27 красавіка 1945 года адбылася прыемная для Беларусі, але даволі дзіўная з пункту гледжання сусветнай дыпламатыі падзея. БССР была прызнаная адной з дзяржаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. СССР, у які ўваходзілі абедзве рэспублікі, таксама стаў заснавальнікам арганізацыі. Прычынай такой неверагоднай міласьці аказалася, як нам цяпер распавядаюць, тое, што беларусы і ўкраінцы зрабілі вялікі ўклад у перамогу над фашызмам. 

З укладам спрачацца не даводзіцца: Беларусь жахліва шмат аддала для гэтай перамогі і не менш жахліва пацярпела. Але вось РСФСР, самая буйная рэспубліка Савецкага Саюза, аддала наўрад ці менш. І ніякім сябрам не стала. Уклад іншых рэспублік Саюза абмяркоўваць цяпер не будзем, але як наогул можна вымераць узровень «укладанняў у Перамогу», якога б «хапіла на »? Давядзецца разгледзець гэтую дзіўную дыпламатычную неспадзяванку ў агульнагістарычным кантэксце.

Сусветны перадзел

Усё пачалося ў канцы 1943 года. Вермахт яшчэ трымаўся на лініі Дняпра, другі фронт у Нармандыі яшчэ не быў адкрыты, але саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі ўжо цвёрда верылі ў перамогу. У канцы года прайшла знакамітая Тэгеранская канферэнцыя, дзе ўпершыню абмяркоўваліся планы не толькі «як перамагчы», але і «што рабіць з гэтай планетай пасля перамогі». У прыватнасці, было прынятае рашэнне стварыць орган калектыўнай бяспекі, каб жахі Другой сусветнай не паўтарыліся. Такім органам і мусіла стаць ААН. Папярэдніца гэтай арганізацыі — Ліга Нацый — паказала сябе абсалютна бездапаможнай перад крызісамі, але яе памылкі меркавалася ўлічыць і не паўтараць іх.
Расклад сілаў на момант канферэнцыі атрымліваўся не на карысць СССР: самая вялікая краіна ў свеце апыналася ў арганізацыі разам з не менш магутнай Брытанскай імперыяй і эканамічным калосам ЗША. Разумеючы, што апошнім будзе значна прасцей дамовіцца паміж сабой, чым з Саветамі, Сталін паспрабаваў згуляць на тым, што Брытанская імперыя ўваходзіць у ААН не ў адзіноце: усе дамініёны Англіі (Аўстралія, Канада, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Новая Зеландыя) таксама рабіліся членамі арганізацыі. Адпаведна, савецкі лідар патрабаваў аналагічнага права для рэспублік СССР. Падкрэсліваю, для УСІХ рэспублік. Уключаючы нядаўна створаную Карэла-Фінскую ССР.

Намінальна ўсё было правільна — ну, амаль усё. Праблемы ствараў той факт, што незалежнасць брытанскіх дамініёнаў была немалой і ясна бачнай: яны вялі сваю палітыку, яны нават вайну Германіі аб’яўлялі асобна і ваявалі кожная сваёй арміяй. А з незалежнасцю саюзных рэспублік усё было не вельмі добра нават на паперы. У прыватнасці, ні пра якія войскі і самастойную палітыку гаворкі быць не магло, не было нават адпаведных ведамстваў — наркаматаў замежных спраў і абароны. Адпаведна, заходнія краіны адмаўляліся прызнаць рэспублікі СССР як самастойныя дзяржавы праз адсутнасць неабходных атрыбутаў дзяржаўнасці.

Але Сталін быў не той чалавек, якога моцна спынялі юрыдычныя правалокі. Савецкая прававая сістэма давала правадыру неабмежаваныя магчымасці для намінальнай змены інстытутаў, чым кіраўніцтва СССР неадкладна і скарысталася.

Беларуская і ўкраінская арміі?

28 студзеня 1944 года быў аператыўна праведзены Пленум ЦК ВКП(б). На пленуме былі агучаныя выдатныя навіны. Аказваецца, рашэнне нацыянальных пытанняў у СССР дасягнула нябачаных поспехаў! І, адпаведна, паспяховыя саюзныя рэспублікі цяпер выдатна могуць спраўляцца са шматлікімі важнымі справамі самастойна. Напрыклад, абараняць сябе і весці палітыку. І ў сваім дакладзе старшыня Савета народных камісараў і наркам замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў прапанаваў ні многа ні мала пераўтварыць Наркамат абароны і Наркамат замежных спраў з агульнасаюзных у саюзна-рэспубліканскія. Гэта значыць даць кожнай рэспубліцы сваё МЗС і сваё Мінабароны. Сказаць, што гэта выклікала ў многіх здзіўленне, — значыць нічога не сказаць. Тым не менш пярэчанняў ініцыятыва заканамерна не выклікала, і праца па стварэнні новых ведамстваў нібы закіпела.

Неўзабаве ў кіраўніцтве БССР быў заслуханы даклад Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі Е. Я. Наталевіча. Апошні распавёў, што беларускі народ мае слаўныя баявыя традыцыі, спаслаўся на Грунвальд, Паўночную вайну, 1812 год і заявіў, што для стварэння беларускай нацыянальнай арміі цяпер самы час. Тое ж самае адбывалася і ва УССР, і ў іншых рэспубліках. 24 сакавіка 1944 года быў прыняты Закон аб стварэнні Наркамата абароны БССР. У канстытуцыі цяпер горда значылася «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка мае свае рэспубліканскія вайсковыя фарміраванні».

На гэтым, уласна, і скончылі. У наваствораны наркамат не знайшлі часу нават прызначыць наркама. Працягвала існаваць Баранавіцкая, а затым Беларуская ваенная акруга, камандуючы якой нават не рабіў выгляду, што мае нейкае дачыненне да беларускай арміі.

Адзіным рэальна існуючым «міністрам абароны» ў саюзных рэспубліках у выніку стаў генерал Н. В. Герасіменка, які ўзначаліў гэтае ведамства ва Украіне. Пішуць, што да прызначэння ён паставіўся з поўнай сур’ёзнасцю, адразу запатрабаваўшы выразна акрэсліць яго паўнамоцтвы, каб ён мог з поспехам заняцца будаўніцтвам рэспубліканскай арміі. «Святая наіўнасць».

Наконт наркаматаў абароны іншых савецкіх республік звесткі супярэчлівыя — мне не ўдалося высветліць, ці былі створаныя такія ведамствы хоць бы на паперы.

Падобная гісторыя здарылася і з наркаматамі замежных спраў: яны нібыта былі і нібыта не былі. Тым не менш патрэбныя «атрыбуты дзяржаўнасці» былі цяпер нібы створаныя, і з гэтым можна было ісці ў ААН і патрабаваць уключэння 15 дружных рэспублік у сям’ю народаў.

Дэлегацыя БССР падпісвае Статут ААН. Сан-Францыска, 26 чэрвеня 1945 года

Дэлегацыя БССР падпісвае Статут ААН. Сан-Францыска, 26 чэрвеня 1945 года

Не пятнаццаць рэспублік, але дзве!

Заходнія дэмакратыі на такі прымітыўны трук не клюнулі. Хоць прадстаўнікі новаствораных «МЗСаў» і спрабавалі, па некаторых звестках, прасіць у Масквы дазволу выконваць свае прамыя абавязкі, складаючы дамовы з іншымі дзяржавамі, на гэта ніхто не пайшоў. Людзі хадзілі на працу, атрымлівалі там зарплату і нічога не рабілі. Карнавал прадоўжыўся да 1946 года, калі ведамствы былі нарэшце распушчаныя.

Зрэшты, мяркуючы па ўсім, на заходніх саюзнікаў асаблівага ўражання гэты акт не зрабіў. Прынамсі, ніхто не палічыў наяўнасць МЗС, напрыклад, Малдавіі вартым таго, каб рэспубліка апынулася ў складзе ААН. Выключэнне было зробленае для БССР і УССР. Імаверна, дарэчы, таму, што тут працэсы стварэння асобных ведамстваў абароны і замежных спраў зайшлі далей, чым у астатніх. Канспіролагі мяркуюць, што тут замяшанае сусветнае габрэйства, але канспіралогія наогул занадта шмат бачыць спраў сусветнага яўрэйства тут і там. Імаверна, гэта быў проста вынік гандлю — СССР усё ж такі быў вельмі буйным гульцом на сусветнай арэне, і адмовіць яму проста па літары закону было няпроста. Не пятнаццаць рэспублік, але дзве.

Так ці інакш, 27 красавіка 1945 года на пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый краін — кандыдатаў у ААН СССР цвёрда заявіў, што, паколькі з 1 лютага 1944 года саюзныя рэспублікі маюць усе патрэбныя незалежнай дзяржаве правы, а БССР і УССР яшчэ выставілі на фронт да мільёна байцоў кожная, у ліку заснавальнікаў ААН яны проста неабходныя.

Рашэнне падтрымалі амаль усе значныя дзяржавы: ЗША, Вялікабрытанія, Кітай, Францыя і драбнейшыя. Самі дэлегацыі БССР і УССР на тойчас на пасяджэнні не прысутнічалі, але дыпламат з Вялікабрытаніі прапанаваў перадаць у Выканкам ААН рашэнне аб іх запрашэнні. Пярэчанняў не было, і ўжо 30 красавіка беларусы і ўкраінцы прыбылі ў Сан-Францыска для ўдзелу ў вызначэнні далейшага лёсу свету…

Дзяніс Буркоўскі

budzma.by