае і стварае сваю Раду, якая працягвае працу ў замежжы.

Чарговым надломам у гісторыі БНР стаўся момант смерці старшыні Васіля Захаркі ў Празе ў 1943 годзе: той усё ж паспеў перадаць “дзяржлегітымнасць” у якасці запавету Ларысе Геніюш і Міколу Абрамчыку. Так сімвалічны сцяг БНР перавандроўвае спачатку ў Парыж, пасля – за акіян, у Канаду, яшчэ далей ад Радзімы.

Змена пакаленняў

У паваенны час Рада БНР ператварылася ў спектр, які аб’яднаў безліч эміграцыйных асяродкаў, расцярушаных па свеце. На той момант касцяк эміграцыі, а значыць, і БНР, складалі ўжо не эмігранты старога пакалення, але новая хваля – беларусы, якія былі змушаныя пакінуць Радзіму ў 1944-м, перад чарговай хваляй сталінскага тэрору.

Чым займалася Рада БНР за мяжой? Фактычна, гэта была інфармацыйна-асветніцкая праца ў рэаліях Халоднай вайны: заходнім палітыкам варта было тлумачыць беларускія рэаліі і нагадваць пра магчымасць іншай дэмакратычнай Беларусі. Напрыклад, дзякуючы Радзе БНР паўстала Радыё “Вызваленне”, якое з часам эвалюцыянавала ў беларускую рэдакцыю Радыё “Свабода”, што існуе і дагэтуль.

Адначасна гэта функцыя зямляцтва, якое дапамагала шматлікім суайчыннікам не згубіцца ў глабалізаваным свеце. Больш за тое, давала магчымасць беларусам-уцекачам чытаць свае кнігі і газеты, хадзіць на тэатральныя пастаноўкі і царкоўныя службы па-беларуску, адзначаць свае святы сярод сваіх, а дзяцей аддаваць у беларускія скаўцкія дружыны.

Пах Трэцяй сусветнай

Ці марыла Рада БНР у замежжы пра вялікую палітыку і вяртанне на Радзіму? Відаць, так, асабліва калі казаць пра канец 1940-х і пачатак 1950-х, калі ў паветры пахла Трэцяй сусветнай і новым перадзелам свету. Тым больш што ў беларускім асяродку хапала камбатантаў, якія прайшлі Другую сусветную і ўмелі трымаць зброю ў руках.

Акурат да гэтага перыяду адносіцца і “Місія Філістовіча”, які скокнуў з парашутам над Налібоцкай пушчай, ведаючы, што назад ужо не вернецца. Сюды ж можна залічыць і спробы беларусаў арганізавана выпраўляцца на вайну ў Карэі ды В’етнаме, каб ваяваць супраць саветаў у любым месцы свету і трымаць порах сухім…

1991-ы – час перадаваць паўнамоцтвы?

Дзякаваць Богу, Трэцяя сусветная так і не пачалася, а Рада БНР пераключылася на культурніцкую і архіўна-музейную функцыю. Менавіта дзякуючы радным БНР у замежжы захоўвалася ўсё тое, што ў СССР альбо знішчалася, альбо захоўвалася ў таемных сейфах пад грыфам “сакрэтна”. Гэта архіўныя дакументы беларускага руху, кнігі забароненых аўтараў, фотаздымкі, рукапісы, урэшце, сама мова, якая ў БССР актыўна падмянялася рускай.

Нічога не бярэцца з ніадкуль. Калі казаць пра нацыянальнае адраджэнне мяжы 1980 – 1990-х, то тагачасны беларускі актыў атрымліваў натхненне і веды менавіта са скарбаў і глыбіняў, назапашаных дыяспарай. Усё тое, чаго  не было ў БССР, дзе беларушчына абмяжоўвалася Шамякіным і Мележам, было ў эміграцыі.

Але чаму Рада БНР не перадала свае дзяржаўныя паўнамоцтвы незалежнай Беларусі, якая паўстала ў 1991-м? Зрэшты, менавіта так зрабілі ўрады на выгнанні большасці рэспублік, якія ўваходзілі ў савецкі блок: польскі, літоўскі, украінскі і інш. Перадача паўнамоцтваў сапраўды планавалася, але была часова прыпыненая пасля адкату беларусізацыі ў сярэдзіне 1990-х і новай пагрозы незалежнасці з усходу.

Захавальнікі святла

Сёння Рада БНР – гэта структура з васьмідзесяці радных, якія збіраюцца на сесіі раз на два гады, пад кіраўніцтвам старшыні Івонкі Сурвілы. Функцыянал сённяшняга БНР – усё тая ж культурная і дыпламатычная праца, прадстаўленне інтарэсаў беларускай дыяспары за мяжой і на Радзіме.

Ці ёсць Рада БНР у замежжы пэўным рэліктам эпохі, атавізмам мінулага? Мабыць, не ў меншай ступені, чым кампартыя Беларусі. У нейкім сэнсе БНР – гэта супрацьвага і таблетка ад вяртання камунізму ў наш край.

Да сённяшняга дня БНР з’яўляецца фактычна захавальніцай традыцыі беларускай нацыянальнай дзяржавы, без аглядак на палітычную кан’юнктуру. Такія сабе тампліеры, якія берагуць грааль чыстай нацыянальнай ідэі і ахоўваюць святло, якое заззяла беларусам 100 гадоў таму.

Алесь Кіркевіч

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *