Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Дзедзіч & Ко

“Дзедзіч”: “Развіццю моладзі перашкаджаюць традыцыя “не высоўвацца” і састарэлая адукацыя”

У 1999 годзе студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта стварылі грамадскае аб’яднанне “Дзедзіч”, каб павышаць грамадскую актыўнасць моладзі для дэмакратызацыі краіны. Гэтая мэта не страціла сваёй актуальнасці і цяпер, бо пакуль маладое пакаленне так і не стала правадыром дэмакратычных зменаў. Чаму так адбываецца і што трэба рабіць? Пра гэта “Будзьма” пагаварыла са старшынёй Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” Дзмітрыем Шыманскім.

Дасягненні

— Вашая арганізацыя існуе амаль 20 гадоў. Назавіце галоўныя дасягненні за гэты час.

— За гады існавання арганізацыя падрыхтавала больш за 300 валанцёраў, якія пачалі новымі вачыма глядзець на наваколле, сталі грамадскімі лідарамі, рэалізуюць цікавыя ініцыятывы ў грамадскай сферы Берасця і Беларусі ўвогуле. Вось некалькі прыкладаў: нашая кампанія за развіццё гарадской роварнай інфраструктуры “За вела-Брэст” ператварылася ў сталую грамадскую аднайменную ўстанову, наш актывіст Віктар Клімус стварыў у горадзе вядомую культурную арганізацыю “Грунтоўня”, Павел Белавус —некамерцыйнае аб’яднанне і інтэрнэт-партал “Арт-Сядзіба” ў Мінску.

Цяпер “Дзедзіч” аказвае кансультацыйную дапамогу прыкладна 30 мясцовым аб’яднанням. Мы таксама распрацавалі мабільны дадатак для валанцёраў, які дапамагае звязваць іх з грамадскімі арганізацыямі горада.

Мы займаемся моладзевымі абменамі з Польшчай, Літвой, Украінай, у якіх узялі ўдзел некалькі соцень нашых валанцёраў.

Калі казаць пра ўнутраныя дасягненні, то мы напрацавалі грунтоўную базу: пабудавалі пад Берасцем уласны Дом еўрапейскіх сустрэч для адукацыйных і сацыяльных праграм, маем уласны офіс у цэнтры горада.

Выклікі

— Калі вы ўспамінаеце сябе 18-гадовага і бачыце сучасных маладых людзей, якія высновы робіце? Ці стала моладзь за 20 гадоў больш пасіўнай?

— На маю думку, сённяшняя моладзь больш актыўная, адкрытая і дынамічная. У яе нашмат больш магчымасцяў, і прагрэсіўная частка моладзі іх выкарыстоўвае. Праўда, ёй цяжка ўтрымліваць увагу на нечым адным, зашмат вонкавых раздражняльнікаў. Для грамадскіх арганізацый такое кліпавае мысленне маладых — выклік, трэба працаваць па-іншаму, прапаноўваць такія праграмы і кірункі дзейнасці, якія б іх зацікавілі. Мы над гэтым працуем пастаянна.

— Але ж у нас ужо цяжка ўявіць, напрыклад, тыя ж “школьныя бунты”, якія нядаўна адбыліся ў Расіі, калі дзеці выйшлі на мітынгі Навальнага супраць карупцыі. Што пра гэта думаеце, калі правесці паралелі з нашай краінай?

— Школьнікі ў Расіі выйшлі на пратэсты не проста так, а за бацькамі. У нас такога няма. Моладзь мае права на пратэст, яна больш зацікаўленая ў пераменах, бо гэта яе будучыня. Сумна, што змагацца за справядлівасць даводзіцца на пратэстных акцыях, калі іншых інструментаў не застаецца. На жаль, сёння ўлады выключылі грамадства з працэсу прыняцця рашэнняў. Усе адбываецца альбо па загадзе зверху, альбо каб сцішыць народныя пратэсты. І гэта кепска.

— Вы далучаеце студэнтаў да палітычнага жыцця — прапануеце, напрыклад, быць назіральнікамі на выбарах. Гэта эфектыўны спосаб мяняць іх светапогляд, рабіць больш актыўнымі?

— Мы даем студэнтам магчымасць паглядзець на працэс выбараў знутры, пабачыць, наколькі яны адкрытыя і дэмакратычныя. Безумоўна, гэта ўплывае на іх бачанне рэальнай сітуацыі. Збольшага студэнты ў шоку ад таго, як да 20.00 сябры ўчастковых камісій вельмі ветлівыя, а пасля 20.00 не даюць паглядзець на падлік галасоў, пагражаюць студэнтам, што іх адлічаць з ВНУ, калі яны будуць працягваць сваю актыўнасць.

Праблемы

— Можаце назваць тры галоўныя праблемы ў Беларусі, якія перашкаджаюць сёння прафесійнаму і сацыяльнаму росту маладога пакалення?

— Першая праблема — традыцыі. Бацькі, асяроддзе рэтранслююць старыя формы паводзінаў: “не высоўвайся”, “будзь як усе”, “навошта табе гэта трэба”, “куды ты лезеш”… Таму моладзь паводзіць сябе неадпаведна новым рэаліям. Другая праблема — адарваная ад рэальнасці сістэма адукацыі, якая штампуе з маладых людзей паслухмяных выканаўцаў, мала падрыхтаваных да рэальнай працы. Студэнтаў заганяюць на датэрміновае галасаванне, адміністрацыя ВНУ не ўлічвае іх пазіцыю і меркаванні падчас прыняцця рашэнняў па пытаннях адукацыі. Ніякага студэнцкага самакіравання няма. Яны робяцца вінцікамі сістэмы, бо з самага пачатку ім паказваюць іх месца і мадэль паводзінаў. Трэцяя праблема — нізкая мабільнасць студэнтаў, недастатковы аб’ём студэнцкіх абменаў паміж беларускімі і замежнымі ВНУ.

— “Дзедзіч” робіць кампанію папулярызацыі Балонскай сістэмы вышэйшай адукацыі “О, Балонь!”. У яе межах вы рыхтуеце студэнцкіх амбасадараў, якія будуць расказваць іншым пра Балонскі працэс. Гэта разавы набор ці вы плануеце ахапіць такімі амбасадарамі ўсе ВНУ Брэста? І якая канчатковая мэта ў “О, Балонь”?

— Задача простая — пазнаёміць студэнтаў з прынцыпамі і каштоўнасцямі Балонскай сістэмы і зрабіць так, каб яны захацелі яе рэалізоўваць у Беларусі. Калі нашую краіну прымалі ў гэты працэс, была распрацаваная дарожная карта, згодна з якой Беларусь мусіла рэфармаваць сістэму вышэйшай адукацыі. Але, як мы бачым, рэформ, якія б уплывалі на стварэнне базавых прынцыпаў Балонскай сістэмы, не адбываецца і не плануецца. Таму мы імкнёмся расказаць студэнтам пра дарожную карту і прапануем ім распрацаваць сваё бачанне рэформаў сістэмы вышэйшай адукацыі. Для гэтага мы рыхтуем амбасадараў, якія праходзяць навучанне па асновах Балонскай сістэмы і трэнерскай працы. Цяпер мы набралі 20 чалавек і, думаю, за гэты год прыкладна палову факультэтаў дзвюх брэсцкіх ВНУ зможам ахапіць гэтай працай.

 

— Ваш прагноз: калі беларускія студэнты будуць вучыцца ў сапраўднай агульнаеўрапейскай сістэме адукацыі?

— Думаю, тады, калі Беларусь увогуле павернецца да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Немагчыма рэфармаваць адну сферу, не закрануўшы іншых. Таму гэта будзе няхутка. Шчыра кажучы, цяпер мы не бачым сярод маладых масавага попыту на новую адукацыю, шмат хто з іх ужо звыкся з традыцыйнай сістэмай, яны не думаюць пра перспектывы. Таму тут трэба працаваць не толькі з моладдзю, але і з бацькамі, каб яны разумелі, што будучыня іх дзяцей вельмі залежыць ад якасці адукацыі.

— Апошняе пытанне: як “Дзедзіч” будзе святкаваць 100-годзе БНР?

— У нас плануецца такая ж праграма, як і ў Мінску — свята фестывальнага фармату. Мы як удзельнікі аргкамітэту падалі заяўку на правядзенне свята на цэнтральнай вуліцы горада. Днямі атрымалі афіцыйны дазвол і будзем святкаваць на плошчы Свабоды.

 

Ганна Кручкова

ДАРЭЧЫ

У 2015 годзе “Дзедзіч” правёў сацыяльнае даследаванне “ВНУ вачыма брэсцкіх студэнтаў: сёння і заўтра”. Былі апытаныя 200 студэнтаў. Вынікі вельмі цікавыя. Так, на пытанне, што замінае развіццю вышэйшай адукацыі, большасць адказала: недахоп фінансаў, вялікі маштаб блату падчас працаўладкавання і нізкая студэнцкая мабільнасць. Тое, што на гэта таксама значна ўплываюць слабасць студэнцкага самакіравання і абмежаванне акадэмічных свабодаў, лічыць значна меншая частка студэнтаў. Сярод самых вострых сваіх праблем студэнты назвалі перш за ўсё надахоп сродкаў, адсутнасць жыццёвых перспектыў і праблему самарэалізацыі

budzma.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *