Як можна выглядаць ва ўзросьце дзевяць тысяч гадоў? Сьпевы якой птушкі здымаюць галаўны боль? Дзе бабры збудавалі найвялікшую ў краіне плаціну? Адказы шукала Яна Шыдлоўская ў пазнавальных турах у беларускую прыроду.

1. Лекаваньне птушынымі сьпевамі

Птушыныя сьпевы дабратворна ўплываюць на стан чалавека — супакойваюць, уздымаюць настрой і нават надаюць фізычных сілаў. Так, чалавеку, што пакутуе ад галаўнога болю альбо дэпрэсіі, раяць паслухаць салаўя — яго пераліўчаты пошчак паляпшае настрой і прымушае ўзбадзёрыцца. Праблемы сардэчна-сасудзістай сыстэмы дапамогуць вырашыць рытмічныя галасы канарэйкі, дразда альбо берасьцянкі. Шчыгол спрыяе расслабленьню, а пяшчотны сьпеў жаўрука адгукаецца ў душы чалавека пачуцьцём сьветлай радасьці. А яшчэ звонкія трэлі птушак — гэта выразная прыкмета вясны, што нясе надзеі на лепшае.

Цяпер голас любой птушкі можна знайсьці ў запісе. Аднак ніводная фанаграма не заменіць жывога гуку, якім поўніцца вясновы лес. Бярэзінскі біясфэрны запаведнік запрашае ахвочых паслухаць «Жывы аркестар», што выразна гучыць над тутэйшымі лясамі і балотамі. Гучнае сола там выконвае красун-цецярук. Акурат на пачатку вясны ў цецерукоў пачынаецца пэрыяд такаваньня, калі звычайна ціхія ўзімку птушкі пачынаюць гучна сьпяваць і прывабна танчыць. Падчас двухдзённага тура гасьцям прапануюць паездку на такавішча — на пакрыты лесам кавалак Пастрэскага балота ў цэнтры запаведніка, дзе штогод можна ўбачыць некалькі дзясяткаў сінявата-чорных цецерукоў. Экскурсія трапіла ў лік экстрэмальных, бо пачынаецца а другой гадзіне ночы, прадугледжвае пераход па цяжкапраходным балоце і патрабуе ад удзельнікаў пэўнай фізычнай падрыхтоўкі і вытрымкі. У красавіку ў запаведніку распачынаюцца экскурсіі на такавішча глушцоў, а ў сярэдзіне траўня наведнікаў чакаюць салаўіныя канцэрты.

2. Роварам да зьвярынага пераходу

Цікава назіраць за абуджэньнем прыроды падчас паездкі на ровары. Такой думкі прытрымліваюцца тысячы турыстаў, якія з пачаткам сэзону на ўласным альбо арандаваным транспарце едуць адкрываць таямніцы Белавескай пушчы. Узяць у часовае карыстаньне і праехацца пушчанскімі сьцежкамі магчыма, калі ў запаведным лесе адбылося афіцыйнае адкрыцьцё вэлясэзону. Для турыстаў-раварыстаў тут распрацаваны шэраг маршрутаў рознай ступені складанасьці працягласьцю да некалькіх дзясяткаў кілямэтраў. Падарожнікі едуць векавымі дубравамі, хваёвымі гаямі і спрадвечнымі палянамі, міма таямнічых балот у спадзеве на мірную сустрэчу зь дзікімі жыхарамі пушчы. Апошнія перамяшчаюцца па лесе адмысловымі сьцежкамі, асобныя зь якіх можа разглядзець толькі надзвычай добры знаўца лесу. На некаторых, аднак, пануе ажыўлены рух. Адзін з пушчанскіх вэлямаршрутаў носіць назву «Зьвярынага пераходу», што супаў з аўтамабільнай дарогай, пракладзенай на месцы былой вузкакалейкі. Сустрэць чароды дзікіх жывёл тут найбольш верагодна раніцай і ўвечары.

3. Бабровае сафары

Нязграбны на сушы і спрытны ў вадзе бабёр паўстае надзвычай цікавым аб’ектам для назіраньня. Яшчэ ў пачатку мінулага стагодзьдзя на ўладальніка прыгожага футра і каштоўнага струменю актыўна палявалі, што ледзь не прывяло да яго зьнікненьня. Каб абараніць беларускага бабра, у краіне быў створаны Бярэзінскі запаведнік, на тэрыторыі якога яшчэ заставаліся бабровыя гарадкі. Цяпер кожны красавік турыстам прапануюць сустрэчу з бабром у прызначаным месцы, дзе Сергуцкі канал упадае ў Бярэзіну. Па дарозе да бабровага паселішча сустракаюцца паваленыя дрэвы, паабгрызаныя пні, сьляды лапаў тутэйшых будаўнікоў. Дарэчы, менавіта ў запаведніку бабры збудавалі найвялікшую ў краіне плаціну даўжынёю 237 мэтраў.

На Браслаўскіх азёрах да баброў прапануюць не толькі падысьці, але і падплысьці. Бабровае сафары распачынаецца на зьмярканьні — у час, калі зьвер можа падпусьціць да сябе і свайго жытла даволі блізка. Жывуць бабры ў норках альбо хатках, збудаваных на вадзе з галінак, сучкоў, ствалоў дрэваў, і ў мэтах бясьпекі маюць падводны ўваход. Бабёр выдатна адчувае сябе ў вадзе, разьвіваючы хуткасьць да 10 кілямэтраў у гадзіну. Праз пляскаты і шырокі хвост бабра доўгі час лічылі рыбай, а ягонае мяса — посным. Так ці іначай, мяса бабра, які сам ужывае расьлінную ежу, надзвычай карыснае, а прыгатаванае са спэцыямі — яшчэ і смачнае. Камбінаванае падарожжа пешшу і на лодцы разьлічана прыблізна на тры гадзіны, напоўненыя цікавымі гісторыямі пра аднаго з самых вялікіх грызуноў сьвету.

4. Ход канём

Адпачынак — надзвычай добрая падстава для самых незвычайных учынкаў. Зрабіць «Ход канём» прапануюць турыстам супрацоўнікі Бярэзінскага біясфэрнага запаведніку. За тыдзень адпачынку на прыродзе спрактыкаваныя інструктары дапамогуць гасьцям авалодаць майстэрствам язды конна. Падчас туру прадугледжаны штодзённыя майстар-клясы і паездкі вярхом у зялёныя нетры запаведніка. Знарок для аматараў коннага турызму тут распрацаваны маршрут працягласьцю 3,5 кілямэтра. За гадзіну вершнікі разам з экскурсаводам наведаюць станцыю фонавага маніторынгу, сасновы бор, праедуць полем і ўскрайкам верхавых балот.

Для тых, хто больш-менш упэўнена трымаецца ў сядле, магчымыя іншыя вэрсіі конных прагулак і паходаў. Напрыклад, арганізацыяй рознай ступені складанасьці і насычанасьці паездак па Меншчыне займаецца конна-гістарычны клюб «Залатая шпора». Загадзя распрацаваны маршрут можа доўжыцца ад аднаго дня да двух тыдняў.

5. Гаючую гарбату, калі ласка!

У даўнія часы агародамі зь лекавымі расьлінамі апекаваліся манахі. Асаблівага посьпеху ў аптэкарскай справе дасягнуў ордэн езуітаў, які ўтрымліваў аптэкі, прытулкі для бедных і лякарні. Сярод выхадцаў з ордэну было нямала вядомых аптэкараў, якія добра ведалі лекавыя ўласьцівасьці зёлак, рабілі зь іх гаючыя адвары, мазі і парашкі. Ня ўсе зёлкі магчыма было сабраць у ваколіцах, таму пры аптэках разьбівалі адмысловыя агароды, дзе вырошчвалі лекавыя расьліны, у тым ліку завезеныя з-за мяжы.

Аптэкарскі сад у ваколіцах азёраў Мястра, Нарач і Белае быў закладзены тры гады таму. За гэты час ён стаў адметным экскурсійным аб’ектам Нарачанскага краю, куды з задавальненьнем едуць турысты. У Аптэкарскім садзе вырошчваецца больш за 200 відаў расьлін — лекавых, дэкаратыўных, духмяных, рэдкіх ці занесеных у Чырвоную кнігу. Падчас экскурсіі тут распавядаюць, як вырошчваць расьліны; калі надыходзіць час іх зьбіраць; як правільна сушыць, каб захаваць лекавыя ўласьцівасьці; якія расьліны выкарыстоўваліся ў мэдыцыне, якія ў кулінарыі, а якія лічацца атрутнымі. Пры садзе дзейнічае гасьцёўня, дзе наведнікаў частуюць шматлікімі гатункамі гарбаты на зёлках, а таксама крама з уласнай прадукцыяй. Напрыклад, гаспадарамі саду распрацавана лінейка гарбаты пад назвай KaliLaska — зялёная з рамонкам альбо календулай, чорная — з шалфеем, рамонкам, валошкай.

6. Тур для соваў

Начны і вясновы беларускі лес поўны таямніцаў, незвычайных гукаў, пахаў і рухаў. Шпацыр па цёмным гушчары здаецца справай небясьпечнай, аднак у кампаніі прафэсійнага гіда ператвараецца ў чароўнае падарожжа. Усе экскурсіі «Туру для соваў», распрацаванага на тэрыторыі Бярэзінскага запаведніку, пачынаюцца пазьней за звыклы час — акурат пасьля вячэры. Праграма прадугледжвае шпацыр па цёмным лесе пад вухканьне савы з аповедам пра начных лясных жыхароў, перакус на сьвежым паветры на маляўнічым ускрайку запаведнага балота і начную экскурсію да вальераў ь дзікімі зьвярамі.

7. Балотаступам у ледавіковы пэрыяд

Верхавое балота Ельня на Віцебшчыне налічвае дзевяць тысяч гадоў. Помнік ледавіковага пэрыяду, яно носіць статус найбуйнейшага верхавога балота ў Беларусі і аднаго з найвялікшых у Эўропе. Яно распасьціраецца на 200 тысяч квадратных кілямэтраў, а з большасьці тутэйшых азёраў, якіх тут за сотню, можна піць ваду. Ельню неафіцыйна называюць «птушыным домам», дзе можна ўбачыць звыш дзевяноста відаў птушак. Менавіта тут увосень робяць месячны прыпынак жураўлі, што ляцяць на зімоўку ў Паўночную Афрыку. Ельня, нягледзячы на ўзрост, прыгожая, здольная зламаць самыя змрочныя балотныя стэрэатыпы. Больш за тое, балота найбольш сярод іншых падрыхтавана да прыёму турыстаў. Некалькі гадоў таму на паўтара кілямэтры ўглыб Ельні быў збудаваны драўляны насьціл, які сканчаецца каля чыстага возера, дзе ахвочыя могуць выкупацца. І адкрылі экалягічную сьцежку «Азяраўкі», аздобленую інфармацыйнымі стэндамі і агляднымі пляцоўкамі. У Ельню едуць, каб уразіцца жоўта-чырвона-карычневымі адценьнямі імховага дывана, бэзавага верасу, а на ім россыпам сініх, чырвоных і аранжавых чарніц, журавінаў, брусьніц, марошкі і буякоў. Яшчэ больш уражаньняў можна атрымаць, калі прайсьці па нетрывалым насьціле ў балотаступах — спэцыяльных прыстасаваньнях, хадзіць у якіх варта дробнымі крокамі, каб лепей трымаць раўнавагу.

svaboda.org