Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода абвясьціла аб пачатку прыёму заявак на журналісцкую стыпэндыю імя Вацлава Гаўла на 2018-2019 акадэмічны год.

Заяўкі будуць прымаць да 1 чэрвеня 2018 году на электронную пошту [email protected]. Заяўка складаецца з дадзеных аб удзельніку, матывацыйнага ліста, трох узораў работ, двух рэкамэндацыйных лістоў, рэзюмэ і «Ліста да Вацлава Гаўла». У свой час Вацлаў Гавэл, знаходзячыся ў зьняволеньні, пісаў сваёй жонцы лісты. Пазьней яны былі выдадзеныя як кніга «Лісты да Вольгі».

Узяць удзел у праграме могуць журналісты зь Беларусі, Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы, Расеі і Ўкраіны. Стыпэндыяты, якія пройдуць адбор, атрымаюць магчымасьць стажыравацца ў рэдакцыях галоўнага офісу РСЭ/РС у Празе, супрацоўнічаючы з дасьведчанымі журналістамі. Стажыроўка будзе доўжыцца ад 19 лістапада 2018 да 28 чэрвеня 2019 году.

Мэта стыпэндыі імя Вацлава Гаўла — падтрымка пэрспэктыўных журналістаў з краін, дзе ёсьць праблемы з вольнымі і незалежнымі сродкамі інфармацыі. «Стымулам да стварэньня праграмы стала вера былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла ў ролю журналістыкі як трансфарматара рэпрэсіўных рэжымаў», — адзначаюць ініцыятары прэміі.

У 2011-2012 гадах стыпэндыятам прэміі імя Вацлава Гаўла ад Беларусі быў Франак Вячорка, які цяпер працуе на Радыё Свабода.

У 2014-2015 гадах стыпэндыятам стала ​Ганна Любакова, якая працавала на тэлеканале «Белсат».

У 2015-2016 гадах стыпэндыю атрымаў мікраблогер Ігар Лосік.

У 2017-2018 гадах стыпэндыю атрымаў журналіст і блогер Раман Пратасевіч.

www.svaboda.org

[supsystic-social-sharing id="1"]