Дазвольце крыху сухой статыстыкі вам у стужку, і некалькі маіх высноў з апошніх падзей. 

u62EsrGx35c[1]
Калі мы планавалі Дзень Волі ў Берасці, мы не надрукавалі ніводнай улёткі. Запрашалі ўдзельнікаў праз інтэрнэт. У фэйсбуку — усе разам, праз адмысловы івэнт і розныя суполкі. Укантакце — запрашаў БНФ. У «аднакласніках» — БСДП.Укантакце мы стварылі сустрэчу, і запрашалі туды падпісчыкаў розных берасцейскіх груп, да якіх мелі адміністратарскі доступ.

UuXcjUt5nwo[1]

Усяго мы запрасілі ў сустрэчу 6950 чалавек.З іх адзначылася «Дакладна пайду»: 254, «Магчыма пайду»: 283. Адхілілі наша запрашэнне — 3987 чалавекі. Не прынялі на момант пачатку акцыі — 2426 юзэра.
Тэзісы:
1. У масавых, нават легальных акцыях у Берасці згодны ўдзельнічаць усяго 3,6% жыхароў, «магчыма будуць» — 4,1%. Гэтыя лічбы пацвярджаюць апытанні незалежных сацыёлагаў. Думаю, з невялікай разбежкай гэтыя лічбы можна экстрапаліраваць на ўсю краіну.
2. Перадрэвалюцыйная сітуацыя, па канонах палітычных навук, складаецца тады, калі на акцыі пратэсту згодны выходзіць больш за 15% грамадзян. Тыя палітыкі, што заклікалі «25-га — Менск, 26-га — уся краіна» — палітычныя ідэалісты, якія пераацанілі ўзровень сацыяльных пратэстаў у краіне. У лютым за кошт «недармаедаў» ён быў вышэй. Пасля замарозкі дэкрэта №3 — знізіўся амаль да звычайных паказчыкаў. І калі я кажу «ідэалісты» — вы разумееце, што я, як палітык, не магу дазволіць сабе больш рэзкія эпітэты.

IMG_55842.1. Няма ў нашага грамадства элементарнай палітычнай пісьменнасці. Кожны, хто выйдзе на акцыю пратэсту з мегафонам (ці барабанам), можа павесці за сабой людзей на любую авантуру. Можа трэба курсы паліталогіі адчыняць паралельна з курсамі «Мова нанова»? Ідэя для грамадскіх арганізацый, як адрэагаваць на гэтыя падзеі.
2.2. Тыя ж самыя «ідэалісты», не маючы за спіной істотнай сацыяльнай падтрымкі, павялі людзей да Дому ўраду ў 2010-м годзе. Папулісты? Правакатары? Не, такіх словаў мы не выкарыстоўваем. Ахвяры злачыннага рэжыму, гэта да.
3. Тыя актывісты ў Берасці і ў іншых гарадах, што заклікалі ехаць у Менск на Дзень Волі, паверылі «ідэалістам», што сапраўды «26-га ўся краіна». Хаця ніякіх перадумоў для гэтага не было. Гапонаўшчына? Магчыма. Ці свядомая тактыка — адлавіць і перапісаць дадзеныя ўсіх, хто супраць улады. Пасля адпусціць, але паставіць на кантроль.
3.1. Заклікаць ехаць у Менск актывістаў з другіх гарадоў — спрэчная тактыка. Я заўсёды (з 2001-га года) адстойваў думку, што кожны павінен дзейнічаць лакальна. Калі менскія палітыкі не ў стане мабілізаваць 2.000.000 менчукоў — 20 актывістаў з Берасця наўрад ці ім дапамогуць.

 

IMG_5527

4. Нават улада, як мне падаецца, пераацаніла ўзровень сацыяльнага пратэсу ў грамадстве. Хто баіцца, таму ўваччу дваіцца. Таму, як мне падаецца, і задаволіла нашу досыць смелую заяўку на мітынг на пл. Свабоды. Другую заяўку (ад Руху «За свабоду»), на пл. Леніна, відаць, не прапусціла б, а нашу палічыла кампраміснай і задаволіла. Абы ў Менск не паехалі 🙂
4.1. Акцыя, безумоўна, удалася. Смела, адкрыта, людзі выйшлі не проста для таго, каб прайсціся, нарэшце, з бел-чырвона-белым сцягам па цэнтры горада, але і для таго, каб выказаць сваё стаўленне да важных праблем. А яшчэ — паказаць уладам, што нас шмат. І мы не баімся. І выйшла сапраўды шмат. Для Берасця. Нягледзячы на ўсе запалохванні, працоўны дзень і падзел на канструктыўных (у ДК) і гарлапанаў (гэта мы).
4.2. У дадзеных умовах, як я лічу, мы скарысталі сітуацыю максімальна эфектыўна, і, арганізавалі для берасцейцаў свята. Тыя, хто хацеў паехаць на акцыю ў Менск, паехалі. Мы праводзілі мерапрыемства для тых, хто і так бы застаўся ў Берасці. Цікава, што тыя, хто больш за ўсіх крычаў, што мы здраднікі, і трэба было ўсім ехаць у Менск — прыйшлі на Дзень Волі ў Берасці. Чаму ў Менск не паехалі?
5. Грамадства за апошнія больш-менш спакойныя гады падзабыла, што такое аўтарытарная ўлада, і на што яна здольная, калі адчувае, ці думае, што адчувае, пагрозу свайму існаванню. Ну, вось зараз нагадалі нам, каб не расслабляліся. Як прэвентыўна затрымліваюць арганізатараў, здымаюць з цягнікоў актывістаў, ствараюць фэйкавыя інфармацыйныя нагоды (пра пацукоў у каналізацыі ці кактэйлі Молатава ў багажніку), б’юць нагамі і дубінкамі, ламаюць лёсы.

1xgJMaF3s_s[1]
6. Выходзіць на мірныя пратэсты — трэба. Удзельнічаць у правакацыях, штурмах ды сілавым супрацьстаянні — гэта, прабачце, на аматара і па жаданні.
7. Маючы пад бокам драпежную імперскую дзяржаву, якая толькі чакае моманту, каб скарыстацца слабасцю суседзяў, я катэгарычна супраць паўтарэння кіеўскага сцэнара ў Менску. Асабліва ўлічваючы тое, што, працягваючы аналогію з Украінай, свайго Львова ў нас няма, а Крым — амаль ўся краіна. Грамадзянскае супрацьстаянне аслабляе краіну і дае нагоду ўмяшацца ў яе ўнутраныя справы пад выглядам «захавання канстытуцыйнага ладу». Для мяне, ужо прабачце, каштоўнасці незалежнасці і суверэнітэту Беларусі з’яўляюцца базавымі. А дэмакратыя рана ці позна пабудуецца, была б тая краіна, дзе будаваць. Асабіста мне больш сімпатычна тактыка польскай Салідарнасці, якая праз мірны супраціў і забастоўкі прывяла да Круглага стала і перадачы ўлады ад камуністаў дэмакратам. Праблема ў тым, што забастоўку арганізаваць значна складаней, чым скрэатывіць лозунг «Баста».

IMG_5544

Высновы:

1. Вучыце паліталогію. Навучыцеся разбірацца ў розных палітычных плынях. Паспрабуйце выбраць найбольш сімпатычную вам палітычную сілу. Нянавісць да сённяшняй улады не павінна быць адзіным вашым матыватарам. Вамі павінна рухаць выразнае бачанне таго, што трэба зрабіць, каб стала лепш. Гэта навучыць вас думаць не на адзін крок наперад (завалім Луку), а крыху далей (што мы хочам змяніць).
2. Не паддавайцеся на правакацыі. Не ідзіце за тымі, у каго мегафон мацнейшы, ці прамова больш эмацыйная, хто абяцае лёгкія ды хуткія вынікі (не гербалайф). Не верце палітычным ідэалістам (папулістам). У лепшым выпадку — яны памыляюцца ў сваіх ацэнках (напрыклад, ацэньваючы ступень сацыяльнага пратэсту ў грамадстве) і вы проста атрымаеце дубінкай па галаве і 15 сутак. У горшым — вашымі рукамі будзе справакавана грамадзянскае супрацьстаянне, і на аднаўленне канстытуцыйнай законнасці да нас запросяць рускія танкі. Тады, сябры, Лукашэнка застанецца ў вашай памяці мілым няшкай.
3. Выходзьце на мірныя акцыі пратэсту разам з тымі, чые палітычныя погляды вы падзяляеце. Яшчэ раз — палітычныя погляды — гэта не нянавісць да рэжыму. Палітычныя погляды — гэта выразнае бачанне таго, якой, на ваш погляд, павінна быць Беларусь праз пэўны час.
4. Не падабаюцца сённяшнія лідэры — станавіцеся імі самі. Альбо ў рамках тых структур палітычных партый, якія існуюць сёння, альбо — і гэта нават лепш — стварайце нешта сваё, новае.
5. Арыенцірам у нашай працы павінна быць лічба 15%. А лепей яшчэ больш. Калі такая колькасць людзей будзе згодна ўдзельнічаць у масавых акцыях — гэта наш час. Акцыі пратэсту, грамадзянскага непадпарадкавання, забастоўкі — і ўлады самі зразумеюць, што трэба дамаўляцца. Заўсёды падмацоўвайце сваё інтуітыўнае прадчуванне «вялікага шухера» сацыялогіяй.
6. Самае важнае! Праяўляйце салідарнасць. З тымі хто выходзіць на пратэсты, хто атрымаў «штрафы» і «суткі». Перадачамі, грашыма, пісьмовымі зваротамі ў міліцыю, ды хаця б рэпостамі ў сацсетках і словамі падтрымкі. Салідарнасць — адна з найбольш эфектыўных зброяў у нашым небагатым арсенале.

Дзмітрый Шыманскі

[supsystic-social-sharing id="1"]