Наша Ніва сабрала самыя папулярныя петыцыі, якія беларусы падпісвалі апошнім часам на пляцоўках Change.org, Petitions.by і Zvarot.by. Наколькі яны спрацавалі і дапамаглі змяніць рэчаіснасць? 

Не пачынаць вытворчасць каўбасы і тушонкі з баброў

Фота: change.org

Падпісалі: 130 тысяч чалавек.

Вынік: няма.

Вызваліць расіянку Марыю Рымар, якой пагражаў тэрмін за няўдалы жарт у мінскім аэрапорце пра траціл у торбе

Фота: change.org

Падпісалі: больш за 107 тысяч чалавек.

Вынік: Адбыўся суд, які прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу на тысячу даляраў, пасля чаго жанчыну адпусцілі дадому. Муж Марыі лічыць, што, калі б не было рэзанансу тэмы, Марыю пакаралі б больш жорстка.

Адмяніць дзеянне дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства»

Фота Сяргея Гудзіліна

Віталь Юрчанка з Гомеля выставіў такое патрабаванне амаль адразу ж пасля ўступлення дэкрэта ў сілу. Уласна, хто гэтага толькі ўжо не патрабаваў.

Падпісалі: 60 тысяч чалавек з невялікім. Яшчэ амаль што 30 тысяч беларусаў выказалі электронную салідарнасць пад петыцыяй з аналагічнай тэмай на сайце Zvarot.by.

Вынік: няма.

Беларуская мова — таксама дзяржаўная. Інфармацыя пра тавары і паслугі павінна быць на абодвух мовах

Тысячы чалавек просяць, каб ўлада замацавала абавязковасць выкарыстання і рускай, і беларускай моваў на этыкетках.

Падпісалі: 4423 чалавек.

Вынік: Палата прадстаўнікоў будзе прымаць рашэнне ў красавіку.

Уключыць бел-чырвона-белы сцяг у спіс гістарычных каштоўнасцяў

Фота Сяргея Гудзіліна

Падпісалі: 2299 чалавек.

Вынік: намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Яцко палічыў, што для ўключэння сцяга ў спіс гістарычных каштоўнасцяў недастаткова наяўных аргументаў, дакументаў і навуковых даследаванняў.

Захаваць у адзінай агульнарэспубліканскай сістэме разлікаў магчымасць падачы дадзеных з выкарыстаннем інтэрнэту, як гэта было ў komplat.by

Фота: vestka.by

Падпісалі: 2273 чалавек.

Вынік: Цяпер жыхары Мінска могуць падаваць паказанні лічыльнікаў вады праз АРІП.

Адмяніць падатак на «балванкі»

Фота: petitions.by

Падпісалі: 1281 чалавек.

Вынік: Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях РБ вырашыў, што дадзеная прапанова заслугоўвае дэталёвага разгляду і будзе ўключана ў праект зменаў у Закон аб аўтарскім праве.

Перадаць разборкі з шумнымі суседзямі ад супрацоўнікаў ЖЭС міліцыі

Фота: minsknews.by

Ліст у Палату прадстаўнікоў ужо накіравалі 620 чалавек. Усім ім не падабаецца, што ў Беларусі няма адпрацаванай схемы пакарання суседзяў-меламанаў і дэбашыраў: у працоўны час гэтым займаецца ЖЭС. Познім вечарам і ноччу сігналы пра шум прымае міліцыя, прыбывае па выкліку, аднак потым усё роўна перадае справы ў ЖЭС. Працэс зацягваецца.

Падпісалі: 620 чалавек.

Вынік: няма.

Захаваць Веткаўскі музей у Гомельскім парку

Фота: gomelstreet.info

Прадстаўнікі беларускай грамадскасці пратэстуюць супраць пераносу філіяла Веткаўскага музея з Гомельскага парку за 25 кіламетраў ад Гомеля ў горад Ветку: гэта, хутчэй за ўсё, яго знішчыць.

Падпісалі: 1147 чалавек (як адзначыў юрыст рэсурсу Zvarot.by Уладзімір Махнач, для рэгіянальнай кампаніі гэта вельмі добрыя лічбы).

Вынік: няма.

Спыніць парушэнне законнасці ў нашай краіне

Фота Сяргея Гудзіліна

Звароты з патрабаваннем правядзення праверкі дзеянняў дзяржаўных органаў падчас правядзення мірнага сходу, прысвечанага святкаванню Дня Волі 25 сакавіка 2017 г., аўтаматычна накіроўваюцца ў Генеральную пракуратуру.

Падпісалі: за некалькі дзён кампанію падтрымалі 876 чалавек.

Вынік: пакуль няма.

* * *

Удакладнім, што звароты праз Change.org не маюць ніякай юрыдычнай сілы. Іх можа падпісваць любы інтэрнэт-карыстальнік (не толькі з Беларусі), ды яшчэ і не ўказваць сваё імя.

А вось звароты праз Petitions.by і Zvarot.by цалкам адпавядаюць беларускаму заканадаўству. На іх дзяржава мусіць даваць афіцыйны адказ.


nn.by