«Дамы зручныя ў побыце» («дамы удобные в быту» па-руску). Гэта фраза была напісана адным з журналістаў «СБ» у дачыненні да журналістак, затрыманых па справе «БелТА». Можна было б проста не звярнуць на яе ўвагу, але такое азначэнне працы журналістак, прафесіяналаў сваёй справы, выходзіць далёка за межы дадзенай сітуацыі. Менавіта таму ў Беларусі запусцілі праект пад назвай «Дама, зручная ў побыце».

«У беларускім грамадстве і медыя нярэдкія выпадкі, калі аргументы, якія апелююць да месца жанчыны ў грамадстве, а дакладней яе месца «на кухні», часта выкарыстоўваюцца ў якасці ацэнкі прафесійных дзеянняў жанчын у публічнай прасторы. Праца жанчыны-журналісткі, мастачкі, кіраўніцы аказваецца звязанай з гендарнымі характарыстыкамі. Мэта праекта #дамазручнаяўпобыце — крытычнае асэнсаванне сітуацыі няроўнасці жанчын і мужчын у беларускім грамадстве, прадстаўленая на розных узроўнях: ад моўнага (калі адны сацыяльныя суб’екты дазваляюць сабе ў дачыненні да іншых азначэнні з серыі «малпа з гранатай», «векавуха» ці «зручная ў побыце дама»), так і эканамічна (калі розніца ў заробках мужчын і жанчын на адных і тых жа пазіцыях адрозніваецца)», — называюць мэты праекта арганізатары.

Як збіраюцца працаваць з гэтай тэмай?

Па-першае — распаўсюджваць партрэты вядомых жанчын, без якіх немагчыма ўявіць сучасную Беларусь. Алена Аладава, Алаіза Пашкевіч, Вера Ермалаева і іншыя асобы стаялі ля вытокаў рэвалюцыйных эканамічных рэформаў, стваралі музеі, выдавалі кнігі і ўдзельнічалі ў розных палітычных рухах.

Па-другое, даводзіць да людзей лічбы, якія паказваюць сацыяльнае і эканамічнае становішча жанчын у Беларусі.

Стваральнікі праекта будуць друкаваць плакаты і паштоўкі з інфармацыяй пра тое, як мала жанчын займаюць пасады рэктараў ВНУ, а колькі пры гэтым кожны дзень цягнуць на сабе хатнюю гаспадарку, бо так «прынята».

Акрамя гэтага, у межах праекта заклікаюць усіх неабыякавых падзяліцца ўласнымі гісторыямі гендарнай дыскрымінацыі. Пад хэштэгам #дамаудобнаявбыту у сеціве ўжо з’явіліся першыя гісторыі.

Nina.nn.by

[supsystic-social-sharing id="1"]