Сёння — 31-я гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Падзеям чарнобыльскай трагедыі прысвечана шмат мастацкіх твораў і дакументальных кніг. Але сярод усіх твораў пра Чарнобыль, мусіць, асаблівае месца займае кніга Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”. Аўтар кнігі неаднаразова пабывала ў чарнобыльскіх раёнах, на свае вочы бачыла пакуты і смерць тысячы нявінных ахвяр мірнага атама. Вытрымкі з  “Чарнобыльскай малітвы” не пакінуць вас абыякавым.

0_2324b5_3507e12d_XXL[1]

 

 

Усё нібы свяцілася… Усё неба… Высокае полымя. Чад. Гарачыня страшэнная. А яго ўсё няма і няма. Чад ад таго, што бітум гарэў, дах станцыі быў заліты бітумам. Хадзілі, пасля прыгадваў, як па смале. Збівалі полымя. Гарэў графіт. Яго скідвалі нагамі… Паехалі яны без брызентавых касцюмаў, як былі ў адных сарочках, так і паехалі. Іх не папярэдзілі, іх выклікалі на звычайны пажар…

Людміла Ігнаценка, жонка загінуўшага пажарніка Васіля Ігнаценкі

 

Мы не надта баяліся гэтай радыяцыі… Калі б мы яе не бачылі, не ведалі, дык, можа, і баяліся б, а як паглядзелі, то ўжо не так страшна. Міліцыя з салдатамі трафарэткі паставіла. У каго ля хаты, дзе на вуліцы — напісалі: семдзесят кюры, шэсцьдзесят кюры… Век жылі на сваёй картоплі, на бульбачцы, а тут сказалі — няможна!

Зінаіда Еўдакімаўна Каваленка, самасёлка

 

У першыя дні галоўным было пытанне, хто вінаваты? Пасля, калі мы больш уведалі, пачалі думаць, што рабіць? Як уратавацца? Цяпер, змірыўшыся з думкаю, што гэта не на год і не на два, а на шмат пакаленняў, пачалі ў думках вяртацца назад, перагортваць староначку за староначкай…

Надзея Пятроўна Выгоўская, перасяленка з горада Прыпяці

1459767858_7[1]

 

Ты хочаш быць як усе, а ўжо няможна. Ты не можаш. На цябе глядзяць іншымі вачыма. Табе задаюць пытанні: там было страшна? Як гарэла станцыя? Што ты бачыў? I наогул, ці могуць быць у цябе дзеці? Жонка ад цябе не ўцякла? Па першым часе мы ўсе ператварыліся ў дзіва… Само слова “чарнобылец” дагэтуль, як гукавы сігнал… Усе паварочваюць галовы ў твой бок… Адтуль!

Мікалай Фаміч Калугін, бацька

 

Радыё ўключу. Палохаюць і палохаюць нас радыяцыяй. А нам пры радыяцыі стала лепш жыць. Крыжам пабажуся! Ты паглядзі: прывезлі апельсіны, тры гатункі кілбасы, калі ласка… У вёсцы!

Ганна Пятроўна Бадаева, самасёлка

 

 

Я хачу засведчыць… Гэта было тады, дзесяць гадоў назад, і кожны дзень адбываецца са мною цяпер. Гэта заўсёды са мной.

Мікалай Фаміч Калугін, бацька 

 

upload-RIAN_00011837

Што засталося ў памяці пра тыя дні? Цень вар’яцтва… Як мы капалі… Капалі… Дзесьці ў дзённіку запісана, што я там скеміў. У першыя ж дні… Я зразумеў, як лёгка стаць зямлёй…”

Іван Мікалаевіч Жмыхаў, інжынер-хімік

 

Што я запомніў… У першыя ж дні пасля аварыі з бібліятэк зніклі кнігі пра радыяцыю, пра Хірасіму і Нагасакі, нават пра рэнтген. Пранесліся чуткі, што гэта загад начальства, каб не было панікі. Быў нават жарт, што калі б Чарнобыль узарваўся ў папуасаў, увесь бы свет спалохаўся, акрамя саміх папуасаў.

Яўген Аляксандравіч Броўкін, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага універсітэта

 

1461660596_maxresdefault[1]

Я баюся дажджу — вось што такое — Чарнобыль. Баюся снегу… Лесу… Гэта не абстракцыя, не выснова розуму, а асабістае пачуццё. Чарнобыль… Ён у маім доме…

Аляксандр Равальскі, гісторык

 

Прыбыў я туды, калі птушкі сядзелі ў гнёздах, ад’язджаў — яблыкі ляжалі на снезе… Не ўсё мы паспелі пахаваць… Хавалі зямлю ў зямлі… З жукамі, павукамі, лічынкамі… З гэтым асобным народам… Светам… Самае моцнае маё ўражанне адтуль… Пра іх…

Аркадзь Філін, ліквідатар

 

Кажуць, што гэтага не можа быць? I як жа яны жывуць з гэткаю шчытавідкай? Але хіба быў дзе-небудзь падобны эксперымент? Я чытаю… Бачу… Кожны дзень… Дапамагчы можаце? Не! Чаго тады прыязджаеце? Распытваеце? Прыстаяце да нас? Я не хачу гандляваць іх няшчасцем. Філасофстваваць! Адчапіцеся, людзі добрыя! Нам тут жыць…”

Аркадзь Паўлавіч Багданкевіч, сельскі фельчар

 

Ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы пацярпела каля 2 млн. жыхароў Беларусі, у тым ліку больш за паўмільёна дзяцей. Тэрыторыя краіны на многія стагоддзі стала зонай экалагічнага бедства. Кожная гадавіна Чарнобыльскай катастрофы прымушае чарговы раз падумаць, ці зрабілі мы якія-кольвек высновы з той страшнай падзеі і ці вырашылі з вялікай колькасці праблем хоць якую частку.

Асабістыя гісторыі ўдзельнікаў вы можаце прачытаць у кнізе Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва. Спасылка для запампоўкі: https://vk.com/doc85718706