— гэта той жанр мастацтва, да якога беларусы пакуль звяртаюцца вельмі рэдка. У той жа час глабальна серыялы выходзяць на першы план, усё болей выцясняючы поўнаметражныя фільмы. Якія постаці і падзеі з беларускай гісторыі маглі б зацікавіць не толькі мясцовага гледача, але і свет?

Князь Міндоўг і заснаванне ВКЛ

Ужо чацвёрты год адным з самых папулярных серыялаў свету з’яўляюцца канадска-ірландскія «Вікінгі». Гэта прыгоды паўлегендарнага дацкага конунга Рагнара Лодбрака і яго нашчадкаў.

А чым Міндоўг горшы за Рагнара? Менш лютым і цікавым ён не быў дакладна.

Баёпік Міндоўга — гэта бяспройгрышны варыянт. Там будзе шмат крывавых бітваў з татарамі, лівонцамі. Міжусобіцы з іншымі славянскімі і балцкімі князямі. Здрады, недавер, пастаянная змена саюзнікаў.

Міндоўг быў настолькі недаверлівы, што падазраваў у змовах супраць сябе родных. Другой жонкай Міндоўг узяў сабе Агну, родную сястру першай жонкі-нябожчыцы Марты. Агна прыехала на пахаванне сястры, але князь так і не адпусціў яе назад да мужа — нальшанскага князя Даўмонта.

Да гэтага трэба дадаць, што ў той перыяд акурат ствараецца новая дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае, дэкарацыі сярэднявечнага Наваградка, барацьба за ўплыў паміж хрысціянствам і паганствам. Хрышчэнне і каранацыя. Што рабілася ў душы гэтага паганца, які спрабаваў зразумець Хрыста?

І ў выніку змовы 1263 года, калі жамойцкі, полацкі і нальшанскі (той самы, у якога Міндоўг звёў жонку) князі супольна забіваюць караля і двух яго малодшых сыноў. Нават на гэтым серыял можна не спыняць, а працягнуць на Войшалку.

Беларускія супергероі — і Кастусь Каліноўскі

Канечне, у сусвет Marvel пакуль ніхто з беларусаў не трапіць, але жыць без уласных супергерояў таксама складана.

Касцюшка і Каліноўскі ў серыялах пра сябе мусяць ствараць пазітыўны вобраз смелых, бескампрамісных, адважных герояў. Канечне, яны могуць праяўляць нейкую слабасць зрэдку, але на агульны фон гэта не павінна ўплываць. Як героі амерыканскіх баевікоў. Ім хочацца спачуваць, быць падобнымі да іх, вучыцца на іх досведзе.

Серыял пра Касцюшку мог бы быць запатрабаваны яшчэ і таму, што жыццё гэтага чалавека звязанае ў тым ліку з ЗША. Нейкі Netflix ці Fox мог бы ў будучыні і запусціць шматсерыйны фільм пра лідара паўстання 1794 года.

Што тычыцца Каліноўскага, то гэта, хутчэй, прадукт для ўнутранага карыстання. Постаць Каліноўскага — адна з найбольш знакавых у гісторыі Беларусі. Нават праз 150 гадоў пасля яго смерці ён не дае спакою чарнасоценцам, якія ўсяляк спрабуюць ачарніць яго.

Паўстанне 1863 года цікавае сваім рамантызмам, адчайнай спробай малымі сіламі памяняць сітуацыю ў краіне. Гэтая старонка ў гісторыі застанецца назаўсёды як бунт нязломленага духу і запомніцца абвостраным пачуццём справядлівасці.

і яго авантуры

Ігнацый Хадзькевіч быў адным з самых вядомых авантурыстаў свайго часу. На жаль, ягонае імя раскручанае не настолькі, як Джакома Казановы, графа Сэн-Жэрмэна ці Астапа Бэндэра. Серыялы аб аферах беларускага шляхціча дазволіў бы падняць яго імя з забыцця.

Хадзькевіч — з самага ўсходу Беларусі, з Мсціслаўскага ваяводства. Гэта была заможная шляхта, аднак па смерці бацькі Ігнацый вельмі хутка прайграў усю маёмасць за картачным сталом.

Потым быў шлюб па разліку, служба ў замежным легіёне Рэчы Паспалітай — Кароннай гвардыі. Туды збіраліся ўсе нягоднікі свайго часу. Праз нейкі час падаўся на службу ў Расію, дзе смеласцю беларуса захапляўся Сувораў.

Падзеі разгортваліся з касмічнай хуткасцю — і вось Хадзькевіч ужо ў Парыжы ў час Вялікай рэвалюцыі, штурмаваў Бастылію са сваім невялікім атрадам.

Дома ў той час рабіліся не менш цікавыя рэчы — падзел краіны, Канстытуцыя 3 мая, паўстанне Касцюшкі. Хадзькевіч адкрывае ў Вільні гульнявы дом. Карты былі і застаюцца яго галоўнай жарсцю. «Па начах чысцілі кішэні расейскіх акупантаў, а ўдзень за тым самым сталом рыхтаваліся да паўстання», — піша ў сваім эсэ Андрэй Шпунт. Хадзькевіча вінавацілі ў супрацы з расійскімі спецслужбамі.

Паўстанне задушваюць, і вось Хадзькевіч зноў на службе ў расійскага імператара. Яго адпраўляюць са шпіёнскай місіяй у Канстанцінопаль, адкуль ён вяртаецца з жонкай партугальскага консула Лабраша. Каханкі ўцякаюць у Францыю. Падзеі і краявіды за акном карэты пана Хадзькевіча мяняюцца калейдаскапічна — Рым, Германія, Валынь. У Нямеччыне ён кідае цяжарнай сваю партугальскую жонку.

Ён сотні разоў цудам пазбягаў арыштаў і гільяціны, супрацоўнічаў з усімі разведкамі, з якімі толькі можна супрацоўнічаць. І дзе ні быў Хадзькевіч, паўсюль рэкамі лілося віно, былі прыгожыя жанчыны і, канечне ж, азартныя гульні — галоўная страсць шляхціча.

Ён ведаў і яго ведалі многія вялікія людзі таго часу, міма яго не прайшла ніводная знакавая падзея ў свеце. Жыццё Хадзькевіча было яркім сполахам, сумна яму не было ніколі.

Другая сусветная вайна па матывах твораў Васіля Быкава

Нас крыху перакармілі тэмай Вялікай Айчыннай вайны. Няшчырымі перадавіцамі газет, наскрозь хлуслівымі кнігамі і фільмамі. Праз гэта атрымліваецца, што тэму вайны многія лічаць нецікавай, занадта афіцыёзнай. За яе не бяруцца сучасныя пісьменнікі. Хаця ў свеце тэма Другой сусветнай па-ранейшаму ёсць тым магнітам, які прыцягвае да сябе творцаў розных пакаленняў.

Не так даўно Нобеля атрымаў французскі пісьменнік Патрык Мадыяно, які спрабуе асэнсаваць тую вайну з пазіцыі чалавека, народжанага ў час акупацыі. Букер за 2014 год займеў аўстраліец Рычард Флэнаган з кнігай «Вузкая дарога на далёкую поўнач». Гэта пра ўдзел аўстралійцаў у Другой сусветнай — а колькі іх там было, калі параўнаць з беларусамі! Пра вайну ў Эстоніі піша фінка Сафі Оксанен. Гэта ўсё ж самая значная падзея ў гісторыі чалавецтва ў ХХ стагоддзі. Вайну нельга абыходзіць бокам, пра яе яшчэ шмат не сказанага і не пачутага.

Каб здымаць серыял пра Другую сусветную ў Беларусі, найлепш пасуюць кнігі Быкава. Не адна нейкая асобная, а ўсе разам. Башкавітыя сцэнарысты здольныя зляпіць з іх агульны сюжэт. Гэта і «Жураўліны крык», «Сотнікаў», «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Воўчая зграя» і шмат усяго іншага.

У героях Быкава ёсць усё: здрада і гераізм, каханне і смерць, подласць і шчырасць. Як можа кагосьці пакінуць абыякавым інтэлігент Глечык з «Жураўлінага крыка» ці здраднік Рыбак з «Сотнікава»? Гэта сапраўдная скарбніца нашай гісторыі і літаратуры для будучых серыялаў.

Дашкевічы і дыктатура

Аўтарытарныя рэжымы — гэта яшчэ адна тэма, якая цікавіць свет. Не так даўно з адносным поспехам прайшлі тры сезоны серыяла «Тыран». Яго дзеянні адбываліся ў выдуманай краіне Абудзін, якая сталася зборным вобразам усіх тэрыторый, што ахапіла сабой «арабская вясна».

Тайныя спружыны дыктатарскай улады, веліч і нікчэмнасць тыранаў, супраціў і яго здушэнне — гэта ўсё ўніверсальныя тэмы.

У гісторыі жыцця Змітра і Насты Дашкевіч ёсць усё, што можа зацікавіць кіношнікаў: падпольная барацьба, турма, КДБ, допыты, галадоўкі. І, канечне ж, каханне. Гісторыя Дашкевічаў лёгка ўпісваецца ў агульны фон Беларусі ХХІ стагоддзя. Імідж апошняй дыктатуры Еўропы працуе спраўна. Праўда, такі серыял мусіць быць зняты ўжо пасля ўсталявання дэмакратыі. Гледачы серыялаў любяць хэпі-энды.


nn.by