Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч робіць добрыя справы ціха, непублічна. Да 70-годзьдзя нобэлеўскай ляўрэаткі Свабода прыгадала некаторыя зь іх. 

Архіўнае фота. Прыхільнікі творчасьці Сьвятланы Алексіевіч сустракаюць яе ў міжнародным аэрапорце «Мінск». 10 сьнежня 2015 году
Архіўнае фота. Прыхільнікі творчасьці Сьвятланы Алексіевіч сустракаюць яе ў
міжнародным аэрапорце «Мінск». 10 сьнежня 2015 году

​«Я атрымала вялікую прэмію. Лічу сваім абавязкам зрабіць як у Бібліі — „дзясятую частку аддай“, — сказала Сьвятлана Алексіевіч у інтэрвію Радыё Свабода. — Адзінае, што я, па-першае, не люблю публічнасьці ў гэтай справе. А па-другое — гэта ж так шмат гора! Як пасьля спаць, калі табе будуць пісаць! Гэта невыносна».

1. Зрабіла першы ўнёсак за кватэру для шматдзетнай сям’і

Сьвятлана Алексіевіч і сямʼя Равенкаў
Сьвятлана Алексіевіч і сямʼя Равенкаў

​У сям’і Любові і Васіля Равенкаў са Слоніма гадуецца шасьцёра дзяцей. За апошнія гады сямʼя Равенкаў зьмяніла некалькі найманых кватэраў. Агульны заробак — 400 рублёў у месяц. Грошай на ўласную кватэру не было. Пасьля матэрыялу на сайце Радыё Свабода Сьвятлана Алексіевіч вырашыла дапамагчы сям’і — перадала грошы на першы ўнёсак на новую кватэру ў доме для шматдзетных.

«Я лічу, што кожны з нас мог бы выратаваць аднаго-двух чалавек. І гэта была б вялікая справа», — сказала нобэлеўская ляўрэатка пры сустрэчы са шматдзетнай сямʼёй Любові і Васіля Равенкаў у офісе Свабоды.

Мяркуецца, што да Новага году дом дабудуюць, і Равенкі заселяцца ва ўласную кватэру.

2. Дапамагла набыць пратэз для інваліда зь Пінску

Пінскі інвалід Мікалай Крычко
Пінскі інвалід Мікалай Крычко

​Амаль паўтара дзесяцігодзьдзя праз малую пэнсію інвалід Мікалай Крычко зь Пінску ня мог набыць сабе зручны імпартны пратэз, кошт якога падвышаўся ў Беларусі некалькі разоў і дасягнуў цяпер 6 тысяч рублёў. Увесну 2017 году Мікалай Крычко выходзіў у Пінску на акцыю пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 на мыліцах — па сутнасьці, на адной назе.

На сустрэчы са Сьвятланай Алексіевіч гомельскі праваабаронца распавёў ёй пра пінскага інваліда, якому грошы на пратэз зьбіралі грамадой. Сьвятлана Алексіевіч дадала значную суму на пратэз.

3. Дапамагла інваліду з Гомля пагасіць банкаўскі крэдыт, штомесяц пералічвае ёй па 200 рублёў

Натальля Васіленка ў арэндаваным пакойчыку
Натальля Васіленка ў арэндаваным пакойчыку

​Гісторыя 42-гадовай гомельскай інвалідкі Натальлі Васіленкі з Гомля, якую за камунальныя запазычанасьці КЖРЭУП «Савецкае» мелася выселіць з арандаванага пакоя, моцна ўразіла пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч.

Нобэлеўская ляўрэатка пачала штомесяц дасылаць Натальлі грашовыя пераводы па 200 рублёў, а ў жніўні сустрэлася зь ёй ды перадала тысячу даляраў на пагашэньне даўгоў.

Сьвятлана Алексіевіч з Натальляй Васіленкай
Сьвятлана Алексіевіч з Натальляй Васіленкай

Пасьля заявы Алексіевіч, што яна гатовая дапамагчы жанчыне ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі, зьмянілася і стаўленьне мясцовых чыноўнікаў: камунальнае прадпрыемства адклікала пазоў, мэдыкі ўладкавалі на бясплатную рэабілітацыю, сацыяльныя службы дапамаглі з рамонтам жытла, жанчыне прапанавалі працу вахцёра.

4. Перадала на музэй Алеся Адамовіча ў вёсцы Глуша 5 тысяч даляраў

Будынак (у Глушы), у якім зьбіраюцца разьмясьціць музэй Алеся Адамовіча
Будынак (у Глушы), у якім зьбіраюцца разьмясьціць музэй Алеся Адамовіча

​Сьвятлана Алексіевіч называе Адамовіча сваім настаўнікам у творчасьці і «беларускім Вацлавам Гаўлам».

«Калі б той, хто мае грошай больш, чым у іншых, мог штосьці зрабіць для памяці вялікага пісьменьніка, мы жылі б іначай. Мы ж чакаем нейкіх дзеяньняў ад уладаў. А дзе мы самі?» — так патлумачыла Алексіевіч сваё рашэньне дапамагчы ў стварэньні музэю.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

5. Прафінансавала выданьне дакумэнтальнай біяграфіі Ўладзімера Дубоўкі

Біяграфія Ўладзімера Дубоўкі выйшла ў сэрыі «Беларуская мэмуарная бібліятэка» выдавецтва «Лімарыюс».

Ілюстрацыйнае фота. Сьвятлана Алексіевіч раздае аўтографы на Міжнароднай кніжнай выставе ў Менску. 2017 год
Ілюстрацыйнае фота. Сьвятлана Алексіевіч раздае аўтографы на
Міжнароднай кніжнай выставе ў Менску. 2017 год

Спачатку ўкладальніца кнігі Ганна Севярынец інтрыгавала, хто фундатар выданьня, а потым напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«Хацела б выказаць шчырую падзяку фундатару выданьня, чалавеку, які прафінансаваў зьяўленьне кнігі на сьвет — ляўрэату Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлане Аляксандраўне Алексіевіч…».

6. Аплаціла лячэньне Леаніду Маракову

Леанід Маркоў, архіўнае фота
Леанід Маркоў, архіўнае фота

Лекары дыягнаставалі ў пісьменьніка, дасьледчыка сталінскіх рэпрэсій Леаніда Маракова пухліну галаўнога мозгу, якая разьвілася пасьля інсульту. Калі пісьменьнік цяжка захварэў, Сьвятлана Алексіевіч перадала 1 тысячу даляраў, каб перавесьці яго з госьпісу ў Дом міласэрнасьці — на лячэньне і дагляд.

7. Дапамагае звольненай настаўніцы з 25-гадовым стажам, якую нідзе не бяруць на працу

Настаўніцу гісторыі з 25-гадовым стажам Натальлю Ільлініч звольнілі з Талькаўскай сярэдняй школы ў 2011 годзе з прычыны грамадзкай актыўнасьці, хоць афіцыйная падстава — парушэньні ў выкананьні службовых абавязкаў. Жанчыну нідзе не бяруць на працу па спэцыяльнасьці. Алексіевіч адгукнулася і дапамагае былой настаўніцы.

Натальля Ільлініч на двары школы, у якой прапрацавала 25 гадоў. Яе звольнілі ў 2011-м
Натальля Ільлініч на двары школы, у якой прапрацавала 25 гадоў. Яе звольнілі ў 2011-м

«Яна мне напісала харошы ліст, кніжкі свае ўсе прыслала. І грошы мне прыслала. І мы з тых часоў зь ёю тэлефануемся. Я, бывае, прыяжджаю да яе. Яна мне таксама сказала: „Калі ў вас ня будзе грошай, я вам заўсёды дапамагу“. Гэта так важна — сказаць чалавеку такое. Адзін раз у мяне была такая сытуацыя за пяць гадоў», — кажа Натальля.

«Калі я наважылася пайсьці на выбары ў парлямэнт, параілася таксама з Алексіевіч», — казала Натальля Ільлініч Радыё Свабода.

8. Сьляпому паэту штомесяц пераводзіць па 100 рублёў

Алесь Чобат, архіўнае фота
Алесь Чобат, архіўнае фота

​Паэт Алесь Чобат жыве адзін у прыватным доме ў Скідзелі, атрымлівае мізэрную пэнсію. Яму пэрыядычна дапамагаюць па гаспадарцы гарадзенцы Юра Седзянеўскі і Данута Бічэль.

Алексіевіч дапамагае яму фінансава — пераводзіць па 100 рублёў штомесяц.

9. Падпісала 108 раённых бібліятэк на «Народную Волю»

Ілюстрацыйнае фота. Сьвятлана Алексіевіч наведала школу ў Капаткевічах, дзе яна вучылася. 2017 год
Ілюстрацыйнае фота. Сьвятлана Алексіевіч наведала школу ў Капаткевічах,
дзе яна вучылася. 2017 год

​У рэдакцыі газэты ўпэўненыя, што наяўнасьць «Народнай Волі» ў бібліятэках прыцягне туды наведнікаў.

10. Стварыла «Інтэлектуальны клюб»

Падчас адной з сустрэч інтэлектуальнага клюбу Сьвятланы Алексіевіч. 2 сакавіка 2017 году
Падчас адной з сустрэч інтэлектуальнага клюбу Сьвятланы Алексіевіч. 2 сакавіка 2017 году

Гасьцямі «Інтэлектуальнага клюбу» былі перакладчыца, паэтка, тэоляг Вольга Седакова, пісьменьнікі Ўладзімер Сарокін, Людміла Ўліцкая, Рута Ванагайце, рэжысэр Аляксандар Сакураў, палітоляг Станіслаў Бялкоўскі, выбітны францускі дакумэнталіст і фатограф Ян Арт’юс Бэртран ды іншыя.

budzma.by

[supsystic-social-sharing id="1"]