Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў распавёў, калі і якіх правоў у беларускіх жанчын было больш, як яны перамагалі на рыцарскіх турнірах і што крыецца за часам патухлымі вачыма беларускіх мужчын.

rahneda[1]

 

— Спадар Уладзімір, ваша новая кніга «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» нарабіла нямала шуму. Чым нашы продкі, мужчына і жанчына, іх лад жыцця, адносіны, адрозніваюцца ад сённяшніх?
— Калі зазірнуць у мінулае, з пункту гледжання адносін мужчыны і жанчыны, то, безумоўна, успомню такое паняцце, як рыцарства. Радзіма нашых продкаў — Вялікае Княства Літоўскае — была да канца XVIII стагоддзя часткай еўрапейскай цывілізацыі. Гарады жылі паводле магдэбургскага права, нашы студэнты вучыліся ў еўрапейскіх універсітэтах, архітэктурныя стылі былі агульнаеўрапейскія. ВКЛ было усходняй мяжой Рэнесансу. У нас існавала і рыцарства. Шляхта складала амаль 15%, у Расіі — 1-1,5%. Па сутнасці, кожны шляхціц мог лічыць сябе рыцарам. Праўда, у традыцыйным сэнсе не кожны мог сабе гэта дазволіць: не кожны мог купіць рыцарскі панцыр, зброю, каня.
У нашых рыцараў, як і ў заходнееўрапейскіх, быў кодэкс гонару, у адпаведнасці з якім подзвігі здзяйсняліся ў гонар дамы сэрца. На рыцарскіх турнірах, палях бітваў, а таксама ў час падарожжаў па дарогах Еўропы, пакуль дамы чакалі іх на берагах Дзвіны, Дняпра і Нёмана. Мне вельмі падабаецца рыцарскі дэвіз, які трохі адрэдагаваў Уладзімір Караткевіч. Да яго ён гучаў так: «Славу — Айчыне, гонар — нікому!» А Караткевіч перайначыў: «Сэрца — жанчыне, славу — Айчыне, гонар — нікому!»
rahneda_2[1]

У ВКЛ жанчыны мелі непараўнальна больш грамадзянскіх і маёмасных правоў, чым іх суседкі ў Расійскай імперыі. Вось як, напрыклад, у XVI стагоддзі жыхарка Полацка Улляна Падбярэзская абараняла свае правы і правы сваіх дзяцей. Пасля смерці мужа яна выйшла замуж за яго брата, нарадзіла трох сыноў. Пасля высветлілася, што царкоўнае права забараняе ўдаве выходзіць замуж за роднага брата мужа. Паўстала пытанне: законанароджаныя дзеці ці не? Улляна, выкарыстоўваючы свае правы, якія даваў ёй Статут ВКЛ 1588 года — самы перадавы збор законаў у тагачаснай Еўропе — дайшла да кіеўскага мітрапаліта і вялікакняскага суда. Кропку ў гэтай гісторыі паставіў Канстанцінопальскі патрыярх. Ён атрымаў ад Улляны ліст і сваёй граматай пацвердзіў законнасць яе вянчання і права яе дзяцей.

«У рыцарскіх турнірах жанчыны маглі змагацца з мужчынамі»
 Законы ВКЛ не патрабавалі ад жанчын выходзіць замуж нявіннымі, не забаранялі інтымных адносін у святочныя дні і ў час пастоў. Вельмі цяжкім злачынствам лічылася згвалтаванне, за яго каралі смерцю. Выратаваць гвалтаўніка ад смерці магла толькі згода пацярпелай выйсці за яго замуж. У ВКЛ жанчыны ўдзельнічалі нават у рыцарскіх турнірах. Рыцарскае мастацтва расквітнела ў часы вялікага князя і караля Жыгімонта Аўгуста, які вядомы сваёй рамантычнай і трагічнай гісторыяй кахання да Барбары Радзівіл…
— Да нас на рыцарскія турніры з’язджаліся ўдзельнікі з многіх еўрапейскіх краін. Выходзіла на паядынкі і віленчанка Зоська Доўгая, вясёлая па характары жанчына. Атрымаўшы фору, змагалася з мужчынамі, і нярэдка выходзіла пераможцай.
Дарэчы, многае нават у адзенні і абутку прыйшло да нас з тых часоў. Напрыклад, платформа — гэта зусім не навамодная знаходка. У часы Рэнесансу платформа даходзіла да 50 сантыметраў у вышыню. Самыя прасунутыя модніцы не маглі нават самастойна перасоўвацца ў такой абутку. Натуральна, тады гэта былі знатныя дамы, слугі падтрымлівалі іх пад рукі.
— Як беларускія мужчыны той пары ставіліся да шлюбу? Цяпер вось усё часцей не спяшаюцца пад вянок…
— У тагачаснай шляхты была традыцыя позніх шлюбаў. Лічылася, што мужчына павінен жаніцца толькі стаўшы адукаваным, мудрым, заможным. Узяць таго ж Скарыну — ён таксама не спяшаўся, ажаніўся ўжо пасля выдання сваёй Бібліі. Узяў у жонкі Маргарыту Адвернік, удаву аднаго з яго галоўных інвестараў, багатага віленскага купца Юрыя Адверніка. Пасля яго смерці Скарына і ажаніўся з Маргарытай. Яму тады было прыкладна 35. Але шлюб быў нядоўгім: праз чатыры гады Маргарыта сышла ў іншы свет.
arlou_2[1]
 Некаторыя лічаць беларускіх мужчын талерантнымі, спакойнымі, нехта скажа — слабыя, з патухлымі вачыма…
— Наша грамадства як шматслаёвы пірог, у якім прысутнічаюць і неандэртальцы, і людзі XXII стагоддзя. Як праслойкі, можна прадставіць і мужчынскую частка нашага грамадства: адны для жанчын вельмі смачныя, аб іншыя можна паламаць зубы ці плявацца, наткнуўшыся на нясмачны кавалак.
«Большасць войнаў на тэрыторыі Беларусі — не нашы войны»

— Мне падабаюцца беларускі — прыгожыя, еўрапейскія. Аднойчы я размаўляў са славацкім дыпламатам, які лічыў, што прыехаў у правінцыю Расіі, краіны, дзе калісьці працаваў. Ён прызнаўся, што ўбачыў у Беларусі народ з зусім іншым нацыянальным характарам, ментальнасцю і нават абліччам.

 — Ці згодныя вы з тым, што жанчыны перацягнулі на сябе мужчынскія функцыі — і не толькі ў побыце?
— Я не буду спрачацца — перацягнулі. З іншага боку, наша грамадства, думаю, не гатова на адкрытых і дэмакратычных выбарах прагаласаваць за жанчыну-прэзідэнта. Я мару пра той час, калі гэта стане магчыма. Таму што жанчыны ў нашай гісторыі заўсёды адыгрывалі велізарную, нават ключавую ролю, яшчэ з часоў Рагнеды. Толькі ўявіце сабе, што было б, калі б Рагнедзе не хапіла мужнасці ў тую ноч, апісаную летапісцамі, узяць у рукі меч і падняць яго над сваім мужам — кіеўскім князем Уладзімірам, які знішчыў яе род, спаліў родны Полацк…
Наша гісторыя магла скласціся зусім інакш. Уладзімір быў пакараны тым і не выслаў бы Рагнеду з маленькім Ізяславам на радзіму. Ізяслаў не стаў бы полацкім князем. Полацк не вярнуў бы сабе незалежнасць ад Кіева. У выніку мы маглі б жыць у зусім іншай краіне. Але Рагнеда выратавала беларусаў сваёй непакорнасцю. У тым ліку і ў выніку гэтага сёння мы жывем у сваёй краіне.
Што тычыцца патухлых позіркаў многіх нашых суайчыннікаў, гэта ў першую чаргу сведчанне той сітуацыі, у якой знаходзіцца наша краіна. Людзі разумеюць, што ад іх, па гамбургскім рахунку, у жыцці краіны вельмі мала што залежыць. Ясна, што ёсць людзі з вялікім запасам аптымізму, жыццёвых сіл і веры, якія імкнуцца змяніць сітуацыю. Я часта сустракаюся з чытачамі ў розных кутках краіны, шмат у каго няма веры ў заўтрашні дзень. А вось нядаўна вярнуўся з італьянскай Падуі. Назіраў за італьянцамі, бачыў, наколькі яны іншыя — разняволеныя, адкрытыя, гатовыя дапамагчы ва ўсім. Мой спадарожнік і сябар, таксама беларус, сказаў, што менавіта там хацеў бы пасяліцца і жыць. І стаўленне да жанчыны там іншае, кожны вечар я бачыў шмат падуанцаўз кветкамі ў руках, яны неслі іх сваім дамам. Безумоўна, у іх свае традыцыі, свая ментальнасць, але разам з тым — гэта вольны сьвет.
— Кажуць, што на беларусаў паўплывала і велізарная колькасць войнаў, якія прайшлі па нашай тэрыторыі. Нядаўна агучылі лічбу — 93.
— Прычым абсалютная большасць гэтых войнаў — не нашы вайны. Лічыцца, што самай страшнай вайной была апошняя, у якой загінуў кожны чацвёрты беларус. Але гісторыкі ведаюць: самай страшнай вайной была 13-гадовая вайна 1654-1667 гадоў, калі загінула палова насельніцтва цяперашняй Беларусі. Да яе беларускія гарады былі параўнальныя з італьянскімі, галандскімі, што пацвярджаюць нашы археолагі. Тады здарылася катастрофа — эканамічная, культурная, дэмаграфічная. Вынікі той вайны — сярод прычын многіх нашых сённяшніх нацыянальных праблем. Але нам усё роўна ўдалося выстаяць, не зламацца: у свеце каля трох тысяч нацый і народнасцяў, але толькі дзвесце з іх стварылі свае дзяржавы. І ёсць надзея, што калі-небудзь мы станем як тыя італьянцы — няхай не па тэмпераменце, яго змяніць складана — але хаця б па сваёй адкрытасці свеце і адносінах да жанчыны.
[supsystic-social-sharing id="1"]