Чым малы памежны рух адрозніваецца ад шэнгену, як атрымаць запаветны дазвол і чаму жыхары Горадні ды Берасця яшчэ не ездзяць адвольна за мяжу – раскрываем таямніцы ў новым выпуску рубрыкі «Працэс». 

1graniza[1]
Што гэта такое?
  •  Уяві сабе сітуацыю: ты жывеш у вёсцы, дзе палова поля належыць Беларусі, а палова – іншай краіне. І для таго, каб перасекчы гэтую мяжу, табе трэба ехаць за 100 кіламетраў. Жахліва, так? Але ёсць выйсце, і імя яму – «малы памежны рух», ці скарочана МПР.
  • МПР – палегчаны рэжым перасячэння мяжы для грамадзян дзвюх дзяржаў, якія жывуць у памежнай зоне – 30-50 кіламетраў каля дзяржаўнай мяжы ў абодва бакі. У Беларусі на мяжы з Літвой жыве прыкладна 800 тысяч чалавек, а на мяжы з Польшчай – каля 900 тысяч.
  • Галоўны сэнс – спрасціць працэс перасячэння мяжы для людзей, якія жывуць на памежжы.
  • МПР існуе толькі паміж дзяржавамі – чальцамі ЕС і іх суседкамі. Зараз гэта толькі Беларусь.
  • Ва Украіне МПР дзейнічаў з усімі суседзямі з ЕС. Зараз, у сувязі з бязвізам, ён дапрацоўвае апошнія дні.
  • Да пачатку 2016 года малы памежны рух дзейнічаў паміж Польшчай і Калінінградскай вобласцю Расіі.
  • З 2012 года МПР дзейнічае паміж Беларуссю і Латвіяй.

Як гэта працуе цяпер?

  • Жыхарам, якія прапісаныя ці маюць маёмасць на тэрыторыі, што трапляе пад усталяваныя міжнародныя нормы (нагадаем: 30-50 кіламетраў па абодва бакі мяжы), выдаецца спецыяльны дазвол.
  • Для атрымання дазволу можна звярнуцца ў Латвійскае консульства ў Віцебску.
  • Іншы варыянт: запісацца ў спецыяльныя спісы ў мясцовым выканкаме ці сельсавеце, запоўніць заяву і падаць неабходныя дакументы. Іх спіс практычна супадае са стандартным пакетам докаў на візу.
  • Толькі даведак з працы ці месца вучобы, а таксама грошай на рахунку не трэба.
  • Потым гэтыя дакументы накіроўваюцца ў аблвыканкам, а затым у консульства.
  • Тэрмін дзеяння дазволу паміж Беларуссю і Латвіяй – адзін год. Кошт – 20 еўра. Калі ты ўжо на пенсіі, маеш інваліднасць ці няпоўнагадовы(-ая), то вызваляешся ад аплаты.
  • Усю інфу ты дакладна знойдзеш на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэта.

Падводныя камяні

  • Трэба даказаць, што ў цябе ёсць прычыны на атрыманне дазволу на спрошчанае перасячэнне мяжы. Напрыклад, маёмасць ці сваякі па той бок мяжы.
  • Тэрмін дзеяння гэтага дазволу паміж Беларуссю і Латвіяй складае год. Гэта нешта сярэдняе паміж візай і ВНЖ, бо па гэтай паперы ты можаш знаходзіцца на тэрыторыі суседняй краіны 90 дзён запар. На 91-ы дзень вяртаешся ў Беларусі – і вуаля, тэрмін абнуліўся. Можаш тусавацца ў ЕС па новай.
  • Важна: у адпаведнасці з дамовамі ты не можаш ехаць далей за памежную зону. Фактычнага кантролю не адбываецца, але гэта будзе парушэннем закону і пакараецца з усёй ягонай жорсткасцю: дэпартацыяй ды забаронай уезду ў ЕС ці Беларусь на 5 гадоў.
  • Перасякаць мяжу можна ў любым пункце пропуску ў адпаведнасці з усталяванымі там правіламі. Можна на ровары, можна пешшу – ю а вэлкам.

Для чаго гэта працуе?

  • З-за гістарычных прычын на памежжы розных дзяржаў традыцыйна жывуць прадстаўнікі мноства нацыянальнасцяў. У жыхароў памежных тэрыторый часта ёсць сваякі ці сябры ў Польшчы, Літве, Латвіі.
  • Ёсць вёскі, дзе адна частка знаходзіцца ў Беларусі, а могілкі ці касцёл – у Літве. Малы памежны рух дазваляе аднавіць гэтыя сувязі.
  • Натуральным чынам малы памежны рух спрыяе развіццю бізнэсу і турызму.
  • У абмежаваным выглядзе малы памежны рух рэалізаваны для Горадні і Белавежскай пушчы – іх замежнікі могуць наведваць без візы на працягу пяці дзён. Але патрэбны турыстычны ваўчар.
  • Дарэчы, дзякуючы гэтым паслабленням Беларусь за 2017 год наведала каля 30 тысяч чалавек. Улічваючы, што найбольш прывабныя для турыстаў гарады – Горадня і Берасце – знаходзяцца на мяжы з ЕС, уяві, як могуць павялічыцца гэтыя лічбы.

Чаму ў нас няма МПР з Польшчай i Лiтвой?

Афіцыйная версія беларускага МЗС – негатоўнасць памежнай інфраструктуры і, у прыватнасці, пунктаў пропуску да вялікай колькасці людзей.

  • Па прыкладных адзнаках пад дзеянне малога памежнага руху з польскага, беларускага і літоўскага боку ў сукупнасці трапляюць каля 3 мільёнаў чалавек і такія буйныя гарады, як Вільня, Берасце, Горадня, Ліда.
  • Варта зазначыць, што пасля таго, як Літва, Латвія, Польшча ўвайшлі ў ЕС, вялікая колькасць пунктаў была зачыненая. Гэта было адной з умоў далучэння да ЕС для ўтрымання бяспекі межаў. Гіпатэтычна гэтыя пункты існуюць, і яны ёсць, іх працу трэба толькі ўзнавіць.
  • Таксама беларускія чыноўнікі часам баяцца, што памежныя жыхары проста вывезуць усю валюту з краіны.
  • Апелююць яны і да дарагавізны гэтага праекта.
  • Яшчэ адзін з аргументаў: з-за адкрытай мяжы жыхары памежжа не будуць купляць беларускія тавары, а цалкам будуць закупацца ў бліжэйшых «Бядронках» ды «Максімах».
  • Афіцыйныя дакументы былі падпісаныя яшчэ ў 2010 годзе. Тады ж былі пасланыя ноты аб запуску МПР з Літвы, Польшчы і Латвіі.
  • Для запуску малога памежнага руху Беларусь павінна адаслаць аналагічную ноту. Але пакуль што адказ быў толькі латвійскаму боку.

Што робіцца цяпер?

  • Сітуацыя з малым памежным рухам не мяняецца вось ужо на працягу пяці гадоў. У асноўным нешта для гэтага пытання робяць актывісты ды ініцыятыўныя групы.
  • Валанцёры кампаніі «Без візы», альянсу «Грамадзянская Гарадзеншчына» ездзяць у памежныя рэгіёны і распавядаюць мясцовым жыхарам пра магчымасць малога памежнага руху.
  • Таксама грамадскія актывісты перыядычна ладзяць круглыя сталы, дзе абмяркоўваюцьпраблему.
  • Неабыякавыя знялі ўласны дакументальны фільм пра жыццё на беларуска-літоўскай мяжы.
  • А ва ўкраінскага малога памежнага руху нават былі ўласныя песняры – зацані праект з-пад Львова Kurwa Matj.

Лічбы

  • На памежжы з Літвой жыве каля 800 тысяч беларускіх грамадзян. З Польшчай – 900 тысяч. Гэта каля 10% ад насельніцтва краіны.
  • Усяго ў Беларусі працуе 13 пунктаў пераходу з краінамі Еўрапейскага звязу (2 – з Латвіяй, 4 – з Літвой, 7 – з Польшчай).
  • Беларусь – сусветны лідар па колькасці выдадзеных шэнгенскіх віз на душу насельніцтва. У 2016 годзе мы занялі пятае месца ў свеце сярод абсалютнай колькасці выдадзеных шэнгенскіх віз. Нас абышлі Расія, Турцыя, Украіна і Кітай. У кожнай з гэтых краін насельніцтва больш як мінімум у чатыры разы, чым у Беларусі.
  • У 2015 годзе для беларусаў было выдадзена 632 дазволы з латвійскага боку.

34mag.net

[supsystic-social-sharing id="1"]