Гэтым артыкулам мы пачынаем шэраг гістарычных публікацыяў у серыі “Сем дзён беларускага Сярэднявечча” – папулярных гісторыяў пра побыт нашых продкаў у стылістыцы еverydaylife. Мы не будзем пісаць пра бітвы, княскія роды, дынастычныя шлюбы, але сканцэнтруемся на штодзённасці: што людзі пілі ды елі, як бавілі час, жаніліся, нараджалі дзяцей ды сыходзілі ў нябыт. 

Сем дзён – гэта сем гісторыяў, сем побытавых сюжэтаў, героямі якіх будуць хлопчык  Нецімір і дзяўчынка Міласлава, за сталеннем і прыгодамі якіх мы будзем сачыць. Месца дзеяння – наша сённяшняя сталіца, Менск. Час – пачатак ХІІ стагоддзя, перыяд княжання Глеба Усяславіча.

Беручы пад увагу, што ў тыя часы людзі сталелі значна хутчэй і 15-гадовы падлетак ужо лічыўся дарослым і мог не толькі працаваць, але і жаніцца ці выходзіць замуж, узнікае пытанне, ці было ў Неціміра і Мілаславы дзяцінства. І што наогул вызначае наяўнасць у чалавека гэтага самага дзяцінства?


 

“Пакалечаны” гліняны вершнік

Аб’ектыўна да пэўнага ўзросту дзіцёнка немагчыма выкарыстоўваць для гаспадарчых працаў, а каб малеча не нудзілася, яе трэба нечым заняць, напрыклад, гульнямі. У дадатак, гульня – універсальны сродак сацыялізацыі, падрыхтоўкі да дарослага жыцця. Таму свет гульняў і цацак, як і цяпер, — гэта зменшаны свет дарослых, погляд на жыццё знізу ўверх.

Будучы сынам ганчара, Нецімір у параўнанні са сваімі пагодкамі меў масу бонусаў. Чаму? А таму, што бацька мог наляпіць яму цацак: салдацікаўконікаў ды свістулек. Канечне, яны не былі такімі прыгожымі, як пакрытыя бліскучай палівай вершнікі, якімі гуляліся дзеці князя, дружыннікаў ды заможных купцоў, але ўсё ж такі.

Такія дарагія цацкі, як і каштоўную паліваную кераміку, звычайна прывозілі з поўдня, з горада Вышгарада, які калісьці належаў першай хрысціянцы на Русі княгіні Вользе. Пасля Уладзімір трымаў у Вышгарадзе трыста сваіх наложніц, яшчэ да таго часу як прыняў хрост. Пра ўсё гэта Нецімір пачуў ад рудабародага святара ў нядзельнай школе.

Цяпер жа Вышгарад быў горадам ганчароў, дзе выраблялі столькі рознага посуду, што яго хапала для цэлага Кіева, а Кіеў — самы вялікі горад з тых, пра якія Нецімір калі-небудзь чуў. Посуду і розных керамічных вырабаў вышгарадскіх ганчароў хапала не толькі для кіянаў: яго прадавалі па ўсёй Русі, а часам давозілі і да Польшчы ці нават да зусім далёкай Скандынавіі.

Зрэшты, аднаго “вышгарадскага вершніка”, праўда, без нагі, Нецімірка такі знайшоў каля плота княжацкага церама. Нягледзячы на “калецтва”, цацка адразу падвысіла “рэйтынг” хлопца сярод сяброў са шчыльна забудаванай драўлянымі зрубамі менскай вуліцы, дзе паабапал драўлянай маставой можна было знайсці абрэзкі костак, бітыя праселкі, іклы дзікіх жывёлаў, безліч бітай керамікі ды іншыя цікавосткі.


 

Бацькаў драўляны меч

Але ці ўсё абмяжоўвалася глінай? Зусім не. Па-за гарадскімі валамі, на беразе Свіслачы, там, дзе ў яе ўпадала Няміга, Нецімір пускаў чаўны, рэзаныя з дрэва альбо кары з амаль што сапраўднымі ветразямі, вырабленымі са шматочкаў тканіны, якія даставаліся хлопцу, калі маці рамантавала вопратку для ўсёй вялікай сям’і. На самым беразе ракі разам з сябрукамі Нецімір гуляў у скураны мяч (не такі вялікі, як сучасны футбольны, хутчэй памерам з баксёрскую пальчатку), але мара кожнага хлопца — безумоўна, драўляны меч.

Рукаяць драўлянага мяча. Мінск

Нярэдка рамяство і занятак на ўсё жыццё ў тыя часы перадаваліся ад бацькі да сына, таму па логіцы Нецімір меўся б гуляцца з цацачным ганчарным колам, але хлапечы ген не задушыш. Часцяком назіраючы за калонай вершнікаў з коп’ямі ды мячамі пры пасах, якая заязджала ў Менск, суправаджаючы князя, Нецімір толькі і жыў марай пра меч — хаця б драўляны. Спраўдзілася, бацька… не, не набыў — выразаў яго для сына.

Трэба дадаць, што Неціміраў бацька добра ведаў, што рабіў. Хоць ён і не быў прафесійным ваяром, але на сваім вяку паспеў пабачыць рознага.Часы былі трывожныя, менскі князь Глеб Усяславіч спрабаваў пашырыць межы свайго княства і завалодаць усёй паўднёвай часткай велізарнай Полацкай зямлі, што была ўтвораная яго папярэднікамі: дзедам Брачыславам і бацькам Усяславам. Таму кожнаму жыхару Менска, незалежна ад таго, быў ён ганчаром ці кавалём, не раз даводзілася браць у рукі зброю і нават збірацца ў далёкія выправы. Заўважыўшы неяк, як Нецімір глядзіць на зброю, бацька акурат і выразаў яму шыкоўны меч – з фігурным навершам і танюткім лязом.

Меч для хлопца ХІІ ст. — тое самае, што пластыкавы аўтамат альбо светлавы меч джэдая для сучаснага беларускага дзіцёнка. Але наш сучасны дзіцёнак у краме схоча набыць якасны аналаг аўтамата – з вымальным магазінам, пускавым гачком, які клацае, ды кулькамі, а не цэльнавылітую пластыкавую цацку. Гэтаксама было і ў Сярэднявеччы, кожны хлапчук жадаў мець не проста абструганы драўляны дрын, але амаль што сапраўдны меч з навершам, крыжавінай і нават імітацыяй кавальскага кляйма на лязе. Адзінае што… меч быў драўляным.

Драўляныя цацачныя мячы. Ноўгарад

Тое ж  было і з іншай зброяй — коп’ямі, лукамі са стрэламі. Для хлапчукоў гэта была тая ж зброя, што ў дарослых, адно што маленькая і з дрэва, без металічных дадаткаў.

Нецімір бярог свой меч і засоўваў яго за пас з пяньковай вяроўкі толькі тады, калі ведаў, што на сёння “сеча” з войскам кіеўскага князя Уладзімірам Манамахам скончаная. Калі ж яго пагодкі з вуліцы і трох суседніх правулкаў дамаўляліся ісці за гарадскі вал – на поплаў побач з пасадам, каб «рубіцца» з тамтэйшымі хлопцамі – Нецімір браў з сабой кап’ё, якое сам выстругаў з ляшчыны яшчэ ўвесну, і зусім просты меч, што таксама самастойна зрабіў сабе з дошкі, якая засталася ад рамонту бацькавага ганчарнага кола.

Калі аналагам аўтамата мог быць меч, то аналагам машынкі… правільна, конік! Конікі таксама былі рознымі: ад злепленых самімі дзецьмі, нават не абпаленых, што захоўвалі адбіткі пальцаў маленькіх скульптараў, да элітарных паліваных “вышгарадскіх”. Цікава таксама, што драўляныя конікі часам мелі прымацаваныя да ножа калёсікі – каб конік ездзіў.


 

Лялька, згубленая ў часе

Што ж наконт Мілаславы, якая нібыта згубілася на фоне “мужчынскага свету ў мініяцюры”, якім на суседнім завулку жыў Нецімір? Матэрыялам для лялек, спраўна скручаных мамай, была грубая ільняная ці ваўняная тканіна, таму іх рэдка знаходзяць археолагі – час робіць сваю няўмольную бязлітасную справу. Пра іх выгляд мы можам аддалена меркаваць хіба па этнаграфічных аналагах: ляльках, якія з любой хусцінкі вам яшчэ нядаўна магла скруціць бабуля ў кожнай вёсцы.

Цацкі Мілаславы – гэта таксама маленечкія гліняныя збаночкі, што паўтаралі форму мамчынага посуду, толькі зменшанага ў памеры. Ляпіў іх, вядома, Неціміраў бацька, аддаючы нядорага суседзям альбо проста даючы наўздагон разам з дзвюма набытымі пасудзінамі – падарунак. Пра тое, каб дзяліцца нечым са “сваімі бліжнімі” і даваць нешта задарма, не чакаючы падзякі, казаў у закуранай ладанам царкве поп, але стары ганчар меў сваю логіку: бацька Мілаславы быў гарбаром, працаваў са скурай, таму з добрасуседскіх стасункаў можна было займець свой зыск, набываючы пас, похвы для нажа альбо поршні.

Драўляныя лялькі. Ноўгарад


 

“Сярэднявечны верталёт” і костка, якая жумжыць

Што ж было яшчэ? Калі казаць пра цацкі з катэгорыі “ўнісэкс”, якія Нецімір мог незаўважна, каб не атрымаць ад бацькі, скрасці ў Мілаславы, — гэта жужалка (прасвідраваная ў двух месцах костка, праз якую працягваецца вяровачка – яна круціцца і жумжыць) альбо круцёлка з двума крылцамі, якая раскручваецца і ляціць па тым жа самым прынцыпе, што і сучасны верталёт — і гэта за стагоддзі да першых гістарычных чарцяжоў Леанарда да Вінчы!

Падчас раскопак археолагі знаходзяць таксама шмат цалкам незразумелых прадметаў, накшталт абрэзкаў косткі дзіўных канфігурацыяў, што маглі выкарыстоўвацца ў гульнях, пра якія мы проста нічога не ведаем. А колькі гульняў да нас не дайшло, бо іхныя элементы былі зробленыя з нетрывалага матэрыялу, прамаляваныя на пяску альбо выкладзеныя звычайнымі неапрацаванымі каменьчыкамі на зямлі? Пра гэта, на жаль, мы ўжо ніколі не даведаемся.

Лодачкі з кары. Брэст

 

Ці пакідаў сярэднявечны мінчук гульні, пераступаючы ўзроставы парог і робячыся дарослым? Наўрад ці. Хутчэй самі гульні змянялі характар, робячыся альбо інтэлектуальнымі, як у выпадку з шахматамі, разныя касцяныя фігуркі якіх у форме ваяра альбо ладдзі знаходзяць у розных гарадах Беларусі, альбо межавалі з фізічнымі трэнінгамі: многія гульні былі арыентаваныя на трываласць, сілу, увагу (сюды ж упісваюцца і забавы са скураным мячом). Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

 

Тэкст — Мікалай Плавінскі, Алесь Кіркевіч

Малюнкі  Кацярына Фурс

budzma.by

[supsystic-social-sharing id="1"]