Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” працягвае радаваць гараджан афлайн-мерапрыемствамі. Гэтым разам берасцейцаў чакае лекцыйны міні-фестываль. 

#999 бел

18 жніўня ў адноўленым дворыку “Дзедзіча” з 16:00 да 19:10 адбудзецца гістарычны нон-стоп марафон ад даследчыкаў старажытнага Берасця. Лекторый “#999” прысвечаны гадавіне набыцця горадам Магдэбурскага права 15 жніўня 1390г. Мерапрыемства будзе складацца з 4 лекцый і дыскусіі.

Уваход бясплатны. Папярэдняя рэгістрацыя не патрабуецца. Можна праслухаць усіх спікераў ці абраць найбольш цікавыя для сябе выступы.

Праграма лекторыя:

  • 16:00-16:30 – лекцыя “Тапанімія і тапаграфія старажытнага Берасця”. Спікер: гісторык Антось Дацкевіч;
  • 16:40 – 17:10 – лекцыя «Прутамі, локцямі і стапамі змяніла Берасьце права магдэбурскае». Спікер: доктар мастацтвазнаўства і архітэктар Ірына Лаўроўская;
  • 17:20-17:50 – лекцыя “Сярэднявечная фартыфікацыя”. Спікер: краязнаўца і рэканструктар Андрэй Варабей, кiраўнiк мясцовага дабрачыннага фонда «Фартыфiкацыя Брэста»;
  • 18:00-18:30 – лекцыя “Знаходкі старога Берасця”. Спікер: краязнаўца і калекцыянер Іван Чайчыц;
  • 18:40-19:10 – дыскусія “Фарматы рэпрэзентацыі берасцейскай гісторыі”. Мадэратар: культурны мэнэджэр Наталля Зданевіч, “Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці”.

Лекторый “#999” мае на мэце актуалізацыю сярэднявечнай гісторыі Берасця. Па словах дырэктара АРР “Дзедзіч” Дзмітрыя Шыманскага лекторый папярэднічае грамадскай дыскусіі па формах і тэматыцы гарадскіх святаў:

— Мы вядзем перамовы з арганізатарамі знаных вулічных імпрэз, фестываляў з Беларусі, Украіны і Польшчы. Хочам запрасіць іх у Берасце, каб напярэдадні 1000-годдзя горада прынесці новыя ідэі, наладзіць публічную дыскусію па сучасных формах правядзення вулічных святаў. У бліжэйшыя месяцы мы запросім берасцейцаў на цэлы цыкл сустрэч з мэтай вывучэння новых падыходаў да арганізацыі культурных імпрэз, пошуку і абмеркавання прапаноў па фармаце і праграме вулічных мерапрыемстваў, па тэмах, вартых асвятлення падчас святкавання 1000-годдзя Берасця.

Увага, валанцёры! Для бездакорнай арганізацыі мерапрыемства, арганізатарам патрэбна валанцёрская дапамога па:

  • уладкаванні прасторы да і пасля мерапрыемства;
  • суправаджэнні лектараў;
  • арганізацыі актыўнасцяў.

Калі вас зацікавіў новы вопыт, а з жаданнем дапамагчы развіццю беларускай культуры вы не развітваецеся 24/7, тады патрэбна ўсяго толькі перайсці па спасылцы (https://goo.gl/ZPbGys) і запоўніць анкету. Дэдлайн – 15 жніўня.

[supsystic-social-sharing id="1"]