ГА “Цэнтр “Трэці сектар”  шукае валанцёр_ку на гадавы праект у Грайфсвальдзе, Нямеччына. Валанцёр_ка будзе працаваць у камандзе арганізатараў міжнароднага студэнцкага фестывалю GrlStuF.

csm_photo_2018-05-10_19-11-19_2848ba9342[1]

Пачатак праекта: верасень 2018 года.
Праект будзе доўжыцца 1 год, і скончыцца ў жніўні 2019 года.

Дэдлайн заяўкі: 10 жніўня 2018.

Валанцёр_ка будзе працаваць у арганізацыі GrIStuF e.V.

Чым займаецца арганізацыя

GrIStuF e.V. – некамерцыйная недзяржаўная арганізацыя, якая знаходзіцца ў невялікім студэнцкім горадзе Грайфсвальд на поўначы Нямеччыны. Каманда арганізацыі – валанцёры, якія імкнуцца абагаціць тэматычнае і культурніцкае жыццё ў сваім прыгожым горадзе. Кожныя два гады яны арганізуюць “Greifswald International Students Festival” (які і даў скарочанае імя асацыяцыі). Мэта фестывалю – аб’яднаць 150 студэнтаў з усяго свету ў дыялогу па-за нацыянальнасцямі, расамі і рэлігіямі. Ён выступае платформай для абмену ідэямі і дыскусіі на актуальныя тэмы.

Што я буду рабіць у праекце?

У 2018 годзе каманда зладзіла 9-ты Greifswald International Students Festival  пад назвай „Beyond Borders – Where are Your Limits?“. Падчас праекта ты зможаш далучыцца да падрыхтоўкі наступнага фестывалю – GrIStuF 2020.

Вядома, гэта яшчэ не ўсё. Таксама ты зможаш далучыцца да арганізацыі музычных івэнтаў „Fête de la Musique“ (штогадова ў чэрвені), а таксама фішкі арганізацыі –  „Running Dinner“ (цягам усяго года). Таксама ў хуткім часе каманда плануе запускаць канцэрты-кватэрнікі і распачаць сваё радыё-шоў. У траўні яны плануюць наведаць сваіх калегаў з ISWI: the International Students Week in Ilmenau.

Як ЕВС-валанцёр_ка, ты зможаш зразумець, як каманда плануе і арганізоўвае івэнты, як працуе фінансаванне такіх падзей і іх прасоўванне. Таксама ты зможаш прымаць удзел у абмеркаванні і вызначэнні тэмы і праграмы GrIStuF 2020, у якім, вядома, мы з радасцю запросім цябе паўдзельнічаць пасля заканчэння твайго праекта!

Таксама ты зможаш рэалізоўваць уласныя ідэі тэматычных варкшопаў, кінапаказаў або дыскусій. Або далучыцца да PR-каманды і дапамагаць весці старонкі фестываля ў сацсетках, рабіць прэс-рэлізы ці рабіць здымкі падчас падзей. Або далучыцца да групы, якая працуе над фінансавым планам і адказвае за пошук рэсурсаў і падрымку сувязей са спонсарамі і донарамі. І зрэшты, ты зможаш пакрэатывіць і арганізоўваць вечарыны і канцэрты  або ствараць дэкарацыі для нашых прастораў. У нас ты таксама зможаш блізка супрацоўнічаць з разнастайнымі культурніцкімі і сацыяльнымі ініцыятывамі горада.

Здаецца складаным?

Не перажывай! Для таго, каб у цябе не ўзнікла сумнёваў па тым, каб далучыцца да каманды GrIStuF, у нас ёсць два крокі:

  1. Спачатку, мы пакажам і распавядзем пра нашую працу дэтальна і вельмі цярпліва. Мы радыя падзяліцца сваім досведам і ведамі з табой і з захапленнем чакаем навучыцца новаму ад цябе.
  2. Па-другое, кожн_ая ўдзельні_ца каманды можа сам_а вырашыць, чым ёй/яму цікава займацца.


Патрабаванні

Да ўдзелу запрашаецца беларуская моладзь 18-30 гадоў, якая не прымала ўдзел у доўгатэрміновым ЕВС-праекце. Перавага пры адборы будзе нададзеная моладзі з Гарадзенскай вобласці.

Як відаць з апісання праекта, арганізацыя разнастайных падзей патрабуе розных навыкаў і ў цябе будзе шырокі выбар для актыўнасці. Вядома, ты не мусіш валодаць усімі гэтымі навыкамі і быць зацікаўлен_а ва ўсім. Ты зможаш выбраць, што табе будзе па душы, а таксама зможаш прапаноўваць і рэалізоўваць уласныя ідэі. Тым не менш, для добрай супрацы арганізатары чакаюць:

  • -Добрае валоданне ангельскай мовай (пісьмовай і размоўнай), веданне нямецкай мовы будзе бонусам
  • -Адкрытасць да новых досведаў, людзей, ведаў
  • -Жаданне працаваць у групе
  • -Упэўненасць у вядзенні дыскусій
  • -Магчымасць прамаўляць перад вялікімі групамі людзей


Фінансавыя ўмовы

Праектам забяспечваецца даезд на месца праекта і назад, страхоўка, візавая падтрымка, пражыванне і харчаванне, а таксама кішаньковыя грошы.

Як падацца

Каб падаць заяўку на ўдзел у праекце, патрэбна не пазней за 10 жніўня (чым раней – тым лепей) даслацьна ангельскай мове матывацыйны ліст і рэзюме з наступнай інфармацыяй на адрас [email protected]з пазнакай “Валанцёрства ў Грайфсвальдзе”:

  • -Імя, Прозвішча;
  • -Пол і Дата нараджэння;
  • -Месца нараджэння;
  • -Адрас у Беларусі;
  • -E-Mail;
  • -Нумар тэлефону і скайп або вайбер лагін;
  • -Валоданне мовамі (European Reference Framework): Нямецкая, Ангельская, Іншыя;
  • -Чым зараз займаешся (вучоба/праца).

А таксама адказы на пытанні:

  • -Які ўнёсак у праект ты можаш зрабіць (досвед, інтарэсы, навыкі, веды)?
  • -Што для нас важна ведаць пра цябе?
  • -Якую маеш матывацыю да ўдзелу ў праекце?
  • -Ці ёсць нейкія абставіны ці абавязкі, якія змогуць перашкодзіць табе паехаць на праект на 12 месяцаў з верасня 2018 года?


Праект ладзіцца ГА “Цэнтр “Трэці сектар” разам з  Kultur- und Initiativenhaus Greifswald e.V.  у межах адной з акцый праграмы Еўразвяза “Эразмус плюс” – Еўрапейская валанцёрская служба ().  

3sektar.by