Ужо ў наступным годзе Берасце адсвяткуе свой тысячагадовы юбілей. Горад з багатым гістарычным бэкграўндам мае пад сабой вельмі сціплы матэрыяльны пласт. Нашы веды пра сярэднявечны горад абмяжоўваюцца толькі паходамі ў музей «Бярэсце». Далей — прафілактыка эфіра і адразу будаўніцтва крэпасці.

У мінулую суботу ў адноўленым дворыку ААР «Дзедзіч» адбыўся тэматычны лекторый «999», дзе даследчыкі і эксперты запаўнялі прабелы жыхароў па сярэднявечнаму гораду. Мы схадзілі, паслухалі, занатавалі і абдумалі пачутую інфармацыю. Цяпер з невялікім перапынкам выдаем першую частку тэксту, у якім вы даведаецеся, чаму Плоска і Казловічы мелі больш цесныя сувязі з горадам, чым Гершоны, якую назву мела раней Пугачова і як сярэднявечнае Берасце стала ідэальным горадам без усялякай эксклюзіўнасці.   

Берасце. Пачатак.

Пра паходжанне назвы нашага горада чуў кожны. Па меншай меры, легенда, запісанная этнографам Шпілеўскім, залятала ў вушы ўсім, хто прыходзіў у знакаміты музей усходнеславянскага горада «Бярэсце». Сапраўды, калі адкінуць увесь рамантызм, то этымалогія назвы звязана хутчэй за ўсё з разнавіднасцю вяза — берастам.

IMG_1369 IMG_1370

— Лексемы гэтай назвы распаўсюдзіліся па добрай частцы Беларусі, — кажа Антось Дацкевіч, даследчык тапанiмiкi і тапаграфіі старажытнага Берасця. — Па-першае, гэта паўднёвая частка Беларусі: на поўдзень ад Наваградка, Менска, Случчыны, Бабруйска. Па-другое — усё беларускае Палессе, цэнтральная Беларусь, большая частка беларускага Панямоння і Гомельскае Падняпроўе (далей у Браншчыну). Калі казаць менавіта пра нашую лакальную тэрыторыю, то гэтую лексему можна сустрэць у ваколіцах Кобрына і Берасця, Белавежскай пушчы.

Тут вельмі важна зразумець розніцу паміж айконімам (уласнай назвай населеннага пункта) і тапонімам. Апошні мае на ўвазе назвы водных аб’ектаў, зямельных угоддзяў, пародаў дрэў і г.д. Таму спачатку павінен узнікнуць мікра-тапонім, які абазначае пэўную тэрыторыю (у выпадку нашага горада — дзе рос бераст). І толькі калі на той тэрыторыі ўзнікае паселішча, назва гэтага мікра-тапоніма айкаменізуецца і становіцца айконімам.

IMG_1378 IMG_1372

Тапонім «Бераст» не ўнікальны, і часцяком сустракаецца на ўсходнеславянскіх землях: малая і вялікая Бераставіца ў Гарадзенскай вобласці, Берестечко — у Валынскай, і г.д. Акрамя гэтага, Антось зафіксаваў у Маларыцкім раёне каля вёскі Старое Раматова ўрочышча «Берастова». Менавіта там знаходзіцца дуб-патрыярх — адно з найстаражытнейшых дрэў у Беларусі (помнік прыроды рэспубліканскага значэння). У гэтым урочышчы растуць ліствовыя пароды, блізкія да Вяза, — граб і г.д. Хутчэй за ўсё падобная тэрыторыя была і на сутоку Мухаўца з Заходнім Бугам да таго, як там узнікла паселішча — прататып Берасця.

— Што датычыцца тэрыторый узнікнення горада, то першае, на што трэба звярнуць увагу, — месцы, дзе знойдзены самыя старыя і раннія культурныя напластаванні і керамічны матэрыял. Гэта цэнтральны востраў, а менавіта каля Свята-Мікалаеўскага гарнізоннага сабора падчас раскопак Пятра Лысенкі. Месца помніка памежнікам каля Тэрэспальскай брамы ў ходзе даследаванняў Аляксандра Башкова. Таксама кераміка X стагоддзя выяўлена ў раёне казарм 33 палка падчас назіранняў Алега Іова. Усе знаходкі дакладна датуюцца апошняй чвэрцю X стагоддзя. Гэта гаворыць аб тым, што паселішча на тэрыторыі летапіснага Берасця павінна было ўзнікнуць у другой палове X стагоддзя.

IMG_1380 IMG_1374 IMG_1379

Цікава, што на тэрыторыі дзядзінца — гарадзішча летапіснага Берасця — матэрыялаў X стагоддзя не знойдзена (усе знаходкі датуюцца XI cт.). Нават Лысенка прызнае, што першапачатковае паселішча ўзнікае на цэнтральным востраве, хоць ён і памылкова называе яго вакольным горадам (вакольны горад — гэта ўмацаванае паселішча, а казаць пра яго наяўнасць у раннесярэднявечны перыяд няма падстаў). Якое прызначэнне было ў паселішча на гэты перыяд — невядома. Гэта мог быць пасад, гандлёва-рамесная тэрыторыя, пагост, дзе збіралі даніну, ці проста племянны цэнтр. Адказаць на гэта пытанне могуць толькі археалагічныя даследаванні.

Некропаль на месцы парка і зафіксаванае берасцейскае «уканне»

— Ужо ў XII стагоддзі за Мухаўцам з’яўляецца Замухавецкі пасад, пра што яскрава кажуць археалагічныя матэрыялы. Цікава тое, што ранняя кераміка (якая была знойдзена на Цэнтральным востраве) таксама выяўлена на Кобрынскім умацаванні: там, дзе пазней прыгадваецца яшчэ адно селішча — прадмесце Завугрынне, — працягвае Антось.

IMG_1382 IMG_1383

У X стагоддзі жыхары селішчаў не пакутавалі (як мінімум) на клаўстрафобію. Плошча жылой тэрыторыі налічвала некалькі гектараў (5 і больш). А вось хавалі людзей на курганным могільніку, які, магчыма, знаходзіўся на месцы сучаснага парка 1 Мая. Лічыцца, што ён быў знішчаны ў 30-я гады XX стагоддзя, калі будавалі ТЭЦ. Хутчэй за ўсё, тут знаходзіўся самы стары некропаль горада, але цалкам развеяць усе сумневы дапамогуць маштабныя археалагічныя раскопкі.

— Акрамя курганоў, на Пабужжы ў межах ракі Лясная ўжо ў XII стагоддзі фіксуюцца грунтавыя бескурганныя могілкі. Таму невялiкая колькасць курганоў у ваколіцах Берасця сведчыць аб тым, што пахавальны абрад праіснаваў некалькі стагоддзяў, а пасля зноў стаў бескурганным.

IMG_1388 IMG_1386

Адным з важнейшых дакументаў, які расказвае пра асаблівасці жыцця сярэднявечнага горада, з’яўляецца рэвізія берасцейскага староства 1566 года. Па ім можна даведацца пра назвы вуліц, паселішчаў і грамадска-сацыяльны статус горада. Напрыклад, у дакуменце прыгадваецца ўрочышча Ракітава, што знаходзілася паміж Шпаноўскім мостам, заходзіла на Захад і крыху на сучасны паварот на мост, што вядзе да бульвара Шаўчэнкі. А вось на месцы сучаснай Вулькі (тэрыторыя вуліцы Падгародская), магчыма, знаходзіўся фальварак Жукоўскі.

Сучаснае Пугачова (раней — вёска) таксама мела іншую назву — Жыровічы. У пачатку XVI стагоддзя фальварак Жукоўскі (лічы — Вулька) знаходзіўся паміж Гершановічамі (сучасные Гершоны) і землямі Жыровіч. Таму ёсць усе падставы лічыць, што назва сучаснай гарадской тэрыторыі была іншай.

IMG_1389 IMG_1390

— Калі казаць пра сучасны цэнтр, то гістарычны дакумент змяшчае цікавы факт пра вуліцу Тапалёва (сучасная 17 верасня). Месца яе знаходжання не супадае з прыгаданай у рэвізіі вёскай Тапалёва, якая, хутчэй за ўсё, размяшчалася ў раёне сучаснай вуліцы Леніна, паміж драмтэатрам і вольніцай.

Цікавосткі мінулага горада на гэтым не заканчваюцца. Так, вёскі, што былі размешчаны на правым баку Мухаўца, былі больш шчыльна звязаны са старым горадам, чым тыя, што займалі левы бок ракі. Прычына даволі простая: цэрквы, у якія хадзіла мясцовае насельніцтва, знаходзіліся на тэрыторыі Берасця. Напрыклад, царква святой Троіцы месцілася ў прадмесці Завугрынне (Кобрынскае ўмацаванне) каля вуліцы Вайтовай. У яе хадзілі жыхары вёсак Тапалёва, Шпановічы, Трышын, Гузні, а ў царкву Святога Міхаіла (тэрыторыя Брыгітскага манастыра) — насельніцтва Казловіч і Плоскі.

IMG_1384

Вядома, што ў ваколіцах Берасця быў свой дыялект і для жыхароў было ўласціва «уканне». Напрыклад, замест слоў «карова», «малако» берасцейцы казалі «курова» і «мулуко». Пра эта таксама сведчыць дакумент рэвізіі, дзе малады даследчык знайшоў слова, у якім адлюстравана гэта «уканне». Магчыма, чалавек, які яго запаўняў, памыліўся і напісаў слова на той гаворцы, на якой размаўлялі жыхары горада і ваколіц. Зразумеўшы сваю памылку, ён закрэсліў «у» і зверху напісаў правільную літару «о». Але такая невялічкая хібнасць дазваляе даследчыкам казаць пра адметнасць мясцовай гаворкі.

Падаткі застаюцца ў горадзе, а Берасце бярэ прыклад са сталіцы

— Наш з вамі горад не мае той адметнасці, на якую мы спадзяемся, — такімі словамі пачынае сваю прамову доктар мастацтвазнаўства Ірына Лаўроўская. — Берасце — тыповы горад, якіх шмат. Няма ніякай эксклюзіўнасці ў нашым развіцці. Берасце развівалася нармальна, у нармальным месцы і такім жа асяроддзі. Як зараз мы мала чым адрозніваемся ад еўрапейцаў, дык і тады ў нас было шмат чаго агульнага.  

IMG_1393 IMG_1398

У доказ сваіх словаў Ірына Барысаўна паказвае фотаздымак з археалагічных раскопак 1935 года ў Аполе (сучасная Польшча, а да 1945 года — Германія), а пасля знакаміты раскоп археалагічнага музея «Бярэсце», вядомы кожнаму жыхару горада. Адрозненняў практычна няма.

Планіроўка абодвух гарадоў была амаль аднолькавай. Па цэнтру заўсёды размяшчаўся дзядзінец. Вуліцы старажытнага Берасця малі свой накірунак і вялі да брамы, якая згадваецца ў рэвізіі берасцейскага староства як сапсаваная. Пад ёй да Магдэбургскага права знаходзіліся гандлёвыя плошчы, размешчаныя па двух баках Мухаўца.

IMG_1397 IMG_1404

— Жыццё горада цалкам пераварочваецца 15 жніўня 1390 года, калі Берасце атрымоўвае Магдэбургскае права. З гэтага часу змяняецца парадак упраўлення горадам і рэгулявання тэрыторый. Плошча была вялікай, людзей не хапала, а горад трэба было бараніць. Таму адсюль і паўстае рашэнне ўмацоўваць гарады.

Магдэбургскае права прынесла гораду не толькі папяровыя змены з умоўнымі рэформамі. Так, усе падаткі, што збіраліся горадам на свае патрэбы, там і заставаліся. Берасцейцы самі кіравалі сваімі грашыма і меркавалі, куды іх прымяняць. Празрыстымі таксама заставаліся падаткі з войтаўскай юрыдыкі — вуліцы, дзе жыў войт (прататып сучаснага старшыні гарвыканкама). Усе падаткі з яе шлі на яе развіццё: шчырая і простая схема.

IMG_1401 IMG_1408

Права на самакіраванне прынесла змены і ў канфесійнае жыцце Берасця. З 1408 па 1495 гады праваслаўнае насельніцтва складала так званы горад у паркане — тэрыторыю, якую на сённяшні манер можна назваць СЭЗ. З яго збіраліся падаткі на горад, а з рэшты плацілі падаткі на старасту.

— Калі казаць пра структуру ідэальнага сярэднявечнага горада, да якой імкнулася (ды імкнецца) уся Еўропа, то ёсць дзве думкі. Першая распрацавана адэптам эпохі Адраджэння — Леанарда Да Вінчы. Па яго меркаванню ідэальны горад павінен стаяць на рацэ (каб забяспечваць перавозку грузаў і належную гігіену людзей). Ён мусіць мець два незалежных узроўні: ніжэйшы для гандлю, грузавога транспарту і выпасаў, і верхні — для людзей і магчымасці вольна перасоўвацца па месцы. Шырыня вуліц павінна быць па меньшай меры напалову вышыні суседніх палацаў, а горад — сімвалам функцыянальнай прыгажосці.

Другая схема належыць італьянскаму архітэктару Франчэска дзі Джорджа Марціні. Ён у 1500 годзе прадставіў мадэль горада ў выглядзе чалавека, дзе галава — вялікакняскі замак, сэрца — храм, страўнік — гарадскі рынак, а ступні і локці — абарона і фартыфікацыя.

Ірына Барысаўна нездарма звярнула ўвагу на мадэлі ідэальных гарадоў. Сярэднявечнае Берасце імкнулася да сталіцы — Кракава — і будавалася як знакаміты польскі горад. Калі паглядзець на схемы гэтых гарадоў, то там можна пабачыць цэнтр кампазіцыі, квадратныя магутныя тэрыторыі: там ёсць усё, что прадугледжвалі італьянскія творцы ў сваіх праектах.

IMG_1403

— Калі мы паглядзім на планы Берасця XVII—XVIII стагоддзяў, то пабачым структуру ідэальнага горада. Першае, што дае нам падставу пра гэта казаць, — будоўля маста, які звязваў Кракаўскі гасцінец і горад. Пры ім была зроблена карчма, на другім баку былi мытня, порт і прыстань.

Нездарма даследчыкі і эксперты звяртаюцца да рэвізіі берасцейскага староства 1566 года. Берасцю вельмі не пашанцавала ў гістарычным плане: шматлікія войны і будоўлі знішчылі твар горада, пакінуўшы яго невялікія часткі, пахаваныя пад метрамі культурнага слою. Але менавіта гэты дакумент пазваляе нам паглядзець на жыццё горада з усіх бакоў. Дзякуючы яму мы ведаем, дзе (і якая) знаходзілася маёмасць, каму яна належыла і ў якой колькасці налічвалася. І пакуль гарадскія ўлады нас не радуць планамі па маштабным археалагічным даследаванням, дакумент рэвізіі застаецца адной з нешматлікіх крыніц, па якіх можна даведацца пра «medieval city life».

Фота — Раман Чмель

binkl.by

[supsystic-social-sharing id="1"]