Напрыканцы мая завяршылася чарговая сацыяльная гульня “Біржа ідэй”. Удзельнікі гульні паляпшалі сваімі праектамі сацыяльную прастору горада.

Ee27IwyZHW0

Як гэта адбывалася і хто стаў пераможцам – у нашым матэрыяле.

Кожны тыдзень удзельнікі гульні прапаноўвалі сваі ідэі ў суполцы, дзе праходзіла адкрытае галасаванне. Так, героямі першага тыдня стала каманда “Дзед Барадзед”, якая распрацавала сшыткі з выявамі гістарычных асоб.

4l0EEEjEwUA

Лаўры другога тыдня адыйшлі да каманды “Cіроп”. Іх ідэя заключалася ў вырабе паштовак з малавядомымі вершамі беларускіх паэтаў. Свой праект яны падтрымалі практычнай піар-акцыяй, якая ахапіла цэнтральныя вуліцы горада. Падчас яе правядзення ўдзельнікі каманды падыходзілі да мінакоў, размаўлялі з імі на беларускай мове, абмяркоўвалі айчынных паэтаў ды іх вершы. Пасля гэтага яны дарылі карткі з вершамі беларускіх пісьменнікаў. Падчас акцыі ўдзельнікі заўважылі зацікаўленнасць у вачах людзей. Усе яны выказвалі заклапочанасць хісткім станам роднай мовы і культуры.

Трэці тыдзень таксама застаўся за “Сіропам”. На гэты раз каманда акцыю пад назвай “Угадай мелодыю” прымеркавала да 100-годдзя БНР. На плошчы Свабоды удзельнікі прапаноўвалі людзям праслухаць і адгадаць 10 беларускіх мелодый. Самых спрытных меламанаў чакалі сувеніры. Тых, хто не змог вылучыць выканаўцу (ці песню), частавалі прысмакамі. Ніхто з людзей не застаўся без падарунка, а шмат хто сыходзіў, напяваючы песні.

“Cіроп” не жадаў спыняцца на дасягнутым і трэці раз запар стаў пераможцам. На чацвёртым тыдні каманда праводзіла “Марафон дабра” Падчас акцыі рабяты падыходзілі да мінакоў на Савецкай, уручалі ім паштоўкі, прапаноўвалі абняцца і пасля гэтага дарылі салодкі падарунак. Усё прайшло выдатна, без негатыву і канфліктаў: людзі былі прыемна здзіўленныя такой акцыяй і абяцалі перадаваць дабро іншым.

Пяты тыдзень зноўку прайшоў пад знакам “Сіропа”. На гэты раз рабяты перамаглі з акцыяй “Мама, тата, я вас люблю”. На вуліцах Міцкевіча і Савецкая яны падыходзілі да людзей і прапаноўвалі патэлефанаваць сваім бацькам ці блізкім і нагадаць пра сваё да іх каханне. Кожны рэагаваў па-рознаму: дыяпазон эмоцый вагаўся паміж усмешкамі і слёзамі, аднак ніхто не адмаўляўся ад просьбы. Такім чынам каманда крышачку дапамагла людзям праявіць пачуцці да родных.

77wO0drd_C4

Шосты тыдзень адзначыўся новым пераможцам. Ім стала каманда “Згушчонка” з ідэяй квэста “Ніхто не пазнае, дзе я”. Мэта такой гульні заключалася ў знаёмстве з родным горадам. У цэнтры Брэста размяшчаліся 5 кропак. Кожная з іх мала падказку да наступнай. Пераможца квэсту атрымоўваў кубак і паштоўку з крамы “Князь Вітаўт”.

HMCOfjZ3gPc[1]

На сёмым тыдні “Сіроп” вярнуў сабе лідарства акцыяй “Вясёлы настрой па аб’яве”. Удзельнікі каманды расклейвалі крэатыўныя ды смешныя аб’явы па вуліцах Савецкая, Пушкінская, Гогаля, на праспекце Машэрава ды бульвары Касманаўтаў. Рэакцыя мінакоў была вельмі цікавай: хтосьці фатаграфаўся, цікавіўся акцыяй, а некаторыя матулі зрывалі лісткі каб аднесці іх дзеткам. На наступны дзень амаль ўсе аб’явы былі разабраны, што сведчыць аб паспяховасці праекта.

0I4A7VDjMvU

“Сіроп” працягнуў сваю пераможную лінію і на восьмым тыдні. У межах акцыі “Дапамажы маленькаму сябру” каманда наведала прыют “Дабрыня”, прывезла корм і памагала валанцёрам даглядаць жывёл.

На дзевятым тыдні ў гульні сябе праявіла “Згушчонка” з акцыяй “Стрававед”. Рабяты з каманды прайшліся па вуліцах Брэста і раздалі жыхарам карткі з рэцэптамі, заклікаючы гатаваць стравы нацыянальнай кухні. Самым зацікаўленым, удзельнікі прапаноўвалі адказаць на пытанні пра беларускую кухню. За правільныя адказы людзі атрымоўвалі памятныя магніцікі на лядоўню і пазітыўны настрой.

Дзесяты тыдзень таксама “ўзяла” “Згушчонка”, зладзіўшы прагляд фільма «Астэрыкс і Абэлікс супраць Цэзара» на беларускай мове. Акрамя таго, што кінасеанс быў бясплатным, удзельнікі каманды прапаноўвалі гледачам сок і салодкія пачастункі. Усім прысутным такая імпрэза спадабался і пасля фільма гледачы доўга дзякавалі камандзе за зладжаную імі акцыю.

c1m5-fWWQSY

Адзінаццаты тыдзень таксама адыйшоў да салодкай каманды. “Згушчонка” абвясціла конкурс на лепшы пост пра дранік. Да ўдзелу прымаліся любыя фарматы, прысвечаныя галоўнай нацыянальнай страве: фатаграфіі, відэа, малюнкі і г.д. Патрабаванне было адно – паставіць хэштэг # драникнавсегда.Намінацый было дзве: самы папулярны і самы арыгінальны пост. Прыз – вячэра ў «харчэўні». Самым папулярным пастом стала фатаграфія дранікаў ад маладой студэнткі, крэатыўнай – відэаролік прыгатавання блюда ад брэсцкай сям’і.

Заключны тыдзень апыныўся перамогай імпрэзы, прысвечанай настольным гульням. Так, 25 мая ўсе жадаючыя сабраліся ў офісе АРР «Дзедзіч», каб згуляць ў настолкі і проста добра правесці вольны час. Імпрэза ладзілася на беларускай мове і прынесла шмат пазітыўных эмоцый для ўсіх прысутных.

SlkDr3X_V70

Напрыканцы гульні была адчынена фотавыстава з самымі яскравымі момантамі з акцый. На адкрыцці выставы ўдзельнікі даведаліся хто ж стаў пераможцам сацыяльнай гульні «Біржа ідэй».

Вынікі 12 тыднёвай гульні:

1 месца — каманда «Згушчонка» 197 балаў.
2 месца — каманда «Сіроп» 188 балаў.
3 месца — каманда «Дзед Барадзед».

Каманда якая перамагла, атрымае ў падарунак квіткі на любы абраны беларускі фестываль каб яскрава правесці лета. За другое месца каманда абрала кнігі для самаразвіцця. А ўдзельнікі каманды «Дзед Барадзед» чакаюць памятныя прызы.

[supsystic-social-sharing id="1"]