Калі вас спытаць, то якая першая асацыяцыя звычайна ўзнікае пры слове “”? Адразу ўзгадваюцца сумуючыя школьнікі перад музейнымі экспанатамі, альбо група інтурыстаў, якія бавяць свой час у адпачынку на цэнтральнай плошчы горада, у Міры ці Нясвіжы. Але далоў стэрэатыпы! прэзентуе 10 незвычайных аб’ектаў экскурсій гэтага года, якія канчаткова пераканаюць вас у тым, што выходныя 22-23 красавіка трэба правесці разам з намі.

Графіці

Апошнім часам на гарадскіх сценах можна ўбачыць усё болей малюнкаў альбо надпісаў, той ці іншай якасці. Экскурсавод Красноў Артур паспрабуе адказаць на спрэчнае пытанне: графіці- гэта мастацтва ці вандалізм?

Падчас экскурсіі можна будзе пазнаёміцца са стылямі, відамі графіці. А таксама дазнацца пра мастакоў-графітыстаў, чые імёны вядомыя ва ўсім свеце. Пасля гэтай экскурсіі немагчыма будзе ўспрымаць Мінск, як раней, бо перад вачамі экскурсантаў адкрыецца яго, няхай і малая, нефармальная частка.

Брук Браслава

Здавалася б, што можа быць цікавага пад нагамі? Але браслаўскія экскурсаводы развейваюць стэрэатыпы і прысвячаюць экскурсію  адной з самых папулярных асаблівасцей Браслава — старой брукоўцы. Старадаўні шлях мае не толькі багатую гісторыю, але і ў сучаснасці працягвае назапашваць цікавосткі ў выглядзе мясцовых былічак і новых арт-аб’ектаў. Апроч брукоўкі экскурсанты здолеюць даведацца аб гісторыі з’яўлення «карабля» на гарадскім пляжы, а таксама пра поспехі аднайменнага траўлера «Браслаў» рыбалавецкага флота Камчаткі.

Курапаты

Праводзіць экскурсію па месцы, якое вядома тым, што тут праводзіліся масавыя растрэлы падчас сталінскіх рэпрэсій ў 1937-1941 гг., і дзе пахавана па розных адзнаках ад дзесяткаў да соцен тысяч людзей, камусьці можа паказацца вар’яцтвам. Але нельга забывацца на сумныя старонкі з гісторыі, бо яны павінны служыць напамінам, каб болей ніколі такое не паўтаралася.

Курапаты часта называюць Беларускай Галгофай. І як у хрысціянстве Галгофа – ёсць сімвал не толькі Смерці, але і Уваскрасення Хрыста, так і Курапаты – не толькі памяць сталінскіх рэпрэсіяў, пакутаў і смерці нашых дзядзоў і прадзедаў, але і сімвал Уваскрасення нашай нацыі.

Гісторыю гэтага сумнага месца на ўскрайку Мінска распавядзе Чарнаморцава Валерыя.

Кавярні і кандытарскія

Бадай, самая салодкая экскурсія Фэста экскурсаводаў-2017. Сінкевіч Наталля распрацавала аўтарскую экскурсію, якая ўключае ў сябе ня толькі шпацыр і назіранне за мясцовасцю. Удзельнікі гэтай экскурсіі пройдуць па кавярнях і кандытарскіх губернскага Мінска XIX ст. і за кубкам духмянай гісторыі даведаюцца, дзе ў горадзе можна было паспрабаваць лепшую каву, дзе гаражане куплялі найсвяжэйшую здобу, а таксама аб чым гаварылі і спрачаліся ў менскіх цукернях.

Форт літэра А

У гэтым годзе Брэсту вельмі пашанцавала, бо Алена Варабей у межах Фэста падчас экскурсіі-анімацыі пакажа ў новым свеце выбітны помнік фартыфікацыі першай паловы XX стагоддзя.

Экскурсантам адкрыюцца тайны форта, які за сваю стогадовую гісторыю перажыў ажно 4 вайны. Экскурсанты змогуць ня толькі адчуць подых жорсткіх 20-40-х гг., прыадчыніць таямніцы сакрэтнага стратэгічнага аб’екта, але і дапамагчы рэальным людзям: выратаваць ад растрэлу мясцовых жыхароў, дапамагчы сапёру размініраваць аб’ект, а таксама выканаць шмат іншых цікавых заданняў.

Гэтая экскурсія не для слухачоў, а для дзеячаў, бо самы актыўны экскурсант зможа знайсці патаемную сакрэтную мапу, якая хаваецца ў сценах форта.

Медыцынскія ўстановы

Мінск- гэта горад з багатай гісторыяй. На працягу дзевяці з паловай стагоддзяў тут нараджаліся і паміралі люді, што, зразумела, адбівалася на пабудове і развіцці медычных устаноў. Валодзіна Аляксандра распавядзе пра медыцынскія ўстановы дарэвалюцыйнага Мінска, некаторыя дзіўныя спосабы лячэння, традыцыі гігіены і дабрачыннасці.

Неба

Як даўно Вы ўглядваліся ў начное неба ў пошуках той самай зоркі Венеры? Ці зможаце назваць хаця б адно сузор’е акрамя малой і вялікай мядзведзіц?

Кенько Зоя правядзе самую незямную экскурсію Фэста экскурсаводаў. Экскурсанты ўбачаць абрысы сузор’яў на сапраўдным вечаровым небе Менска пры дапамозе лазернай указкі, даведаюцца гісторыі і легенды іх утварэння, чаму зоркі маюць арабскія назвы, што такое зорная велічыня і іншыя зорныя рэчы.

Вядома, экскурсія адбудзецца толькі пры ясным надвор’і, таму самы час заказваць чыстае неба. =)

Аграгарадок Вішоў

Святлана Магілеўчык справядліва лічыць, што кожны куток нашай краіны мае сваю асаблівую і цікавую гісторыю, якую варта ведаць кожнаму мясцоваму жыхару.

Экскурсія прадугледжвае знаёмства з гісторыяй аграгарадка Вішоў. Пешаходнае падарожжа ад старой царквы ў гонар Пятра і Паўла да новай, знаёмства з сядзібай паноў Савіцкіх, агляд месца, дзе праходзіла бітва са шведамі падчас Паўночнай вайны, знаёмства з экспазіцыямі музея СВК «Калгас «Радзіма», па жаданні наведванне новай праваслаўнай царквы– і гэта ўсё ў адным аграгарадку Вішоў Бялыніцкага раёна!

Валуны

Здавалася б, чым могуць быць цікавымі камяні?  Але мала хто ведае, што ў Мінску існуе сапраўдны парк- валуноў — адзін з самых загадкавых музеяў Беларусі. Ніводная краіна Еўропы не мае такога музея пад Божаю страхою, у якім можна пазнаёміцца з калекцыяй ледніковых валуноў, прывезеных з розных куткоў Беларусі. Кожны з валуноў мае сваю незвычайную і легендарную гісторыю. А самыя цікавыя з іх распавядзе Чырскі Мікалай.

Птушкі

Так, аб’ектам экскурсіі могуць быць ня толькі прадметы, але і жывыя істоты. Прыродаахоўная арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запрашае на ранішні шпацыр па Лошыцкім парку ў кампаніі птушак і прафесійнага арнітолага Анастасіі Кузьмянковай! Ці ёсць у горадзе месца птушкам? Падчас экскурсіі можна даведацца, хто жыве ў адным з самых маляўнічых куточкаў дзікай прыроды ў нашым горадзе, навучыцца адрозніваць адметных спевакоў па голасе і дазнацца больш цікавых фактаў пра нашых крылатых суседзяў.

 

У гэтым годзе трапіць на экскурсіі можна толькі пасля папярэдняй рэгістрацыі. Месцы разлятаюцца хутка, таму сачыце за навінамі і не забывайцеся на тое, што цікавае — вакол нас.

fest-guides.by