12 верасня грамадскасць развіталася з мастаком Міколам Маеўскім. Канец жыцця ён сустрэў там жа, дзе 67 гадоў таму сустракаў яго пачатак – у вёсцы Дварцы Камянецкага раёна. Яго берасцейскія сябры, калегі і былыя паплечнікі расказалі пра тое, чым адметны быў Мікола Маеўскі. 

партрэт-з-альбома[1]

Паэт Мікола Пракаповіч здымаў пра Маеўскага сюжэты сваёй культавай для Берасцейшчыны краязнаўчай перадачы “Край з Міколам Пракаповічам” – сугучнай па назве з культурніцкай суполкай “Край”, што дзейнічала ў Берасці ў познесавецкія гады і ў якой абодва творцы бралі самы жывы ўдзел.

‒ Па першым часе гэта была пераважна інтэлігенцкая сябрына, — прыгадвае Мікола Пракаповіч. – Тыя людзі, якіх цікавіла беларускасць, культура, традыцыі і якія хацелі нешта змяніць у нашым горадзе і ўвогуле ў свядомасці людзей. Мікола актыўна далучыўся да гэтай сябрыны. Ён сам ішоў праз “Край” да беларускасці, я думаю. Актыўна загаварыў па-беларуску, і хораша загаварыў. Ведаў сваю мясцовую, прыпушчанскую гаворку, але праплаваўшы там недзе па амерыках, афрыках і аўстраліях (першапачаткова Мікола Маеўскі быў мараком – аўт.), можа, крышку забыўся. Але ўсё гэта вельмі хораша вярталася. Яму гэта было блізка, яму гэта было патрэбна.

‒ Мы ладзілі розныя імпрэзы з “Краем”. У тым ліку першыя, відаць, пасляваенныя Коляды. У горадзе, на гарадскіх вуліцах. Мікола зрабіў супер-зорку калядную. Твор мастацтва. Сам яе насіў. Мы хадзілі па кватэрах інтэлігентаў, нашых сяброў, каму, мы лічылі, гэта будзе цікава. Мікола быў гэтакай зоркай каляднага гурта.

Каляды.-З-архіва-Ігара-Бараноўскага[1]

Каляды.-з-архіва-Ніны-Чарановіч[1]Культавую калядную зорку, якую згадвае кожны “краёвец”, Мікола Маеўскі зрабіў па ўзоры тыповых пушчанскіх “гвязд” – з выцінанкай, пышнымі рагамі і месцам для свечкі ў цэнтры. Здымкі з архіву Ніны Чарановіч і Ігара Бараноўскага

‒ Увогуле Мікола быў такі рамантык-язычнік, я б сказаў, — працягвае Мікола Пракаповіч. — Са сваім сябрам і суседам па майстэрні Міхасём Кебцам – яго таксама, на жаль, ужо няма, — яны збудавалі струг і праплылі ад Берасця да Мішавага Петрыкава ды прывезлі цэлы шэраг палескіх пейзажаў.

Мікола-Маеўскі.-Пінск.-Рынак[1]Мікола Маеўскі. Пінск. Рынак. Фота з каталога

‒ Ну канешне ж, ён меў дачыненне і да стварэння на Берасцейшчыне Беларускага народнага фронту, быў у абласной радзе. Карацей, ён быў актыўным грамадзянінам, акрамя таго, што быў цудоўным мастаком. Гэта, канешне, самае галоўнае ў яго біяграфіі творцы. Яго пейзажы, яго метровыя нацюрморты – гэта было нешта незвычайнае. Тыя ж “Поры года”, дзе гарлачыкі, можа быць, з яго Лясной, дзе пушчанскія краявіды, дзе рэалістычна-імпрэсіянісцкае жыта – настолькі аб’ёмнае, што здаецца, перад табой сапраўдны колас, з зернем пад фарбаю. Гэта ўражвала.

karcina-1[1]Карціна Маеўскага ў музейнай экспазіцыі. Здымак Яўгена Бяласіна Неаднаразова

Мікола Пракаповіч са сваёй здымачнай групай наведваў цёзку і непасрэдна ў Дварцах. Сюды мастак перабраўся даглядаць хворую маці. Ды так і застаўся на бацькоўскай зямлі дажываць свой век. Як аказалася, не такі і доўгі.
Hata[1]Хата Міколы Маеўскага ў Дварцах. Здымак аўтара

Рэдактар газеты «Царква» Ігар Бараноўскі ведае дакладна, калі пазнаёміўся з Маеўскім: у 1989 годзе, на Дзяды.

‒ У студэнцкія гады я цікавіўся беларускім адраджэнскім рухам і доўга шукаў, дзе збіраецца сябрына «Край». І вось Мікола Маеўскі як кіраўнік абласнога аддзялення Саюза мастакоў прытуліў адраджэнскія колы – і сябрыну “Край”, і камітэт БНФ мясцовы – у памяшканні выставачнай залы на Савецкай. Гэта адзінае месца, дзе тады віравала жыццё і грамадскае, і культурнае. Там ладзіліся розныя імпрэзы беларускія. І вось там, на Дзяды 1989 года я ўпершыню пабачыў сябрыну, у тым ліку Міколу Маеўскага – каларытнага, кучаравага, светлага чалавека, які быў арганізатарам той памятнай і розгаласнай акцыі. Пасля не адзін раз я бываў у яго майстэрні, назіраў ягоныя працы, з такой дасканаласцю прапісаныя кветкі.

‒ Ён заўсёды адгукаўся на любую грамадскую кампанію. Трэба было збіраць подпісы за беларускія класы – ён ішоў і самаахвярна агітаваў бацькоў. Была нейкая перадвыбарчая кампанія – ён разносіў лістоўкі. Ён ахвяраваў шмат часу, калі можна было б проста пасядзець, або нават памаляваць. Дарэчы, шмат ягоных прац пайшло за мяжу, ён вымушаны быў іх прадаваць. Не ведаю, ці шмат засталося ў Беларусі і Берасці. Было б добра, каб нейкія дзяржаўныя ўстановы сабралі астатнюю спадчыну адметнага мастака і чалавека, які любіў сваю краіну.
karcina-2_s-1024x849[1]Карціна Міколы Маеўскага. Здымак Яўгена Бяласіна

Ніну Чарановіч Берасце ведае як настаўніцу першага беларускага класа, набор у які адбыўся ў 1988 годзе на базе 26-й школы. Да яго стварэння прыклала руку неаднаразова памянёная тут сябрына “Край”, і Мікола Маеўскі ў тым ліку.

‒ Я вельмі часта апошні час яго ўспамінала. Можа, таму што пісала матэрыял пра першыя беларускія класы. Мікола Маеўскі быў вельмі актыўны чалавек, заўсёды працягваў руку дапамогі, просяць яго ці не просяць. Ён адразу прыйшоў са сваімі карцінамі, падарыў іх школе. Затым мы стваралі музей, і ён зрабіў цудоўную калядную зорку, прынёс батлейку, касцюм вадзяніка – гэта ўсё было так цікава дзецям. Без залатых рук Міколы, напэўна, і музей не быў бы такім прывабным.

‒ Гэта быў цудоўны чалавек – сціплы, таленавіты, працавіты. Я гляджу на хату, дзе ён жыў і думаю, які сціплы лад жыцця вёў Мікола, пры ўсіх сваіх талентах! Згадваю, колькі карцін ён намаляваў. Мог прадаць, грошы скалаціць, як іншыя ўмеюць, а ён увесь час дарыў. Нават у маёй кватэры вісіць яго карціна. Помню, фонду Сапегі таксама падарыў карціну. Усё падарункі, падарункі… Вельмі шчодры быў чалавек, таму ў маім сэрцы ён будзе жыць вечна. І я думаю, у грамадскім жыцці Берасця ён таксама вялікі след пакінуў.

Маеўскі.-зіма.-вечар[1]Карціна Міколы Маеўскага ў персанальным каталогу

Шчодрасць Міколы Маеўскага можна абмераць хоць бы тым, што ён, заўзяты грыбнік, з задавальненнем браў у свае патаемныя мясціны берасцейскіх сяброў, якія часта наведвалі Дварцы ў грыбны сезон. Па грыбы, як піша ў сваім фэйсбуку Ігар Бараноўскі, Мікола пайшоў і 10 верасня. А вярнуўшыся, памёр ад сардэчнага прыступу. Акрамя прывязаных да яго людзей, асірацелі пэндзлі, фарбы, падворак родавай хаты. І два чорныя каты асірацелі таксама.

nadvorak-1024x682[1]

www.racyja.com

[supsystic-social-sharing id="1"]