
Прыемныя навіны для нашых сталых чытачоў! Мы ўжо анансавалі выхад новага календара ад “Будзьмы!” з папулярнай серыі “Не маўчы па-беларуску!” на 2018 год. Ну дык ведайце, што ён ужо здадзены ў друкарню. Але гэта яшчэ не ўсё!
На наступны год вас чакае яшчэ адзін каляндар – “Адрасы БНР. 1918 – 2018”, падрыхтаваны адмыслова да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Новы каляндар густоўна аформлены і інфармацыйны – ён змяшчае 12 будынкаў, у якіх у розны час адбываліся падзеі, звязаныя з БНР.
Купалаўскі тэатр, дзе ў снежні 1917 года адбыўся гістарычны Першы Усебеларускі з’езд, дом купца Мураўёва ў Гародні, дзе месціўся ўрад БНР пасля выезду з Мінска, будынак Беларускай Місіі ў Рызе. Але не думайце, што ў календары толькі Мінск! Тут ёсць Вільня, Коўна, Прага, Талін і нават Нью-Ёрк!

image description
Кожны з “адрасоў БНР” прэзентаваны ў сучасным выглядзе, з пазначэннем цяперашняга адрасу, і даўнейшым. Дзякуючы календару любы ахвочы без праблем знойдзе дом, дзе жыў Пётра Крэчэўскі або Васіль Захарка ў Празе.
Уклала каляндар гісторык Наталля Гардзіенка, а аздабленнем займаўся кіраўнік студыі “Адліга” Анатоль Лазар.
Сачыце за навінамі і абвесткамі! І не забывайцеся, што да стагоддзя БНР засталося ўсяго нічога!